Дынамічнае абнаўленне

- 9:05Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі ўступіць у сілу 1 верасня гэтага года.
Цяпер ідзе інтэнсіўная работа па стварэнні нарматыўнай прававой базы па реалізацыі норм дакумента ў адукацыйнай галіне. Практыкапрымяняльнасць кодэкса, перспектывы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі аналізуе і экспертная група, створаная з ліку кіраўнікоў навучальных устаноў усіх узроўняў, вучоных і практыкаў.

 

Аб дыстанцыйнай форме навучання і мэтавай падрыхтоўцы свае меркаванні выказвае Вадзім БОГУШ, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі.

— Вадзім Анатольевіч, пагаворым пра замацаваныя нормы кодэкса, якія тычацца вышэйшай адукацыі. Адна з іх — дыстанцыйнае навучанне. Сама па сабе гэта форма для ўніверсітэтаў — не навіна. 

— Сапраўды, гэта так. Апошнія падзеі, звязаныя ў тым ліку з эпідэміялагічнай сітуацыяй, паказалі, што дзякуючы ўжо існуючым напрацоўкам у дыстанцыйным навучанні, вышэйшая адукацыя паспяхова спраўлялася з арганізацыяй адукацыйнага працэсу. Замацаванне нормы па дыстанцыйным навучанні на заканадаўчым узроўні адкрые новыя перспектывы ў яго развіцці і выкарыстанні. Нагадаю, што наш універсітэт адным з першых пачаў работу па развіцці дыстанцыйнага навучання. Амаль 20 гадоў мы займаемся распрацоўкамі дыстанцыйных тэхналогій тэхнічнага, тэхналагічнага і метадычнага кірункаў, якія сёння выкарыстоўваюцца на практыцы ў разнастайных эксперыментальных рэжымах. Усе распрацоўкі звязаны з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, новымі формамі правядзення заняткаў і дазваляюць развіваць ва ўніверсітэце дыстанцыйную адукацыю як самастойную форму навучання. 

Дыстанцыйнае навучанне прад’яўляе пэўныя патрабаванні да студэнта. Яно будзе эфектыўным у тым выпадку, калі студэнт мае высокую матывацыю, можа кіраваць асабістым часам і рацыянальна яго арганізоўваць, быць самастойным і адказным. У дыстанцыйнага навучання ёсць пэўныя перспектывы, і ў працэсе развіцця адукацыі яно будзе выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы кадраў па асобых спецыяльнасцях. Найбольш эфектыўным яно будзе там, дзе ўмовы працы звязаны з дыстанцыйным узаемадзеяннем. Напрыклад, пры распрацоўцы праграмнага забеспячэння, якое можна арганізаваць у рэжыме дыстанцыйнага ўзаемадзеяння праектных каманд з розных краін свету. 

 

Заказ на кадры

 — Ваш універсітэт правёў вялікую работу па падрыхтоўцы адукацыйных стандартаў пакалення 3+. Ці плануюцца змяненні ў навучанні згодна з новым Агульнадзяржаўным класіфікатарам “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, распрацоўка якога завяршылася амаль адначасова з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі? 

— Сапраўды, з 2023 года класіфікатар прадугледжвае ўкараненне новых падыходаў у падрыхтоўцы кадраў. Базавыя сярод іх — гарманізацыя нацыянальнай класіфікацыі адукацыі з Міжнароднай стандартнай класіфікацыяй адукацыі, арыентацыя спецыяльнасцей на віды эканамічнай дзейнасці, афіцыйна зацверджаныя ў нашай краіне. Прадугледжваецца, што ўніверсітэты змогуць фарміраваць сваю прафілізацыю з улікам патрэб рынку працы, інтарэсаў моладзі і сваіх рэсурсаў.

Дыстанцыйнае навучанне прад’яўляе пэўныя патрабаванні да студэнта. Яно будзе эфектыўным у тым выпадку, калі студэнт мае высокую матывацыю, можа кіраваць асабістым часам і рацыянальна яго арганізоўваць, быць самастойным і адказным.

Універсітэт рэалізуе шырокі спектр спецыяльнасцей з улікам патрэб заказчыкаў кадраў, узгадняючы з імі той ці іншы напрамак. Такім чынам, заканадаўчая база робіць крок у бок яшчэ большай аўтаномнасці УВА, іх адказнасці за змест адукацыі, а з іншага боку — дае інструменты для больш хуткага, дынамічнага абнаўлення гэтага зместу, дастаткова эфектыўнага ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў. І ўжо ўніверсітэт будзе вырашаць, якія спецыяльныя дысцыпліны будуць інтэгравацца ў праграму падрыхтоўкі, трапляць у дадатак да дыплома. Наймальнік, зыходзячы з гэтых звестак, бачыць, якія дадатковыя кампетэнцыі мае выпускнік БДУІР. Гэта — адзін з элементаў партфоліа, якое ў лічбавым свеце з’яўляецца лічбавым. У ім прадстаўлены шлях да прафесійнага росту спецыяліста, пачынаючы ад студэнцтва і заканчваючы работай. Я спадзяюся, што гэтае партфоліа папоўніцца не толькі данымі аб адукацыі, якую атрымаў выпускнік УВА, але і дадатковым аб’ёмам кампетэнцый, якія можна набыць ва ўніверсітэце, калі ён паралельна з працоўнай дзейнасцю павысіць кваліфікацыю.

— Якой вы бачыце падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі з практыка-арыентаванай накіраванасцю? 

