Два погляды на сучасную Беларусь

- 11:45Культура

Днямі Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” прэзентавала два дакументальныя фільмы: “Спадчына” рэжысёра Людмілы Клінцовай і “Добрых дзяўчынак не б’юць” Галіны Адамовіч. Гэта абсалютна розныя стужкі: першая — патрыятычная, пра дасягненні культуры незалежнай Беларусі, а другая — сацыяльная, якая ўзнімае тэму дамашняга насілля. Абедзве работы былі створаны за вельмі кароткі тэрмін — з вясны да восені. Але, нягледзячы на цалкам палярныя тэмы, 52-хвілінныя карціны зроблены на высокім прафесійным узроўні. І калі “Спадчыну” можна раіць як прэзентацыйную карціну для знаёмства з нашай краінай, то вострасацыяльную “Добрых дзяўчынак не б’юць” — для ўзняцця пытання аб прыняцці закона аб дамашнім насіллі, якога дагэтуль не мае наша грамадства.

Здымачная група фільма “Спадчына”.

Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…

Прэм’ера дакументальна-ігравой стужкі “Спадчына”, створанай па сцэнарыі лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі ўладальніцы медаля Францыска Скарыны Наталлі Голубевай, адбылася ў канферэнц-зале Нацыя­нальнай бібліятэкі. Іміджавы фільм расказвае пра тое, як за 25 гадоў беларускаму народу ўдалося ўзнавіць цэлыя пласты нацыянальнай культуры, дзякуючы якой наша краіна сёння вядома ва ўсім свеце. Упершыню ў адной стужцы гледачу пастараліся прадставіць усе асноўныя дасягненні краіны ў галіне культуры.

Гаворачы пра стварэнне “Спадчыны”, Наталля Голубева адзначыла, што пра беларускую культуру можна здымаць бясконца, настолькі яна шматгранная, шматлікая і шматмоўная. “Нам вельмі хацелася зрабіць фільм, у якім было б усё самае галоўнае і ўнікальнае — тое, чым мы ганарымся. Было шмат спрэчак, што паказаць у карціне, аднак мая пазіцыя была цвёрдая: культуру, створаную беларускім народам і для беларускага народа, — сказала яна. — У фільме таксама расказваецца пра тое, з якімі цяжкасцямі беларусам давялося сутыкнуцца ў пачатку 90-х, калі рушыліся эканамічныя сувязі, узнікала мноства сацыяльных праблем, і як у гэтай сітуацыі прымаліся ключавыя рашэнні аб падтрымцы нацыянальнай культуры. Мы хацелі паказаць сваю краіну прыгожай і зрабіць фільм пра тое, што і немагчымае магчыма”.

Фільм “Спадчына” расказвае пра ўзнаўленне гістарычнага аблічча краіны, адраджэнне нацыянальных святынь, будаўніцтва знакавых аб’ектаў культуры. Адным з такіх унікальных аб’ектаў, які захоўвае духоўнае багацце краіны, з’яўляецца Нацыянальная бібліятэка. Гісторыя яе стварэння, фарміравання ўнікальных фондаў таксама прадстаўлены ў карціне. Дырэктар установы Раман Матульскі, дзелячыся сваімі ўражаннямі пасля прагляду карціны, расказаў, што калі першы раз пачуў пра ідэю зняць такі фільм, то падумаў: “Смелыя людзі, бо як можна за 50 мінут паказаць усю спадчыну Беларусі і ўсе яе напрамкі?” Але аўтарам карціны гэта ўдалося. “Культура — гэта заўсёды духоўная катэгорыя, гэта тое, што жыве ў кожнага чалавека ў душы і ў сэрцы, і яно будзе жыць заўсёды, нават калі, як кажуць, няма ні адной капейкі і ні кавалачка хлеба. Але, зразумела, што культура жыве і развіваецца тады, калі ёсць дом і дах над галовой — і гэта ад зін са складнікаў поспеху культуры. Вось пра гэта і фільм, — дадаў ён. — За вельмі кароткі перыяд незалежнасці нам удалося захаваць традыцыі продкаў і стварыць неабходную базу, адукацыю для таго, каб наша культура жыла далей. І я ўпэўнены, што тыя маладыя людзі, якія сёння пачынаюць сваё жыццё, пачынаюць яго на моцным падмурку беларускай культуры”.

У фільме таксама паказаны Полацкі гістарычна-культурны запаведнік, Мірскі і Нясвіжскі замкі, маштабная рэканструкцыя Вялікага тэатра оперы і балета, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага мастацкага музея, будаўніцтва музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама аднаўленне духоўных святынь — крыжа Ефрасінні Полацкай, Слуцкага Евангелля. Стваральнікі карціны не абышлі ўвагай і ўнікальныя калекцыі карцінных галерэй, вытвор­часць слуцкіх паясоў, а таксама абрадавую культуру і багаты фальклор.

