Другі шанс “летуценнікаў”

- 10:22Інфармацыйная гадзіна, Рознае

У суботу, 8 кастрычніка, у Грузіі прайшлі чарговыя парламенцкія выбары. Грамадзяне выбіралі 150 дэпутатаў па змешанай сістэме: 77 з іх вызначаліся па прапарцыянальнай сістэме, а 73 — па мажарытарнай. Для праходжання ў парламент партыі або блоку неабходна было пераадолець 5-працэнтны бар’ер, а кандыдату-аднамандатніку — набраць мінімум 50%+1 голас сярод тых, хто прыйшоў на ўчасткі. Калі ў мажарытарнай акрузе пераможца не выяўлены ў першым туры, праводзіцца другі, для тых, хто заняў першыя два месцы. Дата правядзення другога тура, як мяркуецца, 2 лістапада.

Зараз прыкладны расклад сіл у заканадаўчым органе такі: кіруючая партыя “Грузінская мара” захавала дамінаванне, і з улікам патэнцыяльнага выніку другога тура можа прэтэндаваць і на канстытуцыйную большасць. Апазіцыйны “Адзіны нацыянальны рух”, лідарам якога раней быў Міхаіл Саакашвілі, захаваў за сабой другое месца, астатнім жа партыям і рухам застаецца спадзявацца толькі на крэслы дэпутатаў-аднамандатнікаў. Канчатковыя вынікі прапарцыянальных выбараў у парламент Грузіі будуць падведзены 27 кастрычніка. Па інфармацыі Аны Мікеладзэ, спікера Цэнтральнай выбарчай камісіі, даныя з усіх выбарчых участкаў падлічаны, але працягваецца працэс пераправеркі і ўдакладнення вынікаў.

Рэгістрацыя партый на выбары ў парламент Грузіі пачалася ў сярэдзіне лютага. Першапачаткова на ўд зел у іх прэтэндавалі 64 арганізацыі, аднак Цэнтрвыбаркам дапусціў да працэдуры толькі 19 партый і 6 блокаў. Асабліва ўсіх усхваляваў лёс кіруючай кааліцыі. Выбары 4 гады назад партыя “Грузінская мара” выйграла ў складзе кааліцыі “Грузінская мара” — “Дэмакратычная Грузія”, у якую ўваходзіла 6 партый. Тады яны атрымалі 85 мандатаў. Да выбараў жа 2016 года “летуценнікі” падышлі амаль у гордай адзіноце, таму што 4 з 6 партый пакінулі кааліцыю і выступаюць на гэтых выбарах самастойна. У першую чаргу гэта адносіцца да партый “Свабодныя дэмакраты” пад кіраўніцтвам Іраклія Аласаніі і Рэспубліканскай партыі, якую ўзначальваюць муж і жонка Давід Усупашвілі (пакуль што старшыня парламента) і Ціна Хідашэлі, якая нядаўна пакінула пасаду міністра абароны.

Абедзве гэтыя партыі былі прадстаўнікамі празаходняга крыла ў кіруючай кааліцыі, у адрозненне ад прагматыкаў, на чале якіх стаіць прэм’ер-міністр Георгій Квірыкашвілі, і настойвалі на больш цесным збліжэнні з НАТА, Еўрасаюзам і ЗША. У сваю чаргу прэм’ер, не адыходзячы ад афіцыйнай пазіцыі Грузіі па пытанні суверэнітэту Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, у астатніх пытаннях гатовы ісці на кампрамісы з Расіяй. Пры гэтым ніякіх актыўных дзеянняў кіраўніцтва краіны не ажыццяўляе, проста чакаючы і назіраючы, як будуць развівацца адносіны паміж вялікімі дзяржавамі, у прыватнасці, ЗША і Расіяй, а пакуль праводзіць палітыку, дэ-факта падобную да нейкага варыянта нейтралітэту. Такая пазіцыя, як паказалі вынікі выбараў, знаходзіць падтрымку ў значнай часткі выбаршчыкаў.

