Для педагогаў і разам з педагогамі

- 11:11Актуально, Апошнія запісы

Круглы стол “Настаўніцкая газета”: гісторыя і стратэгія развіцця”, прысвечаны 70-годдзю з дня выхаду першага нумара, сабраў сяброў, журналістаў і прыхільнікаў выдання. Каб успомніць гісторыю і пагутарыць пра сённяшнюю “Настаўніцкую”, 22 студзеня ў канферэнц-зале сталічнага атэля “Renaissance” сабраліся людзі, якія з намі шмат гадоў. У рабоце круглага стала прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.

Першым шаноўным госцем нашага форуму стала дачка першага галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Аляксея Сцяпанавіча Крушынскага, першы намеснік дырэктара Рэспубліканскай рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” (15 гадоў галоўны рэдактар газеты “Культура” і 8 гадоў дырэктар РВУ “Культура і мастацтва”), лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, выдатнік друку Беларусі, аўтар і ўкладальнік шматлікіх кніг па мастацтве Людміла Аляксееўна КРУШЫНСКАЯ.
— Для мяне “Настаўніцкая газета” — гэта сям’я, традыцыі, якія зарадзіліся ў год Вялікай Перамогі. Мой бацька прайшоў усю вайну. Ён быў начальнікам разведкі, начальнікам штаба брыгады Заслонава. З 1943 года стаў галоўным рэдактарам падпольнага “Віцебскага рабочага”. А ў 1945 годзе яго запрасілі ў “Настаўніцкую газету”. Ён быў прызначаны галоўным рэдактарам, але стаў і яе стваральнікам. Бацька меў узнагароды: ордэны Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступені, ордэн Чырвонай Зоркі. Пасля быў ордэн і за работу ў “Настаўніцкай газеце”.“Настаўніцкая газета” стала паўнавартасным членам нашай сям’і. Яна была з бацькам з моманту яе ўтварэння і да апошняга дня яго жыцця. Канечне, 1945 год быў вельмі цяжкім. Гэта быў час разрухі і аднаўлення. Жылі бацькі ў чырвоным кутку школы за Домам прафсаюзаў. Памятаю, што “Настаўніцкая газета” размяшчалася ў першым крыле будынка сённяшняй сталічнай гімназіі № 23.
Мяне ж лёс па жыцці вядзе поруч з гэтай газетай. А ў апошнія гады мы працуем у адным будынку, і ў мяне не было ні дня, калі б я не праходзіла праз другі паверх, дзе размяшчаецца рэдакцыя выдання, з адчуваннем роднасці і еднасці з “Настаўніцкай газетай”.
Прэзідэнт сказаў, што “Настаўніцкая газета” захоўвае і шануе традыцыі. Гэта самае галоўнае. Я жадаю, каб фундамент гэтых традыцый працягваў расці , — сказала Людміла Аляксееўна.
Аляксей Сцяпанавіч Крушынскі запусціў надзейны механізм пад назвай “Настаўніцкая газета”, які нязменна працуе вось ужо 70 гадоў. Гэты чалавек надаў значнасць выданню асветнікаў Беларусі, зрабіў яго запатрабаваным і актуальным. Аляксей Сцяпанавіч быў чалавекам адукаваным, з высокай унутранай культурай, ён увесь час імкнуўся да самаразвіцця і ўдасканалення. І лёс яго зводзіў з вялікімі людзьмі, якія зрабілі гонар нашай краіне. Аляксей Сцяпанавіч сустракаўся з Якубам Коласам, быў сябрам Нестара Сакалоўскага, які напісаў дзяржаўны гімн. Сябраваў з паэтам Анатолем Астрэйкам.
“Настаўніцкая газета” сёння — гэта вялікая сям’я. У 2010 годзе, як заўважыў наш галоўны рэдактар, мы прыраслі і сталі холдынгам. Да нас далучыліся старэйшы навукова-педагагічны часопіс “Народная асвета” і газета для падлеткаў “Переходный возраст”. Пра творчае ўзаемадзеянне гаварыла галоўны рэдактар “Народнай асветы” Ала Васільеўна МАСЛАВА.
— Газета працуе дзеля развіцця калегіяльнага мыслення. І мы, будучы членамі вялікай сям’і, таксама рушым гэтым шляхам. Галоўная гістарычная місія — гэта не проста ўтылітарная інфармацыйна-метадычная, а перш за ўсё аб’яднальная, калі, напрыклад, газета яднае настаўніка з міністрам, робіць іх удзельнікамі агульнай справы.
Калі гаварыць пра нашы ўнутрыпрафесійныя стасункі, то, апроч эканамічна-гаспадарчай часткі, нас аб’ядноўваюць шматлікія адзіныя педагагічныя, метадычныя праекты, дзейнасць якіх накіравана на фарміраванне новага сучаснага педагагічнага мыслення. У выніку ўзаемаўплыў і ўзаемадапаўненне адыгрываюць вялікае значэнне і для часопіса, і для газеты, — адзначыла Ала Васільеўна.

