Маладая сіла старажытнага горада

- 15:33Магілёўшчына

Мсціслаўскі дзяржаўны будаўнічы каледж у наступным годзе адзначыць 55-годдзе, але усё тут агорнута гісторыяй значна даўжэйшай, чым паўстагоддзя. Асвойваючы сучасныя тэхналогіі, навучэнцы маюць перад вачыма цудоўныя прыклады старадаўняга дойлідства (каледж месціцца ў гістарычным цэнтры). І ўслед за колішнімі мсціслаўскімі майстрамі калектыў навучэнцаў і выкладчыкаў працягвае ствараць славу свайму гораду.

Леанід Віктосенка.

Мы пачынаем знаёмства з каледжам у музеі “Спадчына”, які стварылі выкладчыкі разам з навучэнцамі.

— У адрозненне ад большасці ўстаноў, у нас не тыповае збудаванне, а некалькі асобна размешчаных будынкаў, — расказвае выкладчык Ганна Панцялеева. — Два вучэбныя корпусы маюць статус помнікаў архітэктуры ХІХ стагоддзя. Майстэрня таксама будавалася ў даваенныя часы, таму ўсе будынкі давялося прыстасоўваць пад адукацыйныя патрэбы.

Будынак, дзе зараз дзейнічае музей, быў пабудаваны ў 1830 годзе, а вучэбны працэс амаль бесперапынна ідзе тут з 1880 года
(у будынку месціліся розныя вучылішчы і школы). У 1966 годзе было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Мсціславе ГПТУ-92 для падрыхтоўкі кваліфікаваных будаўнікоў.

— Як і многія ўстановы, наша перажыла шмат рэарганізацый, але з 2015 года гэта Мсціслаўскі дзяржаўны будаўнічы каледж, — гаворыць Ганна Барысаўна.

Музей “Спадчына” — сапраўдны летапіс жыцця горада і каледжа. Пры ўваходзе ў будынак гасцей сустракаюць сімвалічныя фігуры прафесара і бабулі (напэўна, вахцёркі) — работы майстра вытворчага навучання, мастака па метале, зваршчыка Аляксандра Папова. Шмат студэнцкіх звычаяў звязана з гэтымі каванымі фігурамі — напрыклад, усе ведаюць, што трэба наведацца да прафесара перад экза­менам.

На другі паверх будынка падымаемся па цудоўнай каванай лесвіцы — такая магла б упрыгожыць самы раскошны палац.

— Яна аўтэнтычная, — заўважае наша захапленне Ганна Панцялеева. — Аляксандр Паўлавіч аднавіў некаторыя балясіны, так што немагчыма адрозніць сучасныя ад гістарычных.

У музеі некалькі залаў, і ўсе яны насычаны гістарычнымі артэфактамі.

— Мсціслаў быў вельмі багатым горадам, дзе квітнелі рамёствы і гандаль, — тлумачыць наша экскурсавод. — У экспазіцыі сабраны вырабы мсціслаўскіх майстроў: выдатны ганчарны і шкляны посуд, кафля (і тэракота, і глазураваная кераміка), элементы вентыляцыі. Нашы продкі выраблялі якасную цэглу. Звярніце ўвагу на цагліну-пальчатку, на якой бачны адбіткі рук, — гэта своеасаблівы подпіс майстра. Нездарма наш каледж будаўнічы і нашы муляры дасягаюць вялікіх поспехаў у конкурсах прафесійнага майстэрства. Мы вучымся ў нашых продкаў.

Мсціслаўская зямля захоўвае шмат багаццяў, пакрысе адкрываючы людзям свае таямніцы. Напрыклад, калекцыя шклянога аптэчнага посуду была знойдзена зусім побач з каледжам, калі вялося будаўніцтва прыбудовы. Час ад часу дажджом вымываюцца старажытныя манеты. У музейнай калекцыі ёсць грошы часоў ВКЛ, царскай Расіі, ранняга савецкага перыяду.

Прыцягваюць увагу зборы старадаўніх абразоў і кніг, а таксама нумары жаночых часопісаў — мода, лайфхакі, аб’явы. Гартаеш іх і разумееш: за сотню гадоў нічога асабліва не змянілася.

Кранае сэрца цудоўная экспазіцыя прадметаў побыту, у тым ліку вышыўка і даматканыя вырабы, якія навучэнцы і выкладчыкі прывезлі з розных куткоў Мсціслаўшчыны. Многія прадметы калісьці належалі іх продкам.

Адна з зал музея прысвечана дасягненням каледжа ў розных галінах — у прафесійным майстэрстве, спорце, творчасці.

— На працягу ўсёй гісторыі ў нас былі ўсяго 4 дырэктары, — гаворыць Ганна Барысаўна. — Установа любімая кіраўнікамі, і гэта адчуваецца.

Будаўнічы каледж штогод удзельнічае ў аглядах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і лепшыя экспанаты прадстаўлены ў музеі. Тут і выдатныя каваныя работы Аляксандра Папова (стол “Цэзар”, фатэлі, рыцарскія даспехі), аб’ёмныя пано, выкананыя рукамі майстроў і навучэнцаў, карціны, іншыя рэчы.

У 2017 годзе да каледжа быў далучаны сельскагаспадарчы ліцэй. І каб захаваць памяць пра яго, у музеі “Спадчына” адкрылі яшчэ адну залу.

— Сельскагаспадарчы ліцэй быў вельмі значнай установай для Мсціслава, і цяпер мы зберагаем яго гісторыю, — тлумачыць Ганна Панцялеева. — Прыдумалі нават дыя­раму: трактары, што выпраўляюцца з раніцы ў палі, — пачынаючы ад “сталінца” да МТЗ-80 і самага сучаснага “Беларуса”.

Музей Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа “Спадчына” — адзін з найлепшых віртуальных музеяў у краіне. Не палянуйцеся, зайдзіце на яго сайт. Вы не толькі ўбачыце цудоўныя калекцыі, але і зможаце падгледзець цікавыя ідэі для ўласнай работы.

Сёння будаўнічы каледж працягвае лепшыя традыцыі свайго старажытнага горада. Маладыя мсціслаўскія майстры становяцца прызёрамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, творчыя калектывы заваёўваюць вялікія сцэны, а спартыўная каманда займае высокія месцы ў спартакіядах.

— З 2005 года наш каледж заўсёды атрымлівае прызы ў розных конкурсах прафесійнага майстэрства, у тым ліку на Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills, — радуецца поспехам сваіх падапечных дырэктар Леанід Віктосенка.

Падрыхтоўка рабочых і спецыялістаў у каледжы вядзецца на двух аддзяленнях: “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” і “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. Выпускнікі маюць магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў скарочаны тэрмін у БНТУ, Беларуска-Расійскім універсітэце і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.