Добрасумленная праца, майстэрства, талент

- 14:12Адукацыйная прастора

У сістэме адукацыі працуюць восем з пяцідзесяці лепшых прадстаўнікоў сацыяльнай сферы і народна-гаспадарчага комплексу паўночнага рэгіёна, якім па выніках работы за мінулы год прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”.

Урачыстая цырымонія ганаравання лаўрэатаў адбылася ў канцэртнай зале “Віцебск” з удзелам кіраўніцтва вобласці, старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспуб­лікі Беларусь Леаніда Анфімава, заслужаных работнікаў народна-гаспадарчага комплексу і сацыяльнай сферы, дэлегацый гарадоў і раёнаў.

— Дасягненні кожнага з вас — поспех усёй вобласці, — звярнуўся да герояў свята старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Сваімі справамі і ўчынкамі вы штодня яскрава пацвярджаеце: гаспадарлівасць, прафесіяналізм, адказнасць, любоў да Радзімы, клопат аб людзях, імкненне рабіць дабро — па-сапраўднаму неацэнныя, вечныя каштоўнасці. Усіх вас аб’ядноўвае тое, што вашы таленты прыносяць вялікую карысць грамадству  і дзяржаве. Ва ўсе часы добрасумленная праца, майстэрства, талент фарміравалі аўтарытэт чалавека. Наша агульная задача — узнімаць прэстыж прафесій, на якіх трымаецца Віцебшчына і краіна ў цэлым, ад гэтага яшчэ больш значная ваша дзейнасць.

 Сярод лаўрэатаў — трактарыст-машыніст Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў Сяргей Грэкаў. Летась яго агульны намалот за ўборачную кампанію склаў 7059 тон — лепшы ў краіне вынік. Вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста Сенненскага раённага аддзела МНС Арцём Калімулін не разгубіўся ў экст­раннай сітуацыі і выратаваў цэлую сям’ю з пяцярых чалавек, трое з якіх — дзеці. Гвардыі капітан Ігар Гіль — камандзір міратворчай роты. У мінулым годзе віцебскія міратворцы, пераадолеўшы горныя і водныя перашкоды, заваявалі прызавое месца ў прэстыжных міжнародных спаборніцтвах “Кембрыджскі патруль”. Па выніках 2019 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь Віцебскі абласны выканаўчы камітэт прызнаны лепшым у краіне па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, а галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама — лепшым сярод структурных падраз­дзяленняў. Званне “Чалавек года Віцебшчыны” — высокая ацэнка заслуг чалавека, шчыра адданага сваёй справе. Умацоўваючы гістарычныя, духоўныя, культурныя традыцыі, мы разам вызначаем контуры будучага рэгіянальнага развіцця.

Сярод узнагароджаных у намінацыі “Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь)” — загадчык кафедры тэхналогіі і абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці ВДТУ Валерый Альшанскі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Лёзна Вольга Вячэрская, загадчык вучэбна-вытворчых майстэрань Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Арцём Галаўко, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Грабко, прафесар кафедры агульнай гісторыі і сусветнай культуры ВДУ імя П.М.Машэрава Таццяна Катовіч, настаўнік хіміі гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава Руслан Шклейнік і навучэнка Віцебскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 1 Марыя Махарынская. У намінацыі “Забеспячэнне законнасці і правапарадку, папярэджванне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх арганізацый” — дырэктар базавай школы № 5 Пастаў старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Валянціна Ромель і настаўніца пачатковых класаў Дабрамыслінскай сярэдняй школы Лёзненскага раёна старэйшына аграгарадка Дабрамыслі Галіна Маршалава.

— Для выканання задач па забеспячэнні дынамічнага сацыяльна-эканамічнага развіцця, пастаўленых перад вобласцю кіраўніком дзяржавы, вельмі важна шукаць рэзервы па ўсіх напрамках. Асаблівая роля ў гэтым адводзіцца людзям, якія атрымалі ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”, — падкрэсліў Леанід Анфімаў. — У сённяшніх яго ўладальнікаў розныя прафесіі, узрост, яны па-рознаму глядзяць на многія рэчы, але іх аб’ядноўвае любоў да сваёй справы, малой радзімы і нашай вялікай Беларусі. Кожны сваёй працай, стаўленнем да роднага краю робіць яго больш багатым і паспяховым, уклад кожнага вельмі істотны. Гэта прафесіяналы, добрасумленныя і адказныя людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, залаты фонд не толькі вобласці, але і краіны, хто сваімі словамі і ўчынкамі вызначае, якім будзе рэгіён цяпер і якім ён дастанецца дзецям і ўнукам у будучыні.

Усяго з моманту заснавання штогадовай прэміі званне “Чалавек года Віцебшчыны” атрымалі больш за тысячу чалавек. Па традыцыі, білборды з фота сёлетніх лаўрэатаў на працягу года будуць упрыгожваць населеныя пункты вобласці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.