Духоўна-пазнавальны дзень “Святло праваслаўнай культуры” прайшоў у Краснадворскай і Крывіцкай сярэдніх школах Салігорскага раёна.
У пачатку гэтага дня іерэй Канстанцін Дарашэвіч правёў для вучняў нашай школы гісторыка-праваслаўную гадзіну “Жывое слова — люстэрка душы”. Ён падрыхтаваў зборнік кніг па духоўным выхаванні ў сям’і, а таксама азнаёміў дзяцей з праваслаўнай літаратурай, расказаў пра гісторыю Спаса-Праабражэнскай царквы, якая згарэла ад удару маланкі ў 1861 годзе. На працягу многіх гадоў царква неаднаразова рэканструявалася, і цяпер гэта прыгожы храм Праабражэння Гасподняга, якому 11 студзеня споўнілася 30 гадоў.
Духоўна-пазнавальны дзень працягнуўся ў музеі гісторыі Слуцкай епархіі пры прыходзе храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Чыжэвічы. Вучні дзвюх школ азнаёміліся з гісторыяй царквы, узведзенай у 1795 годзе, даведаліся аб яе рэканструкцыях, населеных пунктах, якія ўваходзілі ў склад прыхода, аб тым, што будынак з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства рэспубліканскага значэння. Прыцягнуў увагу дзяцей і той факт, што царква пафарбавана ў блакітны колер, за што атрымала прыгожую назву “Блакітная жамчужына Салігоршчыны”.
Музей Слуцкай епархіі, створаны ў 2015 годзе, размешчаны ў сценах духоўна-асветніцкага цэнтра Пакроўскага прыхода з мноствам каштоўных экспанатаў розных гістарычных перыядаў. Пры царкве працуе нядзельная школа, у якой вучыцца каля 70 хлопчыкаў і дзяўчынак. Званар Свята-Пакроўскага храма Ігар Цемчын падзяліўся сваім майстэрствам звону, пры гэтым адзначыўшы, што не лічыць сваю службу прафесіяй, таму што для яго гэты стан душы.
Дырэктар нядзельнай школы Галіна Цемчына азнаёміла з багатай калекцыяй — старадрукаванымі кнігамі духоўна-царкоўнага зместу, самым старым з якіх больш за 200 гадоў, богаслужбовым начыннем, антымінсамі, некаторыя з якіх датуюцца XVII стагоддзем. Яна адзначыла, што адно з Евангелляў (адрэстаўраванае выданне 1854 года) важыць 16 кілаграмаў. Акрамя кніг, дырэктар нядзельнай школы прадставіла старажытныя іконы, выкананыя майстрамі беларускай школы, расказала пра гісторыю іх стварэння.
Велізарную ўвагу Галіна Пятроўна ўдзяліла экспазіцыям музея, адна з якіх прысвечана мітрапаліту Філарэту, з асаблівай цеплынёй і павагай расказала пра дзень нараджэння ўладыкі, якога можна смела назваць чалавекам-эпохай, пра яго неацэнны ўклад у духоўнае станаўленне беларускага грамадства, вялікія заслугі перад краінай. Яна акцэнтавала ўвагу на ўзнагародах, уборах, партрэтах і аўтографе, прадстаўленых у экспазіцыі. Галіна і Ігар Цемчыны расказалі таксама аб жыцці і дзейнасці нашага земляка настаяцеля Іаана Панкратовіча, прылічанага да ліку святых. Яму таксама прысвечана асобная экспазіцыя ў музеі.
Жывое слова духоўнай мудрасці, пачутае вучнямі падчас экскурсіі, надоўга застанецца ў іх памяці.
Святлана КЛІШЭВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Краснадворскай сярэдняй школы Салігорскага раёна
Фота аўтара