У нормах кодэкса замацавана, што аспірантура і дактарантура з’яўляюцца навукова- арыентаваным, самастойным узроўнем адукацыі. Але разам з тым працэс навучання аспірантаў рэгулюе адпаведная адукацыйная праграма, асноўная мэта якой — падрыхтоўка дысертацыі на суіскальніцтва вучонай ступені кандытата навук. Адна частка гэтай работы звязана з агульнай навуковай падрыхтоўкай, куды ўваходзяць метадалогія правядзення навуковых даследаванняў, пабудова эксперымента і здольнасць аспіранта правільна апрацаваць яго вынікі, укараніць гэтыя вынікі на практыцы ў выглядзе канкрэтных тэхнічных рашэнняў, правесці працэдуры, звязаныя з фарміраваннем і абаронай аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Гэтая частка, звязаная са станаўленнем аспіранта як вучонага, вельмі важная. Другая частка падразумявае набыццё кампетэнцый для работы ў вышэйшай школе ў якасці вучонага-выкладчыка, у высокатэхналагічных кампаніях, там, дзе патрабуецца не толькі аналітыка, разуменне працэсаў, але і распрацоўка новых падыходаў. У нас ёсць такія прадпрыемствы, дзе спецыялісты менавіта з такой кваліфікацыяй вельмі запатрабаваны. 

Хачу адзначыць, што наша дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу падрыхтоўцы кадраў з вышэйшай навуковай кваліфікацыяй з практыка-арыентаванай накіраванасцю. На ўзроўні Кіраўніка краіны, Урада былі прыняты рашэнні па фінансавай падтрымцы аспірантаў, дактарантаў, навуковых кіраўнікоў, маладых вучоных. Усе гэтыя захады стымулююць эфектыўнасць навуковай работы, актывізуюць дзейнасць Савета маладых вучоных і ў цэлым спрыяюць фарміраванню новага пакалення вучоных нашай краіны. 

 

Навіны для абітурыентаў

— У хуткім часе ў раскладзе студэнтаў з’явіцца новая інтэграваная вучэбная дысцыпліна “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”.

 —Гэтая дысцыпліна дазволіць сфарміраваць у моладзі цэласнае ўспрыманне беларускай дзяржаўнасці, якасную маральную і грамадзянскую пазіцыю. Гісторыю сваёй радзімы павінны ведаць усе яе грамадзяне, а таксама разумець гістарычныя карані, якія з’яўляюцца асновай незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны. У любым універсітэце гуманітарная падрыхтоўка — неад’емны элемент вышэйшай адукацыі. Пры гэтым трэба ўлічваць спецыфіку канкрэтнай установы адукацыі, кірункі падрыхтоўкі, магчымасці ўключэння гуманітарных дысцыплін у праграму на ўзроўні канкрэтнага ўніверсітэта.

Дыстанцыйнае навучанне ў вышэйшай школе дазволіць пашырыць геаграфію супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі.

— Якой будзе прыёмная кампанія гэтага года? 

—У гэтым годзе у нашым універсітэце яна пройдзе з невялікай карэкціроўкай механізма прыёму дакументаў. Большасць змяненняў тычыцца 2023 года, і зараз мы прапрацоўваем канкрэтныя падыходы. Да паступлення ў БДУІР матываваныя школьнікі пачынаюць рыхтавацца не ў выпускным класе, а задоўга да заканчэння школы. Факультэты ўніверсітэта праводзяць традыцыйны дзень адкрытых дзвярэй  у час вясенніх канікул, а агульнаўніверсітэцкае мерапрыемства пройдзе 2 красавіка. У маі пачне працаваць электронны кабінет абітурыента, дзе школьнікі змогуць сфарміраваць неабходны пакет дакументаў і потым прыйсці ва ўніверсітэт для напісання заявы. У самім механізме паступлення мы захоўваем ранейшы падыход. Гэта тычыцца конкурсу па 2 групах спецыяльнасцей тэхніка-тэхналагічнага і эканамічнага профіляў на дзённым навучанні. Ёсць яшчэ групы спецыяльнасцей на завочным навучанні ў скарочанай форме для выпускнікоў Мінскага радыятэхніччнага каледжа, якія здаюць унутраныя ўступныя экзамены ў БДУІР. 

Зараз мы адпрацоўваем пытанні, якія звязаны з механізмам мэтавага заказу. Пытанні мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў атамнай энергетыкі, якую сёння мы вядзём ва ўніверсітэце, будзем вырашаць сумесна з заказчыкамі кадраў, весці прафарыентацыйную работу ва ўзаемадзеянні з нашымі абітурыентамі.

Мы супрацоўнічаем з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам, што дазваляе з ранняга ўзросту матываваць дзяцей на паступленне ў БДУІР. 

Надзённыя пытанні

— Вадзім Анатольевіч, вы ўзначальваеце Рэспубліканскі савет рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі. Што на парадку дня сёння?

—Згодна з Палажэннем аб савеце рэктараў, нашы рашэнні носяць рэкамендацыйны характар. Мы прадстаўляем свае меркаванні, заўвагі і прапановы па развіцці вышэйшай школы ў Міністэрства адукацыі, Камітэт па навуцы і тэхналогіях, РІВШ, іншыя адпаведныя структуры. 

Мы ўносім у парадак дня сваіх пасяджэнняў шырокі спектр пытанняў. Гэта змест вышэйшай адукацыі, укараненне новага класіфікатара, норм Кодэкса аб адукацыі, пытанні ідэалагічнай і выхаваўчай работы, развіццё навукова-даследчай інфраструктуры ўніверсітэтаў. У планах — звярнуцца да тэмы, звязанай з арганізацыяй студэнцкага спорту, фізічнай падрыхтоўкай, спартыўна-масавымі мерапрыемствамі. Сёння злабадзённым з’яўляецца пытанне ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў вышэйшай адукацыі. Наш савет абмяркоўвае пытанні міжнароднай інтэграцыі, развіцця навуковага і кадравага патэнцыялу вышэйшай школы для ўдасканалення адукацыйнага працэсу. 

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.