Падрыхтаваць выхаванцаў да паспяховага жыцця ў грамадстве

- 15:28Магілёўшчына

У Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення пражывае і навучаецца 117 дзяцей, у тым ліку 32 сіраты, з розных раёнаў Магілёўскай вобласці. Як расказаў дырэктар школы Валерый Сяргеевіч Харытонаў, асноўная задача спецыялістаў установы — падрыхтаваць выхаванцаў да будучага жыцця ў грамадстве, каб яны нароўні з астатнімі маглі забяспечыць сябе ўсім неабходным, рэалізавацца ў прафесіі, стварыць сям’ю.

Знаёмства са школай пачынаем з наведвання гістарычна-краязнаўчага музея, які размясціўся на тэрыторыі ўстановы ў будынку XIX стагоддзя, які належаў Тупічэўскаму манастыру. Музей носіць імя яго заснавальніка Пятра Дзмітрыевіча Урублеўскага — ура­джэнца Мсціслаўля, заслужанага настаўніка БССР. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня яго нараджэння. Калі ў 1967 годзе ў школе было вырашана адкрыць краязнаўчы музей, многія з рэчаў, сабраных Пятром Дзмітрыевічам, былі перададзены туды ў якасці экспанатаў. У школе П.Д.Урублеўскі арганізаваў лялечны тэатр. Лялькі, зробленыя рукамі хлопчыкаў і дзяўчынак (волаты, прынцэсы, Кашчэй Бессмяротны) знайшлі сваё месца ў школьным музеі. Ёсць тут і маленькая карцінная галерэя мсціслаўскіх краязнаўцаў, якая складаецца з уласных карцін Пятра Дзмітрыевіча, што захавалі для нас велічны выгляд манастыроў і цэркваў Мсціслаўшчыны, ад многіх з якіх засталіся толькі руіны… У экспазіцыйнай зале “Старажытны Мсціслаўль” можна атрымаць уяўленне пра горад XII стагоддзя. У зале баявой славы размясціліся стэлажы этнаграфічнай экспазіцыі, дзе прадстаўлены экспанаты, знойдзеныя падчас раскопак у 1969 годзе на Замкавай гары археалагічнай экспедыцыяй Акадэміі навук СССР. Дарэчы, актыўную дапамогу ёй аказвалі навучэнцы школы для глухіх дзяцей, якая раней тут размяшчалася, на чале з П.Д.Урублеўскім. Увагу прыцягваюць дыярамы, выкананыя Пятром Дзмітрыевічам і яго выхаванцамі з пластыліну. Пра нягоды, якія выпалі на долю нашага народа, можна даведацца з экспазіцыі “Гады, абпаленыя вайной”.


“Правільна арганізаваная занятасць дзяцей — гэта шлях да поспеху і магчымасць атрымац­ь карысныя навыкі, — упэўнены Валерый Сяргеевіч. — У нашай школе папулярнасць набылі адукацыйныя практыкі або калектыўныя творчыя справы, выконваючы якія дзеці праяўляюць свае здольнасці. Зараз у рамках праекта “Як я магу выратаваць планету” пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце А.В.Зубковай і настаўніцы В.Ю.Гекавай у школе афармляецца кабінет прыродазнаўства, і вучні прымаюць непасрэдны ўдзел у стварэнні эскізаў. Ёсць прышкольны ўчастак, дзе мы вырошчваем агародніну, садавіну. Дзеці садзяць, полюць, паліваюць і падкормліваюць будучы ўраджай, атрымліваючы пры гэтым каштоўныя працоўныя навыкі. Для рознаўзроставай групы дашкольнікаў, якіх у інтэрнаце 10, вучні пад кіраўніцтвам настаўніка-дэфектолага Г.І.Ермаковай стварылі развіццёвую гульню “Агарод”, з дапамогай якой малышы вучацца правільна высаджваць агародніну.

Школьнікі захапляюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, удзельнічаюць у афармленні выстаў, малююць, лепяць, працу­юць у тэхніках валення, квілінгу і г.д. Усе касцюмы для канцэртаў педагогі і дзеці шыюць самі, ствараюць цэлыя калекцыі і ставяць мастацкія нумары. Спачатку распрацоўваецца праект касцюма, затым да яго падбіраецца музыка, танец. Калектыў школы-інтэрната на працягу шэрага гадоў з’яўляецца пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”: у 2013 годзе дыпломам І ступені адзначана калекцыя касцюмаў “Гжэльскія матывы”; у 2016 годзе перамога атрымана за серыю касцюмаў “Каляндар народных свят і абрадаў” з галаўнымі ўборамі, пашытымі па матывах народных абрадаў і свят; у 2019 го­дзе дыпломамі адзначаны танцавальны нумар “Шахматы” і серыя касцюмаў “Купалы Мсціслаўшчыны” з выявай манастыроў і цэркваў з адпаведным музычным нумарам, якім аўтары (творчая група педагогаў і дзяцей) хацелі звярнуць увагу на родную зямлю, якую называюць Усходняй Меккай Беларусі. Пераможцай Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” стала стваральніца ўбору “Снежная каралева” Т.В.Лявухіна”.

Пад кіраўніцтвам намесніка па выхаваўчай рабоце Т.У.Астапенка ва ўстанове створана праграма “Здаровая школа”. Вялікая ўвага ўдзяляецца фарміраванню ў вучняў уяўленняў пра здароўе, здаровы лад жыцця праз пазаўрочную работу і падчас вучэбнага працэсу, які ўключае ўрокі курса “Чалавек і свет”, факультатывы па ЗЛЖ, арганізаваныя з выкарыстаннем здароўезберагальных тэхналогій. На ўроках АБЖ дзецям прывіваецца культура бяспечнага стаўлення да сябе і навакольнага свету, фарміруюцца ўменні і навыкі па асновах медыцынскіх ведаў, паводзін у надзвычайных сітуацыях. У школе праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы, у якіх прымаюць удзел усе навучэнцы, у тым ліку і тыя, хто па стане здароўя аднесены да падрыхтоўчай і спецыяльнай медыцынскіх груп. У школе ёсць лыжная база, спартыўны гарадок, трэнажорная зала, 5 аб’яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці.

Для таго каб пасля заканчэння школы-інтэрната вучні маглі вызначыць свой далейшы адукацыйны маршрут, педагог-псіхолаг школы вядзе спецкурс “Выбар прафесіі”, разам з вучнямі наведвае мясцовыя хлебазавод і льнозавод, прадпрыемства “Магілёўхімвалакно”, Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, ліцэі, кале­джы. Выпускнікі школы пераважна паступаюць у Магілёўскія дзяржаўныя прафесійныя ліцэі № 1 і № 2, Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, Мсціслаўскі дзяржаўны будаўнічы каледж.

На Мсціслаўшчыне створана партнёрская сетка ўстаноў адукацыі ў рамках устойлівага развіцця. Школа з’яўляецца членам асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, а яе найбліжэйшы партнёр — ЦКРНіР, з якім установа ла­дзіць сумесныя выставы і праекты, тэатральныя пастаноўкі. Наладжана супрацоўніцтва са звычайнымі школамі, з Цэнтрам дзіцячай творчасці, раённым Цэнтрам культуры. З валанцёрскімі праграмамі ва ўстанову прыязджаюць студэнты МДУ імя А.А.Куляшова і БДСГА.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.