Сёння пачынаецца ўступная кампанія ў ліцэі. Чаму школьнікі выбіраюць менавіта гэтую траекторыю далейшага навучання, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведаўся ў Ліцэі Івацэвіцкага раёна, які на працягу 25 гадоў прымае ў свае рады самых матываваных і адораных вучняў са свайго і найбліжэйшых раёнаў.

Канкурэнтная барацьба
Сёлета ў 10-я класы ліцэя паступіць 80 навучэнцаў. У мінулым навучальным годзе тут вучылася 160 дзяцей, з іх 80 сталі выпускнікамі. Каля паловы ліцэістаў — жыхары Івацэвіч, астатнія прыехалі з сельскай мясцовасці. Ёсць сярод іх жыхары Бярозаўскага, Камянецкага, Пружанскага раёнаў і Турава.
Доўгія гады ўстанова адукацыі захоўвае традыцыйныя напрамкі: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, эканамічны, правазнаўчы і філалагічны. Самы вялікі конкурс (2 чалавекі на месца) на правазнаўчым профілі, дзе набіраюць звычайна 10 чалавек (прахадны бал складае 8,9). Столькі ж вучняў прыходзіць на хіміка-біялагічны профіль, на астатнія напрамкі — па 20 чалавек. Уступныя іспыты праходзяць у пісьмовай форме, завершацца яны 2 ліпеня.

— Кожная ўстанова адукацыі імкнецца атрымаць лепшых вучняў. Гэтая канкурэнтная барацьба даецца няпроста ў сучасных умовах, калі ў школах развіваецца профільная адукацыя, адкрываюцца класы прафесійнай накіраванасці, калі расце папулярнасць каледжаў, — адзначае дырэктар ліцэя Галіна Стаскевіч. — Пасля 9-га класа вучні маюць магчымасць выбраць лепшы для сябе варыянт. Адзін са шляхоў — атрыманне ліцэйскай адукацыі. Не ўсе бацькі гатовы адпусціць сваё дзіця ў 15 гадоў на навучанне далёка ад дома. Але многія прымаюць такое рашэнне, бо хочуць даць дзецям якасную адукацыю, якая гарантуе паступленне ва ўніверсітэт на добрую спецыяльнасць.
У Ліцэй Івацэвіцкага раёна ўжо прыходзяць вучыцца дзеці яго першых вучняў. За 25 гадоў 275 сем’яў даверылі ўстанове сваіх дваіх дзяцей, а 18 сем’яў — траіх дзяцей. Сям’я Туркіневіч з Івацэвіч прывяла чацвярых дзяўчынак, якія ЦТ здавалі лепш за ўсіх — на 100 балаў. Сям’я Філюціч з г. п. Целяханы сёлета прыехала са сваёй чацвёртай дзяўчынкай Марыяй, якая рыхтавалася да паступлення ўслед за двума братамі і сястрой. Абсалютны рэкардсмен па даверы да ліцэя — сям’я Акавітых з Косава. Тут вучылася пяцёра іх таленавітых дзяцей. А хтосьці ва ўстанове сустрэў сваю другую палавінку: яе выпускнікі стварылі 20 сямейных пар.
Імідж ліцэя
Работу па папулярызацыі ліцэйскай адукацыі калектыў установы пачынае задоўга да ўступнай кампаніі. На афіцыйным сайце размешчаны правілы прыёму, відэазварот дырэктара да дзевяцікласнікаў, відэаролікі «Паступайце ў ліцэй, прыводзьце сяброў!», матэрыялы ўступных іспытаў мінулых гадоў, апытанне абітурыентаў «Вызначаем профіль», відэаматэрыял «Інтэрнат».
— Штогод рэкламуем профільныя напрамкі на дэманстрацыйнай пляцоўцы аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама падчас кірмашу мэтавай падрыхтоўкі, — гаворыць Галіна Адамаўна. — Нашы педагогі выязджаюць у школы раёна, каб расказаць пра нас. На такіх сустрэчах раздаём прома-прадукцыю. У лютым і красавіку арганізуем дні адкрытых дзвярэй з інтэрактыўнай прэзентацыяй. На мерапрыемства збіраецца шмат зацікаўленых. У праграму ўключаны квесты, майстар-класы, дзелавыя гульні, экскурсіі па ліцэі і інтэрнаце, прафарыентацыйнае тэсціраванне. Красавіцкі дзень адкрытых дзвярэй звычайна сумяшчаем з ушанаваннем пераможцаў алімпіяд і конкурсаў. Уручаем дыпломы, прызы і кубкі, каб дзевяцікласнікі бачылі, што ўзнагароджваюцца тыя, хто год назад быў у гэтай жа зале і, магчыма, сумняваўся: паступаць у ліцэй або застацца ў роднай школе. Штогод у студзені і маі абнаўляем ліцэйскую Дошку гонару, уручаем пасведчанні дзецям, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, алімпіядах, даследчай дзейнасці, за актыўны ўдзел у мерапрыемствах. Часта менавіта ў ліцэі раскрываюцца шматлікія таленты. Усё гэта спрыяе ўмацаванню іміджу ўстановы.
