Другі сезон рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху» набірае абароты

- 9:24Актуально, Новости

Пачаўся новы сезон рэспубліканскай інфармацыйна-­асветніцкай акцыі “Крок да поспеху”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У нефармальнай абстаноўцы спікеры — прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, грамадскія дзеячы, вядомыя журналісты, спартсмены, навукоўцы, ваенныя, папулярныя артысты — сус­тракаюцца з хлопцамі і дзяўчатамі, расказваюць пра свой жыццёвы шлях, дзеляцца сакрэтамі поспеху.

На базе аздараўленчага лагера “Крынічка” Валожынскага раёна такая матывацыйная сустрэча адбылася з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом. У амфітэатры прадстаўнікі аздараўленчых лагераў “Крынічка”, “Мара”, “Барок” і “Церамок” па­дзяліліся з высокім госцем сваімі ўражаннямі аб актыўным і цікавым жыцці ў лагеры, расказалі пра захапленні, заняткі спортам і літаральна засыпалі міністра рознымі пытаннямі. Цікавіла многае: яго вучоба ў школе, прыход у свет спорту, ціка­васць да навукі, спосабы дасягнення поспеху.

Андрэй Іванец без адказу не пакінуў ні адно з пытанняў, пажадаў выхаванцам добрага адпачынку, не спыняцца на дасягнутым, ста­віць мэты і імкнуцца да іх. Акрамя таго, кіраўнік ведамства азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай лагера, умовамі для адпачынку і аздараўлення дзяцей.

 На тэрыторыі ёсць утульны па­вільён для сустрэч, эстрадна-кастровая пляцоўка, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, тэнісныя корты і трэнажорныя залы, гульнявы гарадок. Адначасова лагер прымае на азда­раўленне 320 дзяцей з усёй Беларусі. Працягласць змены — 18 дзён. Дзеці пражываюць у камфартабельных пакоях з сучаснай мэбляй. Увогуле, тут створаны выдатныя магчымасці для паўнавартаснага азда­раўлення дзяцей.

Другі сезон рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху” набірае абароты. Спікеры з дзецьмі гавораць у межах шасці тэматычных блокаў-крокаў, такіх як адукацыя, навука і тэхналогіі, прафарыентацыя і прафесіяналізм, культура і мастацтва, здароўе і спорт, правапарадак і прававая культура, лідарства і маладзёжныя рухі.

Сярод гасцей, якія ўжо прынялі ўдзел у акцыі, — старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту, бронзавы прызёр XXVIII Алімпійскіх гульняў па веласпорце на трэку, васьміразовая чэмпіёнка свету па веласпорце Наталля Цылінская; шматразовы чэмпіён свету і Еўропы па армрэслінгу Віктар Братчэня; бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2020 года Максім Недасекаў; намеснік старшыні Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі, навуковы супрацоўнік Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі Дзмітрый Такальчык; дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, актрыса, рэжысёр, тэатральны пра­дзюсар, заслужаная артыстка Рэспуб­лікі Беларусь Вера Палякова-Макей.

І ва ўсіх ёсць што расказаць хлопчыкам і дзяўчынкам. У прыватнасці,  генеральны дырэктар Мінс­кага электратэхнічнага завода імя В.І.Казлова Аляксандр Радзевіч падчас змястоўнай размовы з выхаванцамі лагера “Крыніца” Шклоўскага раёна расказаў пра свой чытацкі білет пад нумарам адзін у цяперашняй Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінс­ку, пра тое, як ён выбіраў прафесію, пра першыя заробленыя грошы, а таксама зацікавіў перспектывамі работы на заводзе.

Пазітыўнай і патрыятычнай атрымалася сустрэча падлеткаў з дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лясная паляна” Смаргонскага раёна з вайскоўцамі 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Асабліва ўразіла маладых людзей размова пра абавязак і гераізм з кавалерам ордэна “За асабістую мужнасць” старшым памочнікам начальніка аддзялення службы войскаў штаба 72-га гвар­дзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнт­ра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Дзмітрыем Філіповічам. Афіцэр упэўнены, што вельмі важна выхоўваць правільныя ідэалы ў маладога пакалення, каб яны шанавалі зробленае для іх дзяржавай і бацькамі.

Разам з паспяховымі людзьмі, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё Беларусі, прыязджаюць на такія сустрэчы і юнакі з дзяўчатамі, якія пас­пелі праявіць сябе ў рабоце, у праекце “100 ідэй для Беларусі”. Важна, калі “роўны вучыць роўнага”. Прымяненне такой методыкі ва ўстановах аздараўлення — добрая магчымасць для выхаванцаў убачыць для сябе новыя арыенціры, пазнаёміцца з таленавітымі і мэтанакіраванымі аднагодкамі, атрымаць рэкамендацыі па самарэалізацыі.

Па матэрыялах сайта Мінадукацыі
падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота БелТА