Па выніках падліку галасоў, са 100%, гэта значыць з 3702 участкаў, “Грузінская мара” набрала 48,65%, або 856 762 галасы выбаршчыкаў (мінулы раз кааліцыя атрымала 55%), “Адзіны нацыянальны рух” — 27,12%, або 477 596 галасоў выбаршчыкаў (40,3% у 2012 годзе). “Альянс патрыётаў Грузіі”, які ўдзельнічаў у выбарах упершыню, набраў 5%, або 88 109 галасоў выбаршчыкаў. “Свабодныя дэмакраты” атрымалі 4,62%, “Ніно Бурджанадзэ — “Дэмакратычны рух” — 3,45%, “Шалва Натэлашвілі — “Лейбарысцкая партыя Грузіі” — 3,13%.

Такім чынам, у цяперашні час толькі тры партыі будуць прадстаўлены ў парламенце як арганізацыі, а не асобнымі дэпутатамі. У 20 мажарытарных акругах кандыдаты “Грузінскай мары” перамаглі ўжо ў першым туры, у астатніх вялікая верагоднасць іх перамогі з другога заходу. Калі такім чынам партыі ўдасца атрымаць тры чвэрці галасоў у парламенце, то яе лідары не выключаюць, што ў Канстытуцыю краіны могуць быць унесены змены, згодна з якімі кіраўніка дзяржавы будуць выбіраць не жыхары краіны, а дэпутаты.

Лідар галоўнай апазіцыйнай сілы — “Адзінага нацыянальнага руху” — Давід Бакрадзэ заявіў, што яго партыя засталася адзінай празаходняй сілай: “Мы не дазволім даць волю рэжыму “Грузінскай мары” і не дапусцім утварэння аднапартыйнага ўрада ў краіне”. Ці ўдасца зрабіць гэта ва ўмовах скарачэння падтрымкі з боку выбаршчыкаў, цяжка сказаць.

Зрэшты, ужо зараз пытанне таго, колькі партый застанецца ў парламенце, завісла. Цэнтрвыбаркам Грузіі адмяніў вынікі парламенцкіх выбараў на шасці выбарчых участках, што можа паўплываць на вынік галасавання. Па словах Аны Мікеладзэ, “увогуле ануляваны вынікі пяці ўчасткаў як па прапарцыянальнай, так і па мажарытарнай сістэме. А на ўчастку № 34 у Марнеулі (рэгіён Квема-Картлі) ануляваны вынікі галасавання толькі па прапарцыянальнай сістэме”. Мікеладзэ дадала, што ЦВК працягвае правяраць даныя, так што канчатковыя вынікі выбараў могуць змяніцца. Зразумела, для дзвюх галоўных партый прынцыпова нічога не зменіцца. А вось “Альянс патрыётаў” зараз апынуўся ў падвешаным стане. Ён з вялікай цяжкасцю пераадолеў выбарчы бар’ер, і для яго голас кожнага выбаршчыка — на вагу золата, бо ў выпадку іх страты ён аўтаматычна пазбаўляецца прадстаўніцтва ў парламенце.

Да сярэдзіны лістапада, калі падвядуць вынікі другога тура ў мажарытарных акругах, стане зразумела, ці змогуць “летуценнікі” перапісаць Канстытуцыю пад сябе. Пакуль рана гаварыць пра станаўленне ў Грузіі двухпартыйнай сістэмы або паўтарапартыйнай — калі перавага “Грузінскай мары” над “Адзіным нацыянальным рухам” захаваецца. Адно зразумела: цяперашняя кіруючая партыя атрымала сур’ёзны мандат даверу ад выбаршчыкаў, і тое, як яна яго выкарыстае, вызначыць далейшы лёс Грузіі.

Алег ВЯРЦІНСКІ.