Беларусь будзе і ў далейшым падтрымліваць добрасумленных інвестараў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час наведвання ў Магілёве прадпрыемстваў кампаніі “Кранаспан”.
Кіраўнік дзяржавы на прыкладзе прадпрыемства расказаў, што інвестары ў Беларусі могуць скарыстацца рознымі льготамі і паслабленнямі. У прыватнасці, калі кампанія завозіла ў краіну нямецкае абсталяванне, яна не плаціла ўвазную пошліну і ПДВ. Усяго сума такіх ільгот склала амаль $100 млн.
“Калі яны, як ваша прадпрыемства, працуюць сумленна, я ім паабяцаў: падтрымаем яшчэ па нейкіх напрамках. І я, і члены ўрада, і міністры ўнікаюць у сітуацыю і робяць насустрач адпаведныя рухі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым створаны спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестараў. “Я не ведаю, што яшчэ зрабіць, каб лішні раз даказаць, што тут для ўкладвання інвестыцый створаны спрыяльныя ўмовы. У нас стабільнае грамадства, у нас ціхая, спакойная краіна. У нас улада (дзесьці яна памыляецца, дзесьці дапускае памылкі, і я магу рабіць памылкі, я ж таксама чалавек), згадзіцеся, не горшая. Мы не раскралі краіну, не дапусцілі абвалу. Тыя ж бяспека і стабільнасць вынікаюць з дзейнасці ўлады”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі адсутнічае праблема хабарніцтва, а адзінкавыя выпадкі, якія і бываюць, імгненна выяўляюцца і спыняюцца. Замежныя інвестары прызнаюць, што ў гэтай сферы наведзены парадак, і прыходзяць у краіну.
Акрамя таго, Беларусь прывабная для інвестараў высокакваліфікаванымі кадрамі, якаснай і адначасова недарагой сыравінай. “Калі ёсць гэтая сыравінная база і рабочыя рэсурсы, інвестар прыйдзе. А па падатках мы дамовімся з кожным персанальна, хто хоча прыйсці сюды працаваць. Калі спачатку для яго і паніжаныя падаткі сур’ёзныя, мы дамовімся. Мы часта так робім. Але галоўнае — гэта бяспека і цішыня”, — упэўнены прэзідэнт.
Дзяржава таксама гатова стварыць неабходныя ўмовы і для развіцця зусім невялікіх прадпрыемстваў. “Сёння мы вам дапаможам, знізім падаткі, заўтра вы працаўладкуеце дзясятак-другі чалавек, будзеце плаціць ім добрую зарплату. Калі станеце на ногі, будзеце плаціць падаткі, як усе”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу ўладальнік групы кампаній “Кранаспан” Пітэр Кайндл заявіў, што для развіцця яго прадпрыемстваў у Беларусі былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы. Таму кампанія вырашыла значна павялічыць аб’ём сваіх інвестыцый. Так, першапачаткова па інвестыцыйным дагаворы кампанія абавязалася ўкласці ў вытворчасці $150 млн і стварыць 150 рабочых месцаў. Але ўжо ў 2017 годзе аб’ём інвестыцый павінен перасягнуць $1 млрд, а за 2010—2016 гады было створана больш за 1 тысячу рабочых месцаў.
Паводле слоў бізнесмена, яго кампанія таксама прапануе беларускаму ўраду стварыць у Шклове завод па вытворчасці дэкаратыўнай паперы.
“У Беларусі нас прывабліваюць матэрыялы, сыравіна, высокаадукаваныя кадры і тыя эканамічныя ўмовы, якія стварае ўрад, — яны ідэальныя. Беларусь таксама мае ідэальнае месцазнаходжанне для арганізацыі лагістыкі. Немалаважны фактар — стабільнасць у краіне”, — падкрэсліў Пітэр Кайндл.
Прэзідэнту далажылі аб перспектывах развіцця прадпрыемстваў кампаніі “Кранаспан” у Беларусі, інвестыцыйных праектаў, рэалізаваных і прапанаваных для рэалізацыі. У час рабочай паездкі кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Магілёўскай вобласці, дзейнасцю СЭЗ “Магілёў”, яму далажылі аб гатоўнасці і пачатку вясенне-палявых работ у рэгіёне.
Наведваннем названых прадпрыемстваў рабочая паездка кіраўніка дзяржавы не завяршылася. Ён накіраваўся ў гарадскі пасёлак Копысь, дзе асабіста пракантраляваў ход сельскагаспадарчага эксперымента, пра які гаварылася на нарадзе восенню мінулага года. Тады, нагадаем, размова ішла аб аб’яднанні некалькіх аграгарадкоў у экспартна-арыентаваны высокатэхналагічны холдынг з поўным цыклам вытворчасці.
Таксама ў час наведвання прадпрыемстваў кампаніі “Кранаспан” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з працоўнымі калектывамі на найбольш актуальныя тэмы.
Адказваючы на пытанне аднаго з работнікаў аб прычынах актывізацыі апошнім часам так званай пятай калоны і розных апазіцыйных структур, кіраўнік дзяржавы сказаў: “Як паказала рэчаіснасць, яны не спалі (асобныя), яны паціху рыхтаваліся на выпадак, выбіралі момант”.
“Яны не толькі не спалі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах са збро яй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповіч. Астатнія лагеры — ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але недзе там), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй”.
Прэзідэнт адзначыў, што ў далейшым грамадскасці будзе прадстаўлена больш шырокая інфармацыя аб гэтым факце. Ён таксама расказаў аб тым, як праваахоўнікам удалося даведацца аб існаванні такіх планаў. “Дзякуй, што ёсць беларусы і беларускі сапраўдныя, якія, знаходзячыся за мяжой — у Еўрасаюзе, папярэдзілі нас. Жанчына прыйшла ў пасольства і папярэдзіла, афіцыйна напісала пісьмо: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, цяпер трэба дэталёва разабрацца, адкуль паступалі грошы, хто займаўся падрыхтоўкай, з якіх краін прыехалі адпаведныя людзі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды гатовы спыняць любую супрацьпраўную дзейнасць і бандытызм. “Беларусы хочуць жыць спакойна і гадаваць дзяцей. Нікому гэтая вайна не патрэбна, і я яе дапусціць не магу. Трэба будзе — у першай шарэнзе пайду з усімі блізкімі і роднымі. Але краіну мы на ганьбу нікому не аддадзім”, — рэзюмаваў беларускі лідар.
“Самы вялікі недахоп нашай так званай пятай калоны — яны вельмі ўжо далёкія ад народа”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Ім трэба ўзбунтаваць краіну. Мара — разбурыць уладу і скінуць прэзідэнта. Чаму — а ён не дае дзяліць краіну, заводы не прысвоіш, прыватнай уласнасці на зямлю не ўводзіць…” — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што заходнія арганізацыі, якія фінансуюць апазіцыю ў Беларусі, гатовы даваць грошы ў першую чаргу пры ўмове арганізацыі беспарадкаў. “Патрэбны мардабой, кроў”, — сказаў ён.
Што датычыцца Дэкрэта нумар 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з пратэстам выступаюць і тыя, каго ў першую чаргу павінны датычыцца нормы адпаведнага дакумента.
“Вось яны — прычыны ўзбуджэння нашай пятай калоны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі кантралюемая і дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне не будзе дапушчана.
“Як бы ні было непапулярна, Дэкрэт нумар 3 я не адмяняў і нават не прыпыняў. Гэта няправільна кажуць. Дэкрэт нумар 3 сёння працуе. Адзінае, што я запатрабаваў, калі ўлада вінавата была (панакіроўвалі гэтыя “пісьмы шчасця” каму трэба і каму не трэба), — прыпыніць выплату на бягучы год. Але за гэты час мы выверым усе спісы. Крайні тэрмін — 1 кастрычніка”, — заявіў прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што лічыць ненармальнай сітуацыю, калі мільёны людзей працуюць, а 300—350 тысяч бадзяюцца незразумела дзе. “350 тысяч, якія павінны працаваць і не працуюць. І не нясуць ніякай нагрузкі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вы павінны ведаць, што я ад гэтага не адступлю. Мы павінны навесці ў краіне парадак. Настаў час, калі трэба наводзіць парадак і з занятасцю людзей”.
Сярод станоўчых вынікаў прымянення дэкрэта Аляксандр Лукашэнка прыгадаў тое, што людзі пачалі больш даражыць рабочымі месцамі, узрасла колькасць зваротаў у службы занятасці. “Гэты дэкрэт — лакмусавая паперка ў сацыяльнай сферы. Ён высвеціў вельмі многія негатыўныя пытанні. Мы ад яго адмаўляцца не будзем, але прывядзём усё ў парадак, каб людзі не крыўдзіліся”, — рэзюмаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што забараніў праводзіць скарачэнні на прадпрыемствах і ў арганізацыях і звальняць работнікаў без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады.
Ён растлумачыў, што гэтае рашэнне прадыктавана не намерам застопарыць працэс звальненняў і прыёму на работу. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ёсць і нядобрасумленныя работнікі, якія не трымаюцца за работу. “Зразумела, кіраўнік такіх людзей трымаць не будзе. І не трэба. А сёння, калі я патрабую сярэднюю зарплату Br1 тысячу, ужо некаторыя падумваюць: так, дадзім Br1 тысячу, але скароцім энную колькасць людзей, у тым ліку нармальных работнікаў, — адзначыў прэзідэнт. — Вось гэтага без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады рабіць нельга”.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што гэта звязана з неабходнасцю працаўладкавання вызваляемых работнікаў у іншым месцы. “Нельга ў цяжкі час выкідваць людзей на вуліцу. Гэта няправільна. Няхай гэта не рыначна, але пакуль мы будзем дзейнічаць такім чынам”, — падкрэсліў беларускі лідар.