Першы набор на спецыяльнасць “Мытная справа” на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбыўся ў мінулым годзе. У гэтым годзе студэнты ўжо 2 курса ўпершыню прынеслі прысягу на вернасць універсітэту, Радзіме і народу. Урачыстае мерапрыемства адбылося на плошчы ўніверсітэцкага сцяга.
Падзялілі радасць гэтага дня бацькі і сябры студэнтаў, мытнікі-першакурснікі і ганаровыя госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Кір’як, начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэй Кавальчук і намеснік начальніка Мікалай Багалейша.
— Сёння мытная служба — адна з самых мабільных і высокатэхналагічных службаў краіны, і вы павінны будзеце гэтаму адпавядаць, — звярнуўся да студэнтаў А.М.Кавальчук.
Дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава адзначае, што падрыхтоўцы такіх спецыялістаў дапамагае і цеснае супрацоўніцтва з Гродзенскай рэгіянальнай мытняй. Яе спецыялісты праводзяць заняткі, студэнты бываюць на пунктах пропуску і вучацца непасрэдна на месцах будучай работы. Адкрыццё спецыяльнасці “Мытная справа” і было зроблена па заяўцы Мытнага камітэта. Звыш 350 выпускнікоў ГрДУ працуюць у мытнай службе краіны.
Словы ўрачыстай клятвы горда несці званне студэнта ўніверсітэта, праслаўляць альма-матар сваімі справамі і ўчынкамі, шанаваць традыцыі беларускага студэнцтва і народа, накіроўваць атрыманыя веды на ўмацаванне магутнасці і росквіт Радзімы пасля старасты групы Дар’і Нарута паўтарылі студэнты.
— Мы ўдзячны, што нашу ініцыятыву прыняць прысягу, мець сваю форму падтрымала кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэта, — гаворыць выдатнік вучобы Уладзіслаў Сасноўскі. — Прысяга накладвае асаблівую адказнасць, а ўзровень такой адказнасці мы ўжо ўбачылі на практычных занятках на пунктах пропуску. Сёння зарадзілася новая традыцыя на факультэце. На нашым свяце прысутнічалі і студэнты 1 курса. У хуткім часе і яны прымуць прысягу і надзенуць форму, якая будзе вылучаць студэнтаў спецыяльнасці “Мытная справа”. Упэўнены, што не толькі форма, але і адказнасць за вучобу, адданасць выбранай прафесіі будуць вылучаць маіх сяброў.
А падарункам для студэнтаў і факультэта ад Гродзенскай рэгіянальнай мытні стаў Таможны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.