Дарагія сябры!

Ад імя дэпутатаў — членаў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы і ад сябе асабіста сардэчна віншую калектыў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” з юбілеем — 70-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара.
За семдзесят гадоў свайго існавання газета прайшла разам са сваімі чытачамі складаны, але пачэсны шлях. Выданне адыгрывае важную ролю ў станаўленні і развіцці беларускай адукацыі, з’яўляецца крыніцай карыснай інфармацыі і добрым дарадцам для педагогаў па пытаннях адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Газета напоўнена неацэнным вопытам таленавітых і творчых людзей, педагогаў, імкнецца прадставіць усё каштоўнае з практыкі работы ўстаноў адукацыі, усебакова асвятліць усё новае і эфектыўнае, што ствараецца педагагічнай навукай і практыкай.
Газета пастаянна развіваецца, у ёй з’яўляюцца новыя рубрыкі, якія адлюстроўваюць новыя рэаліі сучаснага адукацыйнага працэсу.
І ў гэтым несумненная заслуга рэдакцыйнага калектыву “Настаўніцкай газеты”, які адрозніваецца высокім прафесіяналізмам і вялікім творчым патэнцыялам.
У гэты святочны дзень выказваю калектыву рэдакцыі глыбокае і шчырае пачуццё падзякі за вашу плённую стваральную працу, накіраваную на развіццё і ўдасканаленне адукацыі ў Беларусі. Упэўнены, што і ў будучыні вы не толькі захаваеце, але і прымножыце слаўныя традыцыі.
Ад усёй душы жадаю “Настаўніцкай газеце” доўгіх гадоў плённага жыцця, жывой цікавасці сярод педагогаў, актуальнасці, новых ідэй і значных праектаў, росквіту, а яе аўтарскаму калектыву — поспехаў ва ўсіх пачынаннях, невычэрпных творчых сіл, натхнення і энтузіязму.

З павагай,
Старшыня Пастаяннай камісіі
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
па адукацыі, культуры і навуцы

А.І.СЯГОДНІК.

