Дом, дзе нараджаюцца зоркі

- 12:55Адукацыйная прастора

Два гады назад Сноўская сярэдняя школа была ўнесена ў раённую Кнігу пашаны “Зоркі і таленты Нясвіжскага раёна” ў намінацыі “Дом, дзе нараджаюцца зоркі”. Вось такое паэтычнае, але вельмі дакладнае азначэнне — тут і сапраўды створаны ўсе ўмовы для таго, каб запальваліся і ярка ззялі зоркі-педагогі, зоркі-вучні, зоркі-выпускнікі.

Больш за 150 гадоў налічвае гісторыя гэтай установы. Сноўская школа — гэта адукацыйны і культурны цэнтр буйнога сельскага рэгіёна, які аб’ядноўвае 6 населеных пунктаў. Зараз гэта 23 класы, у якіх вучацца 426 вучняў; 30 кабінетаў, бібліятэка, сталовая, спартыўная і трэнажорная залы, гісторыка-краязнаўчы музей, 15 гурткоў рознай накіраванасці. Гэтая невялічкая сельская школа даўно з’яўляецца лідарам, на якога можна раўнавацца і з якога браць прыклад. 8 гадоў запар у Нясвіжскім раёне на аглядзе-конкурсе эфектыўнасці работы ўстаноў адукацыі школа прызнаецца лепшай сярод сельскіх. Станавілася школа і пераможцай абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу” сярод устаноў, размешчаных у сельскай мясцовасці. Настаўнікі школы заўсёды многа і плённа працавалі. Аб гэтым сведчаць былыя супрацоўнікі ўстановы — частыя і чаканыя госці. Былыя настаўнікі высока ўзнялі планку прафесійнага майстэрства, але педагогі, якія працуюць сёння, гэтаму высокаму ўзроўню адпавядаюць. Так, 92% педагагічных работнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 37 з іх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, адзін педагог з’яўляецца настаўнікам-метадыстам, трое ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, адзін мае медаль “За працоўныя заслугі”. У калектыве працуе і суперфіналіст Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014”, чалавек года Міншчыны — 2013, пераможца II Сусветнага фестывалю рускай мовы і літаратуры і іншых міжнародных конкурсаў Іна Рычардаўна Віннік.
— Нашы педагогі ніколі не спыняюцца на дасягнутым, — расказвае пра сваіх калег Галіна Васільеўна Радаман, дырэктар школы. — Яны цікавяцца інавацыямі, знаёмяцца з перадавымі тэхналогіямі, засвойваюць новыя методыкі. З задавальненнем наведваюць семінары, курсы, знаходзяць карысную літаратуру. Прыемна, што і маладыя спецыялісты гарманічна ўліваюцца ў калектыў і таксама працуюць старанна і плённа. Інакш і немагчыма, калі перад вачыма такія прыклады майстэрства.
Радуюць сваіх педагогаў зорачкі-школьнікі, якія штогод абавязкова прывозяць дыпломы з трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды і абласнога конкурсу даследчых работ. І міжнародны ўзровень сноўскім школьнікам па сілах: у Міжнародным конкурсе даследчых работ “Мовазнаўства для ўсіх” у Маскве ў 2013 годзе Ганна Паўлючак атрымала дыплом І ступені, а ў 2014 годзе на гэтым жа конкурсе дыпломам І ступені быў узнагароджаны Мікіта Каліноўскі. Некалькі месяцаў назад вучаніцы Сноўскай школы сталі лаўрэатамі III Міжнароднага Пушкінскага конкурсу дзіцячай творчасці “Мы народжаныя для натхнення…”.
Не раз навучэнцы школы станавіліся першымі ў абласным летнім і зімнім мнагаборстве “Здароўе”, лідарамі на абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”. У школе ёсць добраўпарадкаваны стадыён, нядаўна адкрыта міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём. Школьнікі займаюцца плаваннем у басейне СВК “Агракамбінат “Сноў”. У школе дзейнічаюць атрады юных інспектараў дарожнага руху і сяброў міліцыі. З 1987 года ўстанова з’яўляецца асацыіраванай школай ЮНЕСКА. Дарэчы, гэта адзіная ў нашай краіне сельская школа, якая далучылася да гэтага руху. За амаль 20 гадоў супрацоўніцтва сноўскія школьнікі прынялі ўдзел у мностве экалагічных, культурных, прававых праектаў ЮНЕСКА.
Не кожная школа мае такую багатую гісторыю, таму ў Снове старанна яе захоўваюць, аберагаюць традыцыі. Дапамагае гэтаму школьны гісторыка-краязнаўчы музей, які носіць званне народнага.
У школы ёсць свой сайт, які папаўняецца актуальнай інфармацыяй. У гэтым навучальным годзе школа прыступіла да рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання праектных уменняў навучэнцаў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набору “Лега”. Працуе ў школе раённы рэсурсны цэнтр па экалагічным выхаванні.
— Нашы поспехі — гэта вынікі зладжанай работы каманды адміністрацыі і педагогаў, — расказвае Г.В.Радаман. — Таксама я лічу, што вельмі важная для эфектыўнай дзейнасці падтрымка. Падтрымка педагогаў адміністрацыяй і ўзаемная падтрымка паміж калегамі, падтрымка дзяцей педагогамі, а таксама падтрымка нашых сяброў і партнёраў. Мы цесна звязаны і ўзаемадзейнічаем з рознымі ўстановамі нашага аграгарадка, асабліва з агракамбінатам “Сноў”. Прадпрыемства ўзяло над намі шэфства, і мы заўсёды адчуваем дапамогу.
І сапраўды кіраўніцтва сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Агракамбінат “Сноў” падтрымлівае матэрыяльна і школу, і навучэнцаў, і педагогаў. Так, навучэнцы, якія становяцца дыпламантамі на раённым і абласным этапе алімпіяды, атрымліваюць стыпендыю ад агракамбіната, а спартсмены за свае перамогі ўзнагароджваюцца прэміямі. У пачатку гэтага навучальнага года цудоўны падарунак атрымалі маладыя спецыялісты — быў адкрыты дом маладога настаўніка, дзе педагогі жывуць у камфортных умовах. Нядаўна дзве сям’і настаўнікаў атрымалі ключы ад уласных кватэр, якія будавалі разам з супрацоўнікамі агракамбіната. У сваю чаргу школа выхоўвае для прадпрыемства годных работнікаў. Ва ўсіх галінах гаспадаркі нашай краіны працуюць адказныя, творчыя, разумныя і працавітыя выпускнікі гэтай установы адукацыі.

Дар’я РЭВА.