Лёс вёскі Разанцы ўнікальны. На старажытнай мсціслаўскай зямлі, дзе кожны камень дыхае гісторыяй, ёй было наканавана паўстаць у чыстым полі і стварыць саму сябе. Каб людзі, якія прыехалі сюды з розных мясцін, сталі не проста “панаехаўшымі”, а аднавяскоўцамі, каб зноў пусцілі карані і адчулі, што яны на сваёй зямлі. Вялікую ролю ў тым, каб аб’яднаць людзей, адыграла школа.
Паміж мінулым і будучыняй
Разанцы былі пабудаваны ў 1991 годзе для жыхароў адселенай вёскі Вепрын Чэрыкаўскага раёна. Домікаў аказалася больш, чым трэба, і пазней тут знайшлі прытулак бежанцы з Таджыкістана, Малдовы і іншых рэспублік былога саюза (усяго 10 нацыянальнасцей). Такім чынам, Разанцаўская школа акумуліравала культурную спадчыну многіх перасяленцаў, а пасля таго, як былі закрыты суседнія школы, прыняла на захаванне яшчэ і іх традыцыі.
— На аснове ўспамінаў людзей, праз сумесныя мерапрыемствы нам удалося глыбей далучыцца да нацыянальных культур розных народаў, — гаворыць начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Алена Паштовая, якая 10 гадоў была дырэктарам Разанцаўскай сярэдняй школы. — Пры гэтым усе сілы скіраваны на тое, каб людзі прыжыліся на новай радзіме.
Мы наведалі школьны музей, створаны намаганнямі некалькіх пакаленняў настаўнікаў і навучэнцаў. Сабраныя тут экспанаты адлюстроўваюць побыт сялянскай сям’і канца ХІХ — сярэдзіны ХХ стагоддзя.
Экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў: “Матчын ручнік”, “Ткацтва і вышыўка” і інш. Нам расказалі, што многія экспанаты людзі прывезлі з Чэрыкаўскага раёна — гэта часцінкі іх радзімы, якую ім давялося пакінуць. Заходзячы ў школу, людзі наведваюць і музей, каб убачыць сваю рэч, пагладзіць, успомніць…
Сацыяльнае партнёрства
Разанцаўская школа знаходзіцца на тэрыторыі ААТ “Кастрычнік” — адной з самых паспяховых гаспадарак Мсціслаўскага раёна. Паміж школай і гаспадаркай усталяваліся добрыя партнёрскія адносіны.
— Дырэктар ААТ “Кастрычнік” Пётр Сцяпанавіч Лаўнікаў шмат дапамагае, — гаворыць Алена Дзмітрыеўна. — Мы не памятаем ніводнага выпадку, каб ён адмовіў школе. У кіраўніка пазіцыя сапраўднага гаспадара, ён так і гаворыць: “Дзеці — гэта мой клопат”.
ААТ “Кастрычнік” дапамагае школе ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, аказвае спонсарскую падтрымку спартыўнай гандбольнай камандзе. Акрамя таго, штогод па выніках вучнёўскага самакіравання гаспадарка выплачвае стыпендыі лепшым навучэнцам, настаўнікам і лепшаму класу.
У школы ёсць 2 га зямлі, і ААТ “Кастрычнік” дапамагае яе апрацоўваць.
Пяты год ва ўстанове адукацыі рэалізуецца гуманітарны сельскагаспадарчы праект сумесна з МГА “Дапамажы людзям”. Гаворка ідзе пра забеспячэнне школы насеннем і пасадачным матэрыялам з Галандыі.
Каб дзіця зрабіла ўсвядомлены выбар, трэба азнаёміць яго з максімальнай колькасцю прафесій мясцовай супольнасці.
Так, летась на прышкольным участку было вырашчана 18 т бульбы, 2 т капусты, 3 т буракоў, 1,5 т цыбулі, 1,2 т морквы. Прадукцыя ідзе на патанненне харчавання школьнікаў, абсалютна ўсе забяспечаны бясплатнымі абедамі. Лішкі прадаюць. З апошняга ўраджаю выручылі 3,5 тысячы рублёў — гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— ААТ “Кастрычнік” дапамагае школе, і мы разумеем, што нашы выпускнікі павінны атрымаць прафесію і вярнуцца, — гаворыць Алена Паштовая. — Праводзім вялікую работу, каб навучэнцы часцей выбіралі прафесіі сельскагаспадарчага профілю. Як вынік, пачынаючы з 2013 года хаця б адзін выпускнік паступае па мэтавым накіраванні ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Тыя, хто паступае па мэтавым накіраванні, на працягу ўсяго перыяду навучання атрымліваюць ад гаспадаркі стыпендыю. А калі маладыя спецыялісты вяртаюцца ў родную вёску, ім прадастаўляецца высокааплатнае працоўнае месца і жыллё.
