Для развіцця адукацыі

- 11:07Адукацыйная прастора

Дэлегацыя кіруючых работнікаў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці на чале з першым намеснікам упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццянай Апраніч наведала Гродзенскую вобласць. У складзе дэлегацыі былі начальнікі, намеснікі начальнікаў раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Першымі гасцей сустракалі ў лідскай сярэдняй школе № 1.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр Кадлубай прадставіў сістэму адукацыі раёна. У прыватнасці, Аляксандр Уладзіміравіч расказаў аб удзеле ў пілотным праекце па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, рабоце з адоранымі навучэнцамі.

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Сяргей Фанасаў падчас экскурсіі па школе, наведвання ўрокаў у розных класах прадставіў вопыт па стварэнні і развіцці інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя як адной з умоў павышэння якасці адукацыі.

Першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская адзначыла, што праграма візіту мінскіх калег была складзена так, каб на прыкладзе асобных навучальных устаноў паказаць некалькі кірункаў дзейнасці — інавацыйныя падыходы да арганізацыі шостага школьнага дня, работу з адоранымі навучэнцамі, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Пабывалі госці і ў сельскай навучальнай установе — Квасоўскай сэрэдняй школе Гродзенскага раёна, дзе азнаёміліся з фарміраваннем адукацыйнага асяроддзя для развіцця асобы ва ўмовах аграгарадка.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Клецкага райвыканкама Анатоль Клімовіч гаворыць, што кожная навучальная ўстанова, дзе яны пабывалі, адрозніваецца сваімі кірункамі дзейнасці. Так, цікава было даведацца пра вопыт арганізацыі пазакласнай работы ў Квасоўскай школе, дзе ўсе дзеці пасля ўрокаў наведваюць спартыўныя секцыі ці гурткі творчага профілю.

Круглы стол “Вопыт Гродзенскай вобласці па арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі” адбыўся ў Гродзенскай гарадской гімназіі. У яго рабоце прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, кіраўнікі гімназій Гродна, настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцаў міжнародных алімпіяд. Ішла размова аб тым, якая ў Гродзенскай вобласці існуе сістэма работы з алімпіяднікамі, як яна складвалася на працягу апошніх гадоў, якая існуе сістэма маральнага і матэрыяльнага заахвочвання настаўнікаў, як адзначаюцца вучні — пераможцы алімпіяд, аб супрацоўніцтве з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам, разам з якім некалькі гадоў назад упраўленне адукацыі стварыла каардынацыйны савет па рабоце з адоранымі навучэнцамі.

— У кожнай вобласці ёсць свае дасягненні і цікавыя напрацоўкі, усюды людзі працуюць плённа, — гаворыць начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. — А адным з галоўных вынікаў такіх візітаў лічу магчымасць кожнаму кіраўніку запазычыць нешта для сябе новае, узяць крупінкі гэтага вопыту і пасеяць іх у сваіх раёнах.

У 38-ю гродзенскую школу госці наведаліся, каб азнаёміцца з вопытам арганізацыі шостага школьнага дня. А паколькі візіт адбываўся менавіта ў суботу, то аб гэтым вопыце можна было не толькі пачуць, але і на свае вочы ўбачыць. На ганку школы гасцей сустрэлі танцамі — тут ішла рэпетыцыя апошняга званка, на спартыўных пляцоўках займаліся дзеці і іх бацькі, бо менавіта сумесную работу з бацькамі лічаць у школе гарантам паспяховай дзейнасці, малодшыя школьнікі займаліся ў LEGO-класе.

Дырэктар сярэдняй школы № 38 Сяргей Кісялёў расказаў гасцям аб своеасаблівай ідэалогіі суботы, якая прадугледжвае і новыя падыходы ў яе арганізацыі — ад школы “Пазнайка” для будучых першакласнікаў і іх бацькоў да заняткаў у дыскусійным клубе, школе для бацькоў “Выхаванне як сумеснае бацькоўства”, дзейнасці прававога клуба для старшакласнікаў, службы медыяцыі. Пабывалі госці ў школьнай бібліятэцы, музеі “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і”, якія сталі цэнтрамі пазакласнай работы з навучэнцамі і іх сем’ямі.

Апошнім пунктам маршруту быў Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі, экскурсію па якім правялі былыя гаспадары Друцкія-Любецкія, у ролі якіх выступілі выхаванцы тэатральнай студыі палаца. Цэнтр знаходзіцца ў адрэстаўрыраваным помніку архітэктуры ХVIII стагоддзя. Тут створаны музей, які адлюстроўвае гісторыю горада.

Потым начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Уладзімір Дубок і дырэктар палаца Ірына Дзегцярова прэзентавалі мадэль дзейнасці ўстановы дадатковай адукацыі ў шосты дзень: інтэрактыўную выставу работ навучэнцаў гурткоў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, работу форум-тэатра, панараму заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах.

— У 2014 годзе мы знаёміліся з вопытам правядзення рамонтных работ гаспадарчым спосабам на аснове грамадзянска-прававых дагавораў, — расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама Алена Клішэвіч. — У гэты раз вельмі цікавым быў вопыт Гродзенскай вобласці па арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі. І вельмі ўразіў Шчучынскі палац творчасці і ўмовы, якія тут створаны для дзяцей. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама Таццяна Кахановіч дадае, што ў яе ад убачанага засталіся самыя пазітыўныя ўражанні. Асабліва парадавала атмасфера дзелавога, добразычлівага і вельмі адкрытага прадстаўлення сваёй работы гродзенскімі калегамі.

Першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяна Апраніч адзначыла, што падчас знаходжання на Гродзеншчыне былі намечаны шляхі ўзаемадзеяння па ўдасканаленні сістэмы адукацыі дзвюх абласцей. Абмеркаваны таксама пытанні атэстацыі навучэнцаў, удзелу калег у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Гродзенскай і Мінскай абласцях. Так, гродзенцы атрымалі запрашэнне прыняць удзел у жнівеньскай нарадзе і педагагічным марафоне настаўнікаў Міншчыны. Гродзенцы запрасілі мінчан на фестываль педагагічных ідэй і ў летні лагер маладых настаўнікаў.

— Сумеснае абмеркаванне з’яўляецца вельмі важным для вызначэння шляхоў развіцця сістэмы адукацыі краіны. На прыкладзе асобных устаноў адукацыі мы ўбачылі сістэму работы Гродзенскай вобласці, яе дасягненні, а восенню гэтага года плануецца візіт кіраўнікоў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гродзенскага рэгіёна на Міншчыну, — адзначыла Таццяна Валянцінаўна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.