Дынастыя педагогаў — гэта сям’я аднадумцаў, людзей, адданых сваёй справе, для якіх выкладанне з’яўляецца прызваннем. Лоеўская настаўніца геаграфіі, гісторыі і грамадазнаўства Вольга Вергунова з дынастыі, якая ў сукупнасці налічвае больш за 150 гадоў педагагічнага стажу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Заснавальнікамі дынастыі сталі дзядулі па мамінай і татавай лініі. Эстафету педагагічнага майстэрства працягнулі цётка, пляменнік, старэйшая сястра, па прыкладзе якой выбрала прафесію і сама Вольга Уладзіміраўна.
Гартаючы фатаграфіі, якія беражліва захоўваюцца ў сямейным альбоме, настаўніца гісторыі расказвае, што сваіх дзядуляў яна не заспела. Затое аповеды мамы і цёткі запаўняюць гэты прабел, знаёмяць з продкамі, якія доўгія гады былі верныя прафесіі і з гонарам насілі званне настаўніка.
— На гэтай фатаграфіі — мой дзядуля па лініі маці Пётр Трафімавіч Логаш. Здымак зроблены ў 1930-я гады ў Лоеўскай школе, — расказвае Вольга Вергунова. — Ён працаваў настаўнікам пачатковых класаў і адначасова завучам. Другі дзядуля, па лініі бацькі, — Дзмітрый Віктаравіч Казлоў. Ён быў настаўнікам пачатковых класаў у Мохаўскай сярэдняй школе Лоеўскага раёна (цяпер не функцыянуе). Цётка — сястра маці Тамара Пятроўна Гурская — была настаўніцай рускай мовы і літаратуры, працавала ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Мая старэйшая сястра Святлана Колас шмат гадоў была настаўніцай гісторыі ў Лоеўскай сярэдняй школе імя А.В.Казлова. Мой пляменнік Андрэй Колас — таксама настаўнік гісторыі, працуе ў Суткоўскай сярэдняй школе Лоеўскага раёна. Стрыечныя пляменнікі сеюць разумнае, добрае, вечнае ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці.
Калі ў сям’і шануюць традыцыі, ёсць пераемнасць пакаленняў, калі Дзень настаўніка — галоўнае свята ва ўсе часы, калі асновы ўзаемадзеяння з дзецьмі перадаюцца ад пакалення да пакалення, то хіба магла прафесійная кар’ера гераіні публікацыі скласціся інакш?
— Усё магло б быць. Ды і сумненні пры выбары прафесійнага шляху таксама былі, — успамінае Вольга Уладзіміраўна. — Усё жыццё хацела насіць белы халат, як мама. У нас дынастыя не толькі педагогаў, але і медыкаў: мама і бабуля былі медсёстрамі, таму і я ў свой час думала аддаць перавагу гэтай высакароднай прафесіі. Аднак на выбар паўплывала мая старэйшая сястра Святлана, якая аўтарытэтна параіла пайсці па слядах сваякоў-педагогаў. Яна падкрэслівала, што я не памылюся, калі выберу гэтую выдатную прафесію. Да таго ж расказала, што і дзядулі былі педагогамі. З аповедаў маці і сястры ведаю, што ў галодны год пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дзядулю Пятра Трафімавіча адправілі на курсы павышэння кваліфікацыі. З хаты з сабой ён узяў мяшочак сухароў і кавалачак сала. Але абмяняў сала на рынку на два вучнёўскія сшыткі з прамакаткамі для старэйшай дачкі і на дзве дзіцячыя кніжачкі “Муха-Цакатуха” і “Мыйдадзір” для малодшай. Чаго толькі не зробіш, каб дзеці добра вучыліся! Мая маці часта ўспамінала гэты выпадак з жыцця, ёй на той час было шэсць гадоў. І паколькі падзеі разгортваліся перад Новым годам, то дзядуля яшчэ прывёз дзве ёлачныя цацкі. Мама прыгадвала, што дзядулю вельмі лаялі ў хаце за гэта: перажывалі, што яму прыйшлося практычна галадаць. Затое, калі надыходзіў вечар, кнігі чыталі ўсе разам і з вялікім задавальненнем.
У педагагічнай сям’і беражліва захоўваюцца рарытэтныя рэчы, якія засталіся ад дзядуляў: чарніліца і чарнільныя ручкі, чорна-белыя школьныя здымкі.
— У нейкі момант і я адчула ў сабе прызванне, захацелася працягнуць сямейную дынастыю, — прызнаецца суразмоўніца. — Я адвучылася 9 класаў у школе і потым паступіла ў Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж. Пасля каледжа стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Колькі сябе памятаю, усюды добра вучылася: школу, каледж і ўніверсітэт скончыла на выдатна. Некаторы час працавала ў Гомелі і Гомельскім раёне. Цяпер выкладаю ў роднай школе, у якой некалі сама вучылася. Родныя сцены дапамагаюць.
Настаўніца гісторыі адзначае, што першыя крокі ў прафесію рабіла ўпэўнена, бо ёй ва ўсім дапамагалі яе былыя педагогі — цяперашнія калегі. Падтрымка адчувалася і ад дырэктара Таццяны Мікалаеўны Куксы.
— Шчыра кажучы, мне блізкія традыцыі гэтай установы, я іх прымаю і разумею, яны замацаваліся ў маёй падсвядомасці, калі я пераступала парог школы яшчэ ў якасці вучаніцы. Цяпер імкнуся перадаць гэтую любоў і павагу да настаўнікаў і вучобы сваім выхаванцам, — з цёплай усмешкай гаворыць педагог.
Выпускнікі часта дзякуюць Вользе Уладзіміраўне, зазначаючы, што паспяхова здаваць экзамены ў інстытуце дапамагае трывалая база ведаў, якую ім заклалі ў школьныя гады. Педагог прыкладае ўсе намаганні, каб яе навучэнцы дасягалі поспехаў у даследчай дзейнасці і алімпіядным руху. Яна сур’ёзна настроена на плённую працу і сёлета. Настаўніца засяроджвае ўвагу на тым, што на ўроках выкарыстоўвае мультымедыйныя прэзентацыі, тэставыя заданні, элементы даследчай работы:
— З дзецьмі складаем схемы, пішам канспекты, вялікую ўвагу ўдзяляю апорным ведам, замацаванню асноўных паняццяў. Як лепш запомніць дату знамянальнай гістарычнай падзеі? Пакуль для іншых школьнікаў гэта галаўны боль, мае выхаванцы шмат ведаюць дзякуючы метаду аналогій. Важна, каб запамінанне адбылося на эмацыянальным узроўні, бо наша эмацыянальная памяць — моцны аспект чалавечага вопыту. Акрамя таго, мозг прасцей успрымае структураваную інфармацыю і візуалізацыю. Таму лепш уяўляць бітву, паўстанне, рэвалюцыю, вайну і суадносіць іх з датамі. Так у памяці застануцца не толькі радкі з падручніка, але і яркія выявы тых ці іншых падзей.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара