Дні навукі Беларусі ў Расіі стануць паўнапраўнай часткай Форуму рэгіёнаў

- 11:59Інфармацыйная гадзіна

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч чакае, што ў час IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе падпісана кантрактаў на суму не менш як $300 млн. Аб гэтым спікер заявіў у час пашыранай нарады па пытаннях падрыхтоўкі форуму, якая прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі.

“Мерапрыемства вельмі адказнае, гэта, безумоўна, пляцоўка для актуалізацыі пытанняў саюзнага будаўніцтва і прамога дыялогу кіраўнікоў рэгіёнаў”, — упэўнены Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням эканамічнага супрацоўніцтва, таму да пазначанага тэрміну неабходна завяршыць падрыхтоўку для падпісання пагадненняў і адпаведных камерцыйных гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных кантрактаў.

Старшыня верхняй палаты парламента нагадаў, што на II Форуме рэгіёнаў беларускімі і расійскімі суб’ектамі гаспадарання былі падпісаны кантракты больш як на $230 млн. Вынік III Форуму рэгіёнаў — кантракты на $300 млн. “На чацвёртым форуме трэба пастарацца для таго, каб гэтыя сумы былі не ніжэйшыя. Ужо той папярэдні аналіз, які я маю, сведчыць аб тым, што гэта рэальна, і яшчэ раз пацвярджае велізарны патэнцыял, рэзерв, які ёсць у нашых рэгіёнаў і суб’ектаў гаспадарання”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Адна з асаблівасцей будучага мерапрыемства ў тым, што ў гэтыя дні пройдзе таксама пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, напярэдадні форуму будуць праходзіць Дні навукі Беларусі ў Расіі. “Форуму рэгіёнаў будзе папярэднічаць шэраг навуковых мерапрыемстваў. Дні навукі павінны разглядацца як складовая частка форуму”, — лічыць спікер.

Ён звярнуў увагу, што ў пленарным пасяджэнні плануецца ўдзел Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў важнасць выканання прамых даручэнняў кіраўнікоў дзвюх краін, якія былі дадзены год назад, на трэцім форуме.

IV Форум рэгіёнаў на тэму “Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства” пройдзе 29—30 чэрвеня ў Маскве ў Цэнтральным выставачным комплексе “Экспацэнтр”.