Трэба адзначыць, што часопіс “Народная асвета” нядаўна адсвяткаваў сваё 90-годдзе. Гэта сапраўды старэйшае педагагічнае выданне са сваімі традыцыямі. Разам з тым у калектыве часопіса працуюць метадысты-наватары, якія дбайна клапоцяцца пра ўсе педагагічныя знаходкі сваіх чытачоў і прыхільнікаў.
Усе гады існавання разам з намі і навукова-метадычныя ўстановы краіны, нашы памочнікі і дарадцы. Прынамсі, супрацоўніцтву “Настаўніцкай газеты” і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі шмат гадоў. І ўвесь гэты час яно з’яўляецца змястоўным і ўзаемаабагачальным.
— Акадэмія, займаючыся прафесійным развіццём педагогаў, бачыць і знаходзіць у калектыве “Настаўніцкай газеты” надзейных партнёраў і калег, з якімі заўсёды прыемна працаваць. Мы часта сустракаемся, і я ўвесь час звяртаюся да старонак газеты. Сёння вельмі многа крыніц інфармацыі, спосабаў яе данясення. Мне імпануе, што “Настаўніцкая газета” стараецца ісці ў нагу з часам і таксама шукае новыя шляхі для свайго развіцця, рэалізоўваючы вялікую колькасць разнастайных ініцыятыў.
Нядаўна на праекце па Песталоцы ў акадэміі быў кіраўнік праграмы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў у Савеце Еўропы Джозэф Купер. І мы яму прапанавалі даць інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце”. Ён быў вельмі здзіўлены наяўнасці ў нашай краіне перыядычнага выдання для настаўнікаў. А вы ёсць і ўжо 70 гадоў плённа працуеце на ніве педагагічнай адукацыі, — звярнуўся рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Пятровіч МАНАСТЫРНЫ.
Такім жа змястоўным і інфармацыйным ужо шмат гадоў з’яўляецца наша ўзаемадзеянне з Нацыянальным інстытутам адукацыі, які даўно стаў партнёрам газеты, пастаўшчыком інфармацыі, бо менавіта ў НІА фарміруецца будучая палітыка ў сферы адукацыі. Начальнік навукова-даследчага цэнтра НІА, доктар педагагічных навук, дацэнт Васіль Фёдаравіч РУСЕЦКІ заўважыў, што мы насамрэч калегі, бо займаемся адной справай — адукацыяй.
— Здавалася б, што ў сучасным свеце пры такіх патоках інфармацыі, новых яе сродках і спосабах перадачы роля газеты адыходзіць на другі план. Гэта тычыцца тых выданняў, якія не знайшлі сваю нішу. Калі мы гаворым пра “Настаўніцкую газету”, то трэба адзначыць, што гэта газета прафесіяналаў для прафесіяналаў. Для нас, у Нацыянальным інстытуце адукацыі, вельмі важна, што размову з нашай асноўнай аўдыторыяй, настаўнікамі, “Настаўніцкая” вядзе вельмі прафесійна, з вялікім адчуваннем адказнасці за тое слова, якое мы агучваем.
Вельмі важна, што ў нашай краіне існуе такое выданне, бо, мне здаецца, яно выконвае яшчэ адну важную місію ў грамадстве — стварэнне станоўчага іміджу нашай адукацыі, якога сёння не хапае, — заўважыў Васіль Фёдаравіч.
Мы працуем для педагога і разам з педагогам. На старонках газеты суседнічаюць матэрыялы журналістаў і нашых паважаных настаўнікаў-аўтараў, без якіх газета асветнікаў існаваць проста не можа. Наша сумесная праца ажыццяўляецца дзеля і на карысць усёй сістэмы адукацыі. Даўняй і прыкметнай стала старонка “Крыштальны журавель”, дзе настаўнікі-метадысты, члены клуба “Крыштальны журавель” з ахвотай дзеляцца сваімі метадычнымі знаходкамі. Папулярным і дыскусійным стаў дадатак “Форум”. І ўсё дзякуючы нашым неабыякавым аўтарам, вельмі многія з якіх сталі пастаяннымі.

Шаноўныя калегі!

Ад імя Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі віншую калектыў “Настаўніцкай газеты” з 70-гадовым юбілеем выдання і шчыра дзякую “Настаўніцкай газеце”, яе супрацоўнікам, кіраўніцтву за інфармацыйную падтрымку, якую прафсаюз адчуваў усе гэтыя гады. Мы давяраем вашай газеце, з задавальненнем адгукаемся на запрашэнні аб супрацоўніцтве. Ведаем, што будуць актуальныя, цікавыя, вострыя пытанні, а потым — граматная, дакладная публікацыя.
Журналісты “Настаўніцкай газеты” — пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў галіновага прафсаюза, таму заўсёды цікава ўбачыць, якую карціну намалявалі карэспандэнты аб нашай рабоце. Мы цэнім прафесіяналізм падачы матэрыялаў і глыбокі аналіз існуючых праблем.
Разам з публікацыямі важных афіцыйных матэрыялаў вы выступаеце арганізатарамі і ўдзельнікамі грамадскіх дыскусій па актуальных пытаннях развіцця адукацыі, аказваеце дзейсную падтрымку педагагічнай грамадскасці краіны. Перакананы, што “Настаўніцкая газета” заўсёды будзе кіравацца прынцыпам: быць шчырай са сваімі чытачамі, пераконваць іх рэальнымі фактамі і надалей адпавядаць патрабавальным запытам чытацкай аўдыторыі.
Жадаю вам, дарагія сябры, натхняльнай творчасці, далейшых поспехаў у працы, новых цікавых публікацый і вялікіх тыражоў, моцнага здароўя і шчасця!

Аляксандр БОЙКА,
старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Не памылюся, калі скажу, што матэрыялы члена клуба “Крыштальны журавель”, настаўніка-метадыста, настаўніцы біялогіі і хіміі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна Алены Яўгенаўны ГАРБАР заўсёды чаканыя. Яна ўдумлівы чытач і аўтар шматлікіх артыкулаў нашай газеты.
— Я звычайны сельскі настаўнікі і, прызнацца, вельмі абрадавалася магчымасці стаць удзельнікам такога форуму, бо не заўсёды звычайнаму педагогу выпадае сказаць тое, што ён адчувае і думае пра сваіх сяброў. На працягу пяці гадоў з’яўляюся членам клуба “Крыштальны журавель”, і супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай” адказнае і трапяткое адначасова.
Мы, будучы настаўнікамі, пішам штодзень: на дошцы, у планах-канспектах, у дзённіках, але так, як журналісты, не ўмеем. Але і вы не ведаеце працы педагога, таму наша ўзаемадзеянне ўзбагачае нас. Пасля публікацыі прыемна пачуць водгукі сваіх калег, якія не проста прачыталі твой артыкул, а селі і напісалі свой. Прыемна адчуваць, што журналісты “Настаўніцкай” разумеюць і паважаюць працу настаўніка, заўважаюць яго знаходкі. Каштоўнасць газеты ў тым, пра што яна гаворыць. У прыватнасці, будучы кіраўніком “Школы маладых настаўнікаў”, вельмі часта звяртаю ўвагу сваіх пачынаючых калег на матэрыялы “Настаўніцкай”.
Я прыехала з Расіі і пэўны час параўновала “Настаўніцкую” з “Учительской”. Спачатку мне здавалася, што яна пра настаўніка, а цяпер, атрымліваючы кожны свежы нумар, я бачу, што яна — для настаўніка, прычым любой установы адукацыі. Цяпер у нас ёсць “Форум”, дзе мы можам абмяркоўваць набалелае, дзяліцца радасцямі і чарговымі педагагічнымі знаходкамі. Гэта так важна для нас! Вялікі дзякуй Святлане Кірсанавай за падтрымку і натхненне. А газеце як настаўнік хацела б паставіць 10, — адзначыла Алена Яўгенаўна.
Нашым даўнім чытачом, актыўным аўтарам і вялікім сябрам з’яўляецца дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Сцяпанавіч ФЯСЬКОЎ.
— Я вельмі перажываю за газету, асабліва калі яе крытыкуюць незаслужана. Вітаю за цікавыя і злабадзённыя журналісцкія матэрыялы і актуальныя праекты. Напрыклад, газетныя старонкі “Адукацыйнай прасторы” сталі не проста запатрабаванымі сярод чытачоў. Яны паказваюць градус развіцця і вектары руху сістэмы адукацыі ў рэгіёнах.
Асобна хочацца сказаць пра тое, што “Настаўніцкая” не апускаецца да скажэння фактаў, не робіць паспешлівых і недарэчных вывадаў і кожную навіну падае з веданнем справы. Вельмі добра, што вы захавалі свой фармат і даяце магчымасць выказацца настаўнікам і экспертам у адукацыі.
Мне заўсёды прыемна працаваць з журналістамі “Настаўніцкай”, вельмі ўважлівымі да кожнага слова і думкі, і я ўдзячны за такое ўзаемаўзбагачэнне, — адзначыў Мікалай Сцяпанавіч.
Як адзначыла начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандра Валянцінаўна ПАЗНЯК, кожнае мерапрыемства ў педуніверсітэце пачынаецца з пытання рэктара “А “Настаўніцкую” паклікалі?” Аляксандр Іванавіч Жук таксама наш даўні сябар і ўважлівы чытач, за што мы яму, безумоўна, вельмі ўдзячныя.
