Два берагі адной ракі

- 11:40Адукацыйная прастора

У першага настаўніка — асаблівая роля. Ён першым уваходзіць у жыццё дзіцяці і яго сям’і. Для ўчарашняга дашкольніка першая настаўніца — другая мама, з якой малыш дзеліцца сваімі радасцямі і няўдачамі. І яго абавязкова трэба своечасова падтрымаць, супакоіць, раздзяліць з ім радасць. Пра гэта выдатна ведаюць настаўніцы пачатковых класаў гімназіі Смаргоні Людміла Уладзіміраўна і Карына Дзмітрыеўна Лашук. Мама і дачка.

Людміла скончыла музычную школу па класе фартэпіяна і агульнаадукацыйную на круглыя пяцёркі. Дакументы падала ў БДПУ імя Максіма Танка, вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў і музыкі. На “выдатна” здала ма­тэматыку, паспяхова прайшла праслухоўванне па музыцы — і залатая медалістка стала студэнткай педагагічнай УВА.

Пасля чацвёртага курса выйшла замуж, а дзяржэкзамены здавала… з дачкой, дакладней насіла яе пад сэрцам. Можна сказаць, што любоў да педагогікі дзяўчынка ўвабрала нават не з малаком маці, а значна раней.

Людміла Уладзіміраўна скончыла БДПУ з дыпломам з адзнакай, атрымала ступень бакалаўра. Магла пайсці ў навуку, але на першы план паставіла сям’ю. Вярнулася ў Смаргонь, з 2001 года працуе ў гімназіі. Яе вучні — пастаянныя пераможцы і прызёры раённых алімпіяд, удзельнікі праектнай дзейнасці. Нямала часу Людміла Уладзіміраўна прысвячае выхаваўчай рабоце. “Вельмі важна ў пачатковай школе згуртаваць клас, навучыць дзяцей сябраваць. Калі ў дзяцей ёсць агульныя інтарэсы, ім хочацца быць разам”, — упэўнена педагог.

Калі перад Карынай Лашук паўстала пытанне “Кім быць?”, адказ знайшоўся практычна адразу. “Не скажу, каб сумненняў не было зусім, — прызнаецца дзяўчына. — Я спрабавала ўявіць сябе ў якой-небудзь творчай прафесіі, але потым вырашыла, што трэба ісці ў педагогі. Я гэтую прафесію вывучыла, гле­дзячы на маму. Малышоў заўсёды любіла, лёгка знаходзіла з імі кантакт. Прычым мне заўсёды хацелася працаваць менавіта з маленькімі дзецьмі, літаральна з нуля вучыць іх пісаць, чытаць, лічыць. Па сутнасці, галоўнае — даць азы і прывіць любоў да вучобы. Калі гэта атрымаецца, то далей дзіцяці вучыцца будзе лягчэй”.

Пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка Карына магла застацца ў Мінску. Маладыя, мэтанакіраваныя кадры сталіцы патрэбны. Студэнтцы не раз паступалі прапановы ад кіраўнікоў школ размеркавацца ў іх навучальную ўстанову. Але і райцэнтрам такія педагогі неабходны. Тым больш дома не так востра стаіць жыллёвае пытанне. І дзяўчына вярнулася ў Смаргонь, у родную гімназію, але ўжо ў якасці маладога спецыяліста.

“Дома мы з мамай шмат гаворым пра школу, — усміхаецца Карына Дзмітрыеўна. — Я ведаю ўсіх яе вучняў, яна ведае маіх. У нас шмат метадычнай літаратуры, разнастайных напрацовак. Гэта наша агульнае багацце. Разам з дзецьмі з майго і мамінага класа мы ездзім на экскурсіі. Вядома, нам вельмі добра разам працаваць”.

А наогул, Лашукам пара ствараць летапіс педагагічнай дынастыі. Цімур, сын Людмілы Уладзіміраўны, у гэтым го­дзе скончыў гімназію і паступіў у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на выкладчыка замежных моў. А свякроў Людмілы Лашук, Ганна Уладзіславаўна, у мінулым настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Смаргоні. “Мой муж хоць і не педагог, але ў курсе нашых спраў, — усміхаецца Людміла Уладзіміраўна, — і заўсёды прыхо­дзіць на дапамогу, калі мы з дачкой яго аб гэтым просім”.

Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.