І матывацыя, і ўзнагарода
Сёння Разанцаўская школа — гэта з’яднаны калектыў настаўнікаў і навучэнцаў. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае спорт.
З 2013 года школа з’яўляецца лідарам у раённай спартакіядзе школьнікаў. Гэта стала магчымым дзякуючы штодзённай карпатлівай рабоце (спартыўныя секцыі і факультатывы, рухавыя перамены, работа трэнажорнай залы). Прынамсі, 80% разанцаўскіх школьнікаў актыўна займаюцца спортам.
Валейбол, футбол, баскетбол, лыжныя гонкі, “Снежны снайпер”, “Абаронца Айчыны” (зімовы і летні), настольны тэніс, плаванне — ва ўсіх відах спорту разанцаўскія дзеці паказваюць вынікі. З 2016 года каманда малодшых школьнікаў паспяхова ўдзельнічае ў лёгкаатлетычных спаборніцтвах “300 талентаў для каралевы”. Зусім нядаўна дзеці сталі займацца боксам і ўжо таксама адзначыліся як на раённым, так і на абласным узроўні.
Зрэшты, самыя яркія перамогі разанцаўскія дзеці дэманструюць у гандболе. Пачынаючы з 2013 года школьная каманда ўдзельнічае ў спаборніцтвах “Імклівы мяч”, а з 2015 года каманды юнакоў і дзяўчат з’яўляюцца пастаяннымі прызёрамі Абласной спартакіяды школьнікаў па гандболе. Каманда дзяўчат адстойвала гонар вобласці на рэспубліканскай спартакіядзе. У актыве юных спартсменаў выніковы ўдзел у міжнародных турнірах і чэмпіянаце Беларусі па гандболе.
Летась каманда малодшага ўзросту паспрабавала сілы ў дзіцячай гандбольнай лізе, праекце БГК імя А.П.Мяшкова, і адразу ўвайшла ў дзясятку наймацнейшых (з 64 каманд). Гэта быў сапраўдны фурор: вясковыя дзеці абгулялі каманды з абласных цэнтраў!
Перамогі навучэнцаў служаць прыкладам для ўсяго калектыву. Пяць гадоў настаўнікі Разанцаўскай сярэдняй школы ўтрымліваюць першае месца ў спартакіядзе прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Мы трапілі на трэніроўку да гэтых хлопчыкаў — і атрымалі сапраўдную асалоду ад іх гульні. Не кожная прафесійная каманда дэманструе такую зладжанасць дзеянняў і імкненне да перамогі.
— У нашых дзяцей псіхалогія пераможцаў, — гаворыць дырэктар школы Арцём Барташэвіч. — Яны едуць на спаборніцтвы любога ўзроўню і гатовы перамагаць кожнага. Гледзячы на іх, ніхто не верыць, што мы прыехалі з вёскі.
Сёння гэтыя дзеці гатовы жыць у спартзале, з імі няма ніякіх выхаваўчых праблем: спорт для іх — гэта і матывацыя, і ўзнагарода.
— Спорт стаў нашым выратаваннем, — прызнаецца дырэктар. — Уяўляеце, як няпроста з’яднаць людзей на зямлі без каранёў? А спартзала здружыла ўсіх, у тым ліку дзяцей, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сёння ў школе няма ніводнага дзіцяці, якое б стаяла нават на ўнутрышкольным уліку. Мы ганарымся ўсімі нашымі вучнямі.
У спартзале мы звярнулі ўвагу на вельмі прафесійную работу трэнера — яго схемы гульні хлопчыкі разумеюць з першага погляду. Спыталі ў дырэктара, як давялося ў вёсцы знайсці такога спецыяліста.
— Гэта мой бацька, — паважліва ўсміхаецца Арцём Валер’евіч. — Ён спецыяліст найвышэйшай кваліфікацыі, які ведае сакрэты спартыўных поспехаў.
Так, пад кіраўніцтвам таленавітых настаўнікаў Арцёма Валер’евіча і Валерыя Станіслававіча Барташэвічаў разанцаўскія дзеці здабываюць свае першыя і такія важныя перамогі. Як бы ні склалася іх жыццё потым — выберуць яны спорт, навуку ці сельскую гаспадарку, — знаёмае ўжо адчуванне поспеху і лідарства павінна дадаткова матываваць, а сяброўства, народжанае ў камандзе, застанецца з імі назаўсёды.
На форме ў юных гандбалістаў напісана “Мсціслаў”, але ж цяпер мы ведаем: гэта хлопцы з Разанцаў! Калісьці гэтая вёска дала прытулак іх бацькам, а сёння яны здабываюць для яе славу. Напэўна, так і нараджаецца поспех: з добрай памяці, удзячнасці і памкненняў.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.