Занясення на рэспубліканскую Дошку гонару ўдастойваюцца лепшыя арганізацыі і рэгіёны краіны, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці. На абноўленай Дошцы гонару з’явілася і назва сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Наш калектыў успрымае гэтую падзею як вельмі ганаровую ўзнагароду за нашу працу. Дарэчы, у 2018 годзе гімназію ўжо прызнавалі лепшай у краіне і яна была прадстаўлена на Дошцы гонару, але як тады, так і зараз мы не плануем спыняцца на дасягнутым, — падкрэсліла дырэктар гімназіі Наталля Бушная.
Кожны раён краіны вылучае лепшую ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі. Гімназія № 1 імя Ф.Скарыны Мінска па ўсіх паказчыках 2023 года стала безумоўным лідарам у Ленінскім раёне сталіцы і нават атрымала своеасаблівы знак якасці па выніках спаборніцтваў сярод мінскіх гімназій.
— Мы ўдзячны адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, камітэту па адукацыі, Мінгарвыканкаму, Міністэрству адукацыі за падтрымку кандыдатуры нашай гімназіі на ўсіх этапах правядзення гэтага конкурсу. Абсалютна ўпэўнена ў тым, што ў сістэме адукацыі нашай краіны ёсць нямала ўстаноў, якія вартыя быць прадстаўленымі на Дошцы гонару, — сказала Наталля Уладзіміраўна.
Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што адукацыя ў Беларусі грунтуецца на навучанні і выхаванні ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы. Адпаведна, выдатныя паказчыкі гімназіі звязаны з дасягненнямі як у вучэбнай, так і ў выхаваўчай рабоце. Навучэнцы гімназіі ў мінулым годзе паказалі высокія вынікі ў інтэлектуальных спаборніцтвах, алімпіядах, конкурсах. 83% выпускнікоў па выніках цэнтралізаванага экзамену атрымалі выдатныя адзнакі.
— Не менш, а магчыма, і больш важным сёння выступае выхаваўчы складнік адукацыі. Мы паставілі задачу далучыць да грамадскай і сацыяльна значнай актыўнасці ўсіх нашых вучняў. Летась творчыя калектывы гімназіі атрымалі шэраг узнагарод на рэспубліканскім узроўні за высокія вынікі ў конкурсах выхаваўчай накіраванасці. Хочацца адзначыць, што гэтыя конкурсы дазволілі аб’яднаць у вялікія творчыя калектывы педагогаў, навучэнцаў і бацькоў. Таксама атрымалі развіццё ў мінулым годзе піянерскі і валанцёрскі рух, дзейнасць БРСМ, — дадала дырэктар установы.
Відавочна, што за кожным дасягненнем вучня стаіць вялізная праца педагога і калектыву ў цэлым. Адукацыйную прастору гімназіі складае высокапрафесійны калектыў. 90% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, ёсць тры настаўнікі-метадысты. Трэба адзначыць, што адным з найважнейшых паказчыкаў для ўдзельнікаў спаборніцтва за права занясення на Дошку гонару з’яўляецца кваліфікацыя педагогаў.
— Задача кіраўніка — не толькі захаваць калектыў, але і матываваць педагогаў на развіццё. Сёння настаўнік стаіць на перадавой выхавання маладога пакалення. Педагог у наш няпросты час — гэта галоўны ідэолаг краіны, пра што не раз гаварыў кіраўнік краіны і што заўсёды падкрэслівае міністр адукацыі. Заўважу, што нашы педагогі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці краіны, жаночая частка калектыву рэалізуе сябе ў праектах Беларускага саюза жанчын. Мы ўдзячны кіраўніцтву дзяржавы за высокую ацэнку педагагічнай працы. У нашай гімназіі працуюць два заслужаныя настаўнікі, тры педагогі маюць дзяржаўныя ўзнагароды, восем настаўнікаў валодаюць знакамі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, дзевяць педагогаў узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і моладзі. Мяркую, што гэтыя паказчыкі таксама адыгралі пэўную ролю ў нашай перамозе, — падзялілася разважаннямі Н.У.Бушная.
Безумоўна, паспяховасць школы залежыць ад таго, наколькі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу падтрымліваюць сваю канкурэнтаздольнасць. Яе найважнейшымі ўмовамі з’яўляюцца ініцыятыўнасць і крэатыўнасць, уменне творча думаць і знаходзіць нестандартныя рашэнні. Усім гэтым валодаюць як педагогі, так і навучэнцы сталічнай гімназіі № 1, таму і спыняцца на дасягнутым ніхто не збіраецца.
— Сёння свет вакол нас дынамічна мяняецца. Мы не можам стаяць на месцы, але і даганяць — не наш дэвіз. Трэба будаваць работу так, каб усе ўдзельнікі адукацыйных зносін — а гэта педагогі, навучэнцы і іх бацькі — не проста адаптаваліся да змяненняў, але і маглі самарэалізавацца з карысцю для сябе, сваёй сям’і і нашай Айчыны, — пераканана Наталля Бушная.
Вольга АНТОНЕНКАВА