Тут жыве прыгажосць

- 15:33Магілёўшчына

Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А.Я.Ларына — месца, насычанае творчасцю. Тут вучаць ствараць прыгажосць, выпястоўваюць таленты, ператвараюць здольнасці ў майстэрства. Гэта абумоўлена мастацкім профілем, які ўжо шмат гадоў застаецца вядучым для ўстановы. Выпускнікі каледжа ўвасабляюць прыгажосць у мастацка-афарміцельскіх работах, вырабах з гліны, у дызайне мэблі. Ёсць і яшчэ адзін кірунак навучання — тут рыхтуюць выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. І гэтыя выпускнікі таксама ствараюць прыгажосць — у душах сваіх маленькіх выхаванцаў.

Алена Баркоўская.

Сучасным работнікам і навучэнцам кале­джа дасталася надзвычай багатая гістарычная спадчына. Установа стала першым у Беларусі прафесійна-тэхнічным вучылі­шчам мастацкага профілю. Сапраўдны прарыў у развіцці быў зроблены ў той час, калі кіраваў установай А.Я.Ларын. Аркадзь Ягоравіч быў чалавекам выбітным. Удзельнічаў у баявых дзеяннях Вялікай Айчыннай вайны, служыў у авіяцыі, дэмабілізаваўся ў званні маёра. Далейшыя дасягненні былі звязаны ўжо з педагагічнай працай — яму былі прысвоены званні “Заслужаны работнік — настаўнік прафтэхадукацыі БССР”, “Народны настаўнік СССР”. На працягу 39 гадоў ён узна­чальваў вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Установа займала адно з першых месцаў у сістэме прафтэх­адукацыі ўсяго СССР, з 1969 года насіла назву “Вучылішча высокай культуры”. Пад кіраўніцтвам А.Я.Ларына быў напрацаваны перадавы вопыт дзейнасці інжынерна-педагагічнага калектыву па мэтанакіраваным фарміраванні творчых здольнасцей як інтэгральнай якасці асобы навучэнцаў. Вопыт гэты прызнаны наватарскім і быў шырока распаўсюджаны ў сістэме прафтэхадукацыі СССР.

Павага да легендарнага дырэктара ўвасобілася не толькі ў назве ўстановы — з 2010 года каледж носіць яго імя, але і ў рабоце. Сучасныя  супрацоўнікі каледжа імкнуцца захоўваць высокія стандарты навучання, закладзеныя папярэднікамі, і асаблівае стаўленне да развіцця творчых здольнасцей.

Сёння ў каледжы на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляюць падрыхтоўку па такіх спецыяльнасцях, як “Мастацка-афарміцельскія работы і дызайн інтэр’ераў”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Сталярныя, паркетныя і шкляныя работы”, “Эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі прапануюць спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”, “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне”. У кале­джы 558 навучэнцаў, з імі працуюць 34 выкладчыкі і 16 майстроў вытворчага навучання.

У вучэбным корпусе абсталяваны 27 вучэбных кабінетаў, 2 камп’ютарныя класы. Аднак не яны звяртаюць на сябе ўвагу, а калідоры корпуса, якія больш падобны да мастацкай галерэі. Тут размясцілася выстава работ навучэнцаў каледжа і майстроў вытворчага навучання. Карціны, напісаныя алеем, вытанчаныя керамічныя камплекты посуду, выразаныя драўляныя вырабы, куфэркі, інкруставаныя саломкай, бацік, арыгінальныя сувеніры… Кожны выраб хочацца падоўгу разглядаць і немагчыма не здзівіцца карпатлівай, па-майстэрску выкананай рабоце.

Сэрцам каледжа, эпіцэнтрам творчасці з’яўляюцца вытворчыя майстэрні, якія размешчаны ў асобным трохпавярховым будынку. У майстэрні па мастацка-афарміцельскіх работах нас сустракае Людміла Рыгораўна Нікіціна. Майстар вытворчага навучання расказвае, што тут навучэнцы засвойваюць розныя кірункі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У першую чаргу — традыцыйныя для беларускага народа. Але і сучасныя напрамкі не застаюцца без увагі. Педагогі ўважліва сочаць за тым, што новага з’яўляецца ў галіне, і імкнуцца знаёміць з гэтым навучэнцаў. Новыя тэхнікі і матэрыялы нярэдка сумяшчаюцца з традыцыйнымі — у выніку атрымліваюцца цікавыя спалучэнні.

— Мастакі — гэта людзі, якія па-асабліваму бачаць свет, па-іншаму адчуваюць і ставяцца да наваколля. Мы імкнёмся захаваць унікальны мастацкі погляд кожнага выхаванца, даць навучэнцу ўсе неабходныя веды і ўменні, каб ён мог праявіць сябе, паказаць сваё светаўспрыманне. Тым больш што і работадаўцы сёння хочуць бачыць у сваіх работніках асобу, індывідуальнасць, а не проста выканаўцу, — адзначае Людміла Рыгораўна.

Навучэнцы і педагогі каледжа не толькі ствараюць прыгажосць, але і распаўсюджваюць яе далёка за межамі навучальнай установы. Іх работы ўпрыгожваюць мноства ўстаноў Бабруйска і іншых гарадоў Магілёўшчыны. Напрыклад, навучэнцы каледжа пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання аформілі памяшканні аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСА Першамайскага раёна Бабруйска, абласной дзіцячай бальніцы Магілёва, спартыўныя пляцоўкі і дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы ў Глуску. Скульптуры навучэнцаў каледжа з дрэва радуюць малых на дзіцячых пляцоўках у мностве ўстаноў дашкольнай адукацыі. Ва ўстановах, пра якія вы прачытаеце на суседніх старонках гэтага выпуску газеты, таксама папрацавалі творцы з каледжа: аформілі STEM-класы гімназіі № 3 Бабруйска і
МДАІРА, холы сярэдняй школы № 34 горада.

Для рэалізацыі шматлікіх вырабаў май­строў стварылі нават асобную гандлёвую кропку: магазін “Гармонія” дзейнічае ў інтэр­наце каледжа. Кожны бабруйчанін ведае, што тут можна набыць цудоўны сувенір, элементы мэблі, сталярныя вырабы. Тавар карыстаецца попытам і не залежваецца на паліцах.

Багатая гісторыя і традыцыі  — цудоўны падмурак, каб будаваць нешта новае, але і вялікая адказнасць.

 — Мы ўсведамляем, што працуем ва ўстанове, якую можна назваць легендарнай. І кожны супрацоўнік імкнецца быць годным нашых папярэднікаў,  — адзначае дырэктар кале­джа Алена Уладзіміраўна Баркоўская. — Калектыў працуе над павышэннем якасці навучання, укараненнем эфектыўных форм і метадаў навучання з выкарыстаннем электронных і інавацыйных адукацыйных тэхналогій. Мы крочым наперад, але, як і раней, вучым ствараць прыгажосць і ганарымся гэтым.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.