— Мы заўсёды рады супрацоўніцтву з нашай галоўнай галіновай газетай. І калі гаварыць пра ролю нашага выдання ў педагагічнай адукацыі, то яна больш чым галоўная. З аднаго боку, вы кожны нумар пішаце для нас падручнік, бо нашы студэнты сёння арыентаваны на практыку, і тая інфармацыя, якая друкуецца ў газеце, запатрабавана выкладчыкамі і студэнтамі.
А з другога боку, сёння вельмі важна зацікавіць педагогікай найбольш адукаванага маладога чалавека. На старонках газеты вельмі шмат увагі ўдзяляецца агітацыі ісці ў педагогіку, стварэнню станоўчага іміджу педагагічнай прафесіі. Усё гэта садзейнічае прытоку добрых маладых людзей у наш універсітэт. І мы вельмі ўдзячны калектыву газеты за забеспячэнне праўдзівага друкаванага слова, — звярнулася да прысутных Аляксандра Валянцінаўна.
Партнёрскія і зноў-такі ўзаемаўзбагачальныя прафесійныя адносіны ў нас склаліся з Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Зубраня”. Яго дырэктар Надзея Генадзьеўна АНУФРЫЕВА з’яўляецца сузаснавальнікам праекта “Настаўніцкай газеты” па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца”.
— Калі мы гаворым пра “Настаўніцкую газету”, то ключавымі словамі для нас з’яўляюцца “чытачы”, бо мы чытачы вашай газеты, “аўтары”, бо выступаем на старонках газеты са сваімі напрацоўкамі, “навігатар”, бо мы з вашай дапамогай сочым за развіццём нашай сістэмы адукацыі. Акрамя таго, у назвах нашых змен можна знайсці яркія газетныя загалоўкі.
Канечне, мы пільна сочым за інфармацыяй пра аздараўленне, за тым, што пішаце пра лета. Мы партнёры ў працэсе правядзення праекта “Звонкая раніца”. Праект выкананы вельмі прафесійна, рэалізуецца з далучэннем шырокай грамадскасці, у тым ліку прадстаўнікоў культуры і мастацтва. Гэта навучанне дзяцей не толькі песням і танцам, гэта этыка ўзаемаадносін. Вялікая школа духоўнасці.
“Звонкая раніца” — адзін з самых любімых намі праектаў. І вельмі прыемна, што адным з яго ідэйных натхняльнікаў з’яўляецца наш былы важаты, а цяпер намеснік галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў. Мяркую, што праект будзе працягвацца і далей, бо ён запатрабаваны, — адзначыла Надзея Генадзьеўна.
Асаблівымі чытачамі і заўсёды чаканымі аўтарамі з’яўляюцца педагогі з рэгіёнаў. Карэспандэнцкія пункты газеты, якія працуюць на сённяшні дзень у кожнай вобласці, дазволілі нам наладзіць вельмі цеснае і прадукцыйнае супрацоўніцтва. Пра гэта ў сваіх віншавальных адрасах гаварылі рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Уладзіміраўна Сітнікава, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Васільеўна Чоўжык, першы прарэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Станіслаў Рыгоравіч Рачэўскі.
Гэтак жа, як і калегі з Брэста і Мінскай вобласці, з віншавальнымі словамі і падарункамі прыехалі начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Наталля Міхайлаўна Сапрыка, начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Віктаравіч Кунашка, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Станіславаўна Кавалеўская.
Ад імя калектыву “Настаўніцкай газеты” на чале з яе галоўным рэдактарам Вадзімам Аляксандравічам Кнышавым шчыра дзякуем за цёплыя словы і жадаем вам і сабе далейшага плённага супрацоўніцтва.