У здымках прынялі ўдзел кіраўнікі знакавых устаноў культуры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі: архітэктар Віктар Крамарэнка, балетмайстар Валянцін Елізар’еў, рэжысёр Мікалай Пінігін, народны мастак БССР Мікалай Шчамялёў, оперная дзіва Ніна Шарубіна, народныя артысткі Таццяна Мархель, Інеса Душкевіч, мастацтвазнаўца Вольга Бажэнава, а таксама дзеці, моладзь, якія сваёй творчасцю ўжо заявілі пра сябе.

Пазней “Спадчына” будзе прадстаўлена і ў абласцях краіны. Першы паказ адбудзецца 17 снежня ў Гомелі.

“Добрых дзяўчынак не б’юць”, або Пяць рэальных гісторый з жыцця

На мінулым тыдні ў сталічным кінатэатры “Піянер” адзін з самых аўтарытэтных рэжысёраў студыі дакументальнага кіно “Летапіс” кінастудыі “Беларусьфільм” і лаўрэат шматлікіх міжнародных кінафестываляў Галіна Адамовіч прадставіла свой новы фільм “Добрых дзяўчынак не б’юць” пра вострую сацыяльную праблему сучаснасці — тое, што адбываецца за зачыненымі дзвярамі.

На пытанне журналістаў, чаму яна вырашыла ўзняць дастаткова актуальную для Беларусі, але вельмі складаную праблему, Галіна Валянцінаўна расказала, як у мінулым годзе яна падбірала гераінь для фільма “Жанчына” французскага рэжысёра Яна Арцюса-Бертрана, які захацеў паказаць гісторыі беларусак, што пацярпелі ад сваіх блізкіх. “Шчыра кажучы, я з такой праблемай не сутыкалася. І тады звярнулася ў грамадскае аб’яднанне “Радзіслава”, якое дапамагае пацярпелым жанчынам і дзецям і дае ім прытулак. Гісторыі, якія я пачула, проста шакіравалі мяне, — патлумачыла рэжысёр. — У гэтых жудасных аповядах ёсць усё: і каханне, і нараджэнне дзяцей, і рэўнасць, і смерць — усе самыя моцныя эмоцыі звязаны з гэтай тэмай. Я задумалася над тым, што адносіны паміж самымі блізкімі людзь­мі — тэма для асобнага дакументальнага фільма, але амаль усе жанчыны, чые гісторыі я хацела расказаць год назад, адмовіліся ад здымак. Бо як толькі жыццё хаця б трохі наладжваецца, ніхто не хоча ўспамінаць мінулае”.

Пасля Галіна Адамовіч з вялікімі цяжкасцямі змагла адшукаць пяць гераінь для карціны: кагосьці — у “Радзіславе”, кагосьці — праз сацыяльныя сеткі, нават праз праваслаўнага манаха, які працуе з пацярпелымі ў Жыровіцкім манастыры, а некаторых — праз дэпартамент выканання пакаранняў МУС. “Для нас самым галоўным была згода жанчыны на здымкі, бо ў карціне ўзнімаюцца вельмі балючыя пытанні, пра якія многія жанчыны аказаліся не гатовымі раска­заць на камеру, — дадала яна. (У стужцы паказаны жанчыны, чые лёсы перасекліся ў “Радзіславе”. Яшчэ некалькі беларусак знялі ў жаночай калоніі. Так атрымалася, што яны, ахвяры, у сваім адчаі і страху зайшлі так далёка, што самі ператварыліся ў злачынцаў.) — Сваіх гераінь я паказала ў развіцці. У нас ёсць гісторыя сям’і з трыма дзецьмі з Гомеля, дзе тата перыядычна п’е і б’е маму. У пары летам быў развод, мы здымалі суд і як развівалася іх гісторыя далей. Яшчэ адна гераіня сядзіць за забойства бацькі, мы чакалі спаткання з роднымі. Карацей, усе гісторыі мы знялі метадам дакументальнага кіно — гэта значыць гісторыі, якія развіваюцца ў працэсе”.

Галіна Валянцінаўна ў размове з гледачамі падкрэсліла, што з краін былога Савецкага Саюза толькі ў Расіі і Беларусі няма закона аб дамашнім насіллі, хоць ён існуе ў больш чым 140 краінах свету. “А ў нас лічыцца, што “хто каго любіць, той таго і чубіць”, “б’е — значыць кахае”. Аднак гэта трэба мя­няць”, — падкрэсліла яна.

Фільм “Добрых дзяўчынак не б’юць” — выдатная стужка, з вельмі сур’ёзнай праблемай, і яе варта паглядзець хаця б дзеля таго, каб пераканацца, што на сучасным “Беларусьфільме” ўмеюць здымаць сапраўды якаснае і цікавае кіно. Прынамсі, яго зноў пакажуць сёння ўвечары ў сталічным кінатэатры “Мір”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота прадастаўлена Нацыянальнай бібліятэкай і Галінай АДАМОВІЧ.