Нядаўна ў мастоўскай сярэдняй школе № 5 Гродзенскай вобласці адбылося ўрачыстае ўручэнне 34 установам адукацыі дыпломаў “Зялёная школа”. На мерапрыемства былі запрошаны кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь Майра Мора, намеснік Прадстаўніка ПРААН Фарыд Караханаў, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Віталь Васільевіч Кулік, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін.
Праграма “Зялёныя школы” рэалізуецца ў рамках праекта ЕС/ПРА АН “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. Галоўная мэта праграмы — стварыць сетку школ і пазашкольных адукацыйных устаноў, якія клапоцяцца аб экалагічнай адукацыі і выхаванні школьнікаў, а таксама дэманструюць практычныя крокі ў экалагічным і прыродаахоўным кірунку. “Зялёныя школы” падтрымліваюць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія зацвердзілі Палажэнне аб рэалізацыі праграмы.
Кіраўнік праекта Вольга Міхайлаўна Чаброўская падкрэсліла, што для таго, каб атрымаць дыпломы І, ІІ ці ІІІ ступені, установам адукацыі трэба выканаць заданні па пяці напрамках: біяразнастайнасць на тэрыторыі школы, энергазахаванне, кіраванне воднымі рэсурсамі, кіраванне адходамі, работа з насельніцтвам. У кожным з напрамкаў — па 32 заданні. Выканаўшы іх, установа адукацыі атрымлівае сертыфікат на 2 гады, пасля чаго будзе яго пацвярджаць.
Першапачаткова ў 2011 годзе да праграмы далучыліся 5 школ Мастоўскага (Гродзенская вобласць), Кобрынскага (Брэсцкая вобласць), Мёрскага і Шаркоўшчынскага (Віцебская вобласць) раёнаў. У гэтых рэгіёнах пачалі праводзіць вучэбныя семінары і трэнінгі. Зараз колькасць школ павялічылася да 50. Мастоўская школа № 5 далучылася да праекта ў 2012 годзе і зараз атрымала дыплом ІІ ступені. Школьнікі з настаўнікамі выканалі 19 з 32 заданняў.
— Педагагічны савет вырашыў стварыць творчую групу па рэалізацыі гэтага праекта. Наша работа ажыццяўляецца ў гуртках, экалагічным клубе, на класных інфармацыйных гадзінах, падчас экскурсій і акцый. У работу ўключыліся больш за 25% навучэнцаў. Такі праект спрыяе фарміраванню экалагічнай культуры вучняў, педагогаў, а таксама бацькоў, — падкрэсліла дырэктар школы Таццяна Фёдараўна Легеза.
Па кожным з напрамкаў школа правяла вялікую работу. Напрыклад, для вывучэння біяразнастайнасці на тэрыторыі школы вучні з настаўнікамі вывучалі відавы склад раслін і жывёл на прышкольнай тэрыторыі, а таксама знайшлі спосабы павелічэння іх колькасці. Праводзілі акцыю “Дапаможам птушынаму сябру”, падрыхтавалі корм для зімуючых птушак і зрабілі кармушкі. Самымі актыўнымі аказаліся навучэнцы 3-4 класаў. Школьнікі не толькі сочаць за птушкамі, а яшчэ і замалёўваюць іх, робяць картасхемы, атласы з поўным апісаннем птушак. У кірунку энергазахавання школьнікі высвятлялі, колькі электра- і цеплаэнергіі выкарыстоўваецца ў школе, вялі падлікі і рабілі высновы, як можна зберагчы энергію. Атрыманыя веды па ўсіх напрамках эфектыўна выкарыстоўваюцца на практыцы.
Сёння ў рамках праекта дасягнута пагадненне з Міністэрствам адукацыі аб уключэнні праграмы “Зялёныя школы” ў сістэму факультатыўных заняткаў па ўсёй тэрыторыі краіны. Таксама распрацаваны праграмы заняткаў і дапаможнік па праграме “Зялёныя школы”. Дзякуючы гэтаму, праграма стала рэспубліканскай. Для настаўнікаў пілотных раёнаў праведзена больш за 20 вучэбных семінараў, а 35 школ, якія падрыхтавалі справаздачы па рэалізацыі праграмы, атрымалі абсталяванне — біноклі і фотаапараты для выкарыстання на занятках.