— Паважаныя калегі, вы — чацвёртая ўлада, — звярнуўся да ўдзельнікаў круглага стала начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч РЫЖКОЎ. — Тая ўлада, якая дае вам магчымасць валодаць розумам і сэрцамі педагогаў, а за імі бацькоў і дзяцей. І гэта ўскладае на вас вялікую адказнасць. Разам з тым, колькі б мы ні гаварылі пра тое, што “Настаўніцкая газета” дасягнула высокага ўзроўню і можа выступаць пляцоўкай для дыскусій, пэўная кансерватыўнасць павінна ў яе заставацца, бо неабдумана выказанае меркаванне можа спараджаць тыя інтэрпрэтацыі, якія выклікаюць пагалоскі ў грамадстве.Старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч МІРОНЧЫК таксама звярнуў увагу на інфармацыйнае ўздзеянне нашай газеты і падзякаваў за магчымасць знаёміцца з лепшым педагагічным вопытам у краіне, сярод якога, канечне, вылучаецца дзейнасць сталічных настаўнікаў.
— Выдатна, што на старонках газеты можна дзяліцца вопытам, даведвацца пра імёны педагогаў-наватараў, знаходзіць матэрыялы мінскіх настаўнікаў. Заўсёды стараюся калі не чытаць, то праглядаць наша педагагічнае выданне. Запэўніваю, што і далейшае ўзаемадзеянне “Настаўніцкай” са сталічнай сістэмай адукацыі будзе цёплым, — адзначыў Міхаіл Уладзіміравіч.
Даўнія сяброўскія сувязі ў нашай газеты і з прафесарам, доктарам філалагічных навук, загадчыкам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ Віктарам Іванавічам ІЎЧАНКАВЫМ, які, акрамя ўсяго, паўплываў на станаўленне не аднаго журналіста “Настаўніцкай”.
— “Настаўніцкая газета” — фенаменальная з’ява для іншаземцаў, а мы ёй ганарымся. А фенаменальнасць газеты ў тым, што, калі сюды прыходзіць настаўнік, ён павінен стаць журналістам. А калі прыходзіць журналіст, ён павінен стаць настаўнікам. У “Настаўніцкай” працуюць выпускнікі журфака, якімі мы ганарымся. Мы з задавальненнем адпраўляем на практыку нашых студэнтаў, бо газета з’яўляецца добрай пляцоўкай для журналісцкага станаўлення і росквіту, — зазначыў Віктар Іванавіч. Напрыканцы работы круглага стала слова ўзяў намеснік міністра адукацыі краіны Віктар Віктаравіч ЯКЖЫК:
— “Настаўніцкая газета” займае цэнтральнае месца ў ідэалагічнай вертыкалі сістэмы адукацыі. Сёння, гаворачы пра холдынг “Настаўніцкая газета” і тыя віды кіраўнічай дзейнасці, якія тут ажыццяўляюцца, мы звяртаем увагу і на фармальныя паказчыкі развіцця газеты. Гэта і падпіска, і развіццё выдання за апошнія гады, у тым ліку і эканамічнае, і пераўтварэнне выдання ў холдынг, і адкрыццё карэспандэнцкіх пунктаў у рэгіёнах. Дарэчы, апошняе ўзялі на ўзбраенне і іншыя галіновыя выданні, але ў авангардзе рух “Настаўніцкай газеты”.
Не менш важным з’яўляецца і зместавае напаўненне газеты, якое сёння з’яўляецца важным для кожнага выдання краіны. Педагогі — галоўныя фігуры ў ідэалагічнай вертыкалі краіны, пра што сведчаць важныя грамадска-палітычныя падзеі. Немалаважна, што педагогі — гэта творчыя людзі. Спалучэнне зместу ідэалогіі адукацыі з творчасцю з’яўляецца залогам поспеху выдання “Настаўніцкай газеты”. Я далучаюся да ўсіх слоў, якія гучалі ў адрас газеты, віншую з юбілеем і жадаю далейшых поспехаў і росквіту.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.