Душэўны аповед

- 21:17Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

“Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны” — пад такой назвай напрыканцы Года гістарычнай памяці выйшла кніга, аўтары якой — журналісты “Настаўніцкай газеты”, а галоўныя героі — вядомыя кожнаму з нас асобы.

У кнізе вы не сустрэнеце класічныя літаратурныя жанры накшталт аповесці або апавядання. Тут выключна публіцыстыка, журналісцкія назіранні, душэўныя аповеды ў форме нарысаў, эсэ з элементамі рэпартажаў, інтэрв’ю. Адным словам, своеасаблівы мікс інфармацыйных жанраў і мастацкай публіцыстыкі.

Адметным з’яўляецца і знешняе афармленне. Разам з супрацоўнікамі выдавецтва РІА “Вечерний Брест” мы пастараліся адысці ад пэўных канонаў вёрсткі (хаця асноўных усё ж прытрымліваліся) і зрабіць кнігу такой жа неардынарнай, насычанай яркімі колерамі, як і жыццё ўстаноў адукацыі, пра якія ідзе гаворка ў выданні. Але самае галоўнае — такой жа яркай, як і жыццё людзей, чые імёны носяць гэтыя ўстановы адукацыі.

Умоўна кніга падзелена на ­шэсць раздзелаў: Героі Савецкага Саюза, Героі Беларусі, педагогі, пісьменнікі, вучоны, святая. Марат Іванавіч Казей, Мінай Піліпавіч Шмыроў, мітрапаліт Філарэт, Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі, Віталь Васільевіч Гузаў, Іван Паўлавіч Мележ, Васіль Феафілавіч Купрэвіч, Еўфрасіння Полацкая… Усяго 21 імя. Пра кожнага з гэтых лю­дзей мы можам сказаць шмат добрых слоў, з кімсьці нават пашчасціла сустракацца, размаўляць або ра­зам працаваць.

Пра Міная Піліпавіча Шмырова ведаем яшчэ са школьных пад­ручнікаў гісторыі. Герой Савецкага Саюза, адзін з арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі, у пасляваенныя гады вядомы партыйны дзеяч. У Суражскай сярэдняй школе Віцебскага раёна не толькі падрабязна раскажуць пра тое, якім чалавекам быў Мінай Піліпавіч, але і паведамяць пра яго асабістую трагедыю (у 1942 годзе акупанты расстралялі сям’ю партызана), працытуюць на памяць перадсмяротную запіску старэйшай дачкі Лізы. 14 лютага, у дзень расстрэлу сям’і, суражскія настаўнікі і вучні па традыцыі ла­дзяць жалобны мітынг. Таксама ў школе праводзяцца чытанні з удзелам педагогаў раёна, знакамітых края­знаўцаў і вучоных. А ў 1984 годзе на тэрыторыі школы быў усталяваны помнік дзецям знакамітага партызана. Гэты быў адзін з першых у Савецкім Саюзе помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Зорачкай Палесся называюць настаўнікі Столінскага раёна сваю былую калегу Героя Сацыялістычнай Працы Надзею Іванаўну Кавалец. Сціплую сельскую настаўніцу калісьці ведала педагагічная грамадскасць Савецкага Саюза. Чаму? Адказ вельмі просты: яна ўкладала ў работу ўсю сваю душу, умела бачыць у кожным дзіцяці зерне дабра. У Велікамалешаўскую сярэднюю школу да яе ехалі па вопыт і парады. Надзея Іванаўна арганізоўвала работу вучняў у парах, групах. Як на спаборніцтвах, у дзіцяці з’яўляўся стымул перамагчы, паказаць лепшыя веды. Гэтым прыёмам сёння актыўна карыстаюцца малодшыя калегі.

З цеплынёй узгадваюць пра Івана Паўлавіча Мележа ў Глінішчанскай сярэдняй школе Хойніцкага раёна. Аўтар знакамітай “Палескай хронікі” валодаў цудоўнымі чалавечымі якасцямі — быў добрым, спагадлівым чалавекам, любіў сваіх землякоў, часта сустракаўся з імі. Усе глінішчанцы памятаюць гэтыя сустрэчы, а аповеды пра іх перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Валодаў цудоўнымі чалавечымі якасцямі… Падобныя словы сустракаюцца літаральна на кожнай старонцы кнігі. Яе галоўныя героі паўстаюць перад чытачамі людзьмі добрымі, шчырымі, працавітымі, неабыякавымі. Нездарма іх імёны носяць дзясяткі школ.

Пачаты ў Год гістарычнай памяці праект “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны” будзе працягвацца і ў Год міру і стварэння. Нашым установам адукацыі ёсць кім ганарыцца, а нам, журналістам “Настаўніцкай газеты”, ёсць пра каго душэўна расказваць.

Ігар ГРЭЧКА.