Скарбонка ўзнагарод
Сярод значных узнагарод ліцэістаў у 2024/2025 навучальным годзе быў дыплом III ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве ў Анатоля Лябіхава, вучня 11-га класа правазнаўчага профілю. Яго падрыхтавала Таццяна Крыштопчык. Дыплом I ступені заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару быў у Алены Мігно, вучаніцы 10-га класа эканамічнага профілю, якая разам з настаўніцай Людмілай Бурвін даследавала патрыятычны аспект у сучаснай беларускай прозе для дзяцей.
Па выніках універсітэцкіх алімпіяд адзначана чацвёра выпускнікоў. Сярод іх Мая Паўчук, якая атрымала дыплом алімпіяды па біялогіі Палескага дзяржуніверсітэта. Дыпломы алімпіяды БрДУ імя А.С. Пушкіна па беларускай і рускай мовах маюць адпаведна Валерыя Мелянчук і Кацярына Клімчук. Дыплома алімпіяды БарДУ па выяўленчым мастацтве ўдастоена Мая Капыціч.
Па выніках ЦЭ 2025 г. 100-бальныя вынікі па рускай мове атрымалі Ілья Ягнешык і Настасся Палуяновіч, іх падрыхтавала Аксана Грэчная. Сёлета сярод выпускнікоў 8 медалістаў (6 залатых і 2 сярэбраныя). За 25 гадоў атрымана 166 залатых і 47 сярэбраных медалёў.
Упершыню сёлета праходзіла міжведамасная (камандная) алімпіяда «Першая дапамога», дзе дзесяцікласнікі ліцэя Дар’я Шчарбіна, Дар’я Чыхрай, Алёна Мігно і Ксенія Таўрэль заваявалі дыплом I ступені на рэгіянальным этапе і прадстаўлялі вобласць на рэспубліцы. На Брэстчыне таксама праводзілася чацвёртая камандная алімпіяда па інфармацыйнай бяспецы, дзе ліцэісты Андрэй Олкаў, Мікіта Карабейнікаў і Ілья Ягнешык заваявалі дыплом ІІІ ступені і каштоўны прыз манаблок «Буг».
Што чакае тых, хто паступіў?
— Цікавае, насычанае яркімі падзеямі жыццё чакае нашых навабранцаў, — расказвае дырэктар ліцэя. — З першых дзён вучобы ва ўстанове пачынаецца падрыхтоўка да штогадовага свята пасвячэння ў ліцэісты, або ліцэйскага балю, які адбываецца ў лістападзе. Дарэчы, упершыню гэтая ўрачыстасць прайшла ў 2014 г.
Для дзяцей мы ствараем максімальна камфортныя ўмовы. Іншагароднія пражываюць у нядаўна адрамантаваным інтэрнаце. Усе ліцэісты атрымліваюць бясплатнае пяціразовае харчаванне.
Што тычыцца якасці адукацыйнага працэсу, бацькі і іх дзеці могуць не хвалявацца. У калектыве працуюць пераважна вопытныя педагогі з прафесійным стажам больш за 15 гадоў. Трое маюць кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст»: настаўніца беларускай мовы і літаратуры Л.М. Бурвін, настаўнік англійскай мовы А.М. Сарока і дырэктар ліцэя, настаўніца інфарматыкі Г.А. Стаскевіч. Першым педагогам не толькі ў ліцэі, але і ў раёне, які падрыхтаваў адразу тры стабальнікі па выніках ЦЭ па матэматыцы ў 2023 г., стала Святлана Паўлоўская.
Ліцэісты маюць магчымасць наведваць міжшкольныя групы педагагічнай накіраванасці з вывучэннем факультатыву «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Наладжана супрацоўніцтва з рэгіянальнымі УВА. Ва ўстанове працуюць рэсурсныя цэнтры па многіх прадметах, дзе сабраны базы даных дыдактычных матэрыялаў і бібліятэк па рабоце з высокаматываванымі вучнямі. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту абсталяваны кабінеты фізікі і хіміі. Для заняткаў фізкультурай ёсць стадыён, валейбольная, баскетбольная і трэнажорная пляцоўкі. Многія ліцэйскія мерапрыемствы праводзяцца ў прасторнай канферэнц-зале.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы





