Дыктант — актуальны і настраёвы, а дзевяцікласнікі — спакойныя і ўпэўненыя

- 10:55Адукацыйная прастора

Выпускныя экзамены ў школах і гімназіях краіны скончыліся. З палёгкай уздыхнулі не толькі вучні адзінаццатых класаў, але і дзявятых. Дзевяцікласнікі здавалі тры іспыты: рашалі матэматыку і пісалі дзве дыктоўкі — па беларускай і рускай мовах.

У чацвер, 8 чэрвеня, у гімназіі № 2 Вілейкі навучэнцы 9 “Б” класа пісалі дыктант па беларускай мове, а 9 “А” — па рускай мове. Перад экзаменам калі і хваляваліся, то гэта не адчувалася. Юнакі і дзяўчаты жартавалі і падбадзёрвалі адно аднаго. Надышоў час экзамену. Усе расселіся ў класах па сваіх месцах і сканцэнтраваліся. Пасля напісання дыктантаў пачалося актыўнае абмеркаванне, хто дзе які знак прыпынку паставіў, як напісаў тое ці іншае слова.

Сказаць па шчырасці, назіраць за падлеткамі было прыемна і цікава. На іх тварах чыталася задаволенасць і ўрачыстасць. Яны дарослыя і здалі апошні выпускны экзамен. І калі навучэнцы 11-х класаў заклапочаны цэнтралізаваным тэсціраваннем, то ў дзевяцікласнікаў наперадзе канікулы.

Але вернемся да экзамену. Тэкст дыктоўкі ў 9 “Б” чытаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Вілейкі Віктар Віктаравіч Кажура. У склад экзаменацыйнай камісіі ўваходзілі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Пятроўна Матусевіч (старшыня), настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аксана Тадэвушаўна Паўлоўская.

“Для напісання дзевяцікласнікам прапаноўваліся два тэксты: “Роднае слова” і “Чэрвеньскай раніцай”. Па колькасці слоў дыктант “Роднае слова” быў крыху большым, але і адзін, і другі аказаліся нялёгкімі. У абодвух была адпаведная лексіка і пунктуацыя, над якімі неабходна было падумаць, асаблівай увагі патрабавала і будова сказаў”, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Віктар Віктаравіч.

“Акрамя таго, адзін тэкст быў мастацкі, а другі публіцыстычны з выхаваўчым патэнцыялам. У выніку выбралі дыктант “Роднае слова”. Ён з вялікім эмацыянальным уздзеяннем, да таго ж сёлета мы адзначаем 500-годзе беларускага кнігадрукавання, таму вырашылі, што гэты тэкст на сёння больш актуальны і настраёвы. Дзеці яго добра ўспрынялі, таму адпрацавалі спакойна і ўпэўнена”, — працягнула Таццяна Пятроўна.

Каб падрыхтавацца да выпускнога экзамену, дзевяцікласнікі рэгулярна па суботах наведвалі спецыяльныя заняткі і, як заўважыла Таццяна Пятроўна, працавалі на іх старанна. Падрыхтоўчыя заняткі — гэта не проста трэніроўка ў напісанні дыктантаў, а таксама паўтарэнне, разбор правіл, адпрацоўка пунктуацыйных і арфаграфічных уменняў.

Трэба адзначыць, што ў 9 “Б” класе вучацца дзеці, якія сур’ёзна ставяцца да вучобы і актыўна будуюць траекторыю свайго далейшага развіцця. У класе ёсць удзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд і навуковых канферэнцый. Напрыклад, Кірыл Губіч здолеў паказаць сябе на алімпіядзе па матэматыцы (мае дыплом рэспубліканскай алімпіяды), Ксенія Семяновіч захапілася даследаваннямі ў галіне інфарматыкі, дзе таксама дасягнула пэўных вынікаў (стала пераможцай на абласным узроўні). Жэня Бурак выдатна паспявае па ўсіх прадметах. Да таго ж вучні 9 “Б” — актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, якая паспяхова развіваецца ў гімназіі.

Вучэбныя і творчыя інтарэсы дапамагаюць дзевяцікласнікам вызначацца з прафілізацыяй. Плануецца, што ў гімназіі № 2 Вілейкі ў наступным навучальным годзе будуць дзейнічаць фізіка-матэматычны профіль, хіміка-біялагічны, ёсць у вучняў і жаданне на павышаным узроўні вывучаць гісторыю і грамадазнаўства, замежныя мовы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.