Дырэктар сярэдняй школы № 46 Віцебска Ірына Астапенка: «Усе дзеці па-свойму таленавітыя»

- 15:04Образование

У сярэдняй школе № 46 імя І.Х.Баграмяна Віцебска 100% навучэнцаў наведваюць факультатыўныя заняткі, якія адпавядаюць сферы іх інтарэсаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Факт інтрыгуючы, асабліва калі прыняць да ўвагі, што ва ўстанове вучыцца 2060 школьнікаў, а вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў рамках факультатываў — справа добраахвотная. Няўжо ўсе вучні гэтай установы высокаматываваныя?

У дырэктара школы Ірыны Астапенка на гэтае пытанне ёсць адказ. Сам жа факт стапрацэнтнага наведвання навучэнцамі факультатыўных заняткаў яна лічыць толькі вынікам дзейнасці садружнасці педагогаў, навучэнцаў і бацькоў на аснове ўстаноўкі “ўсе дзеці па-свойму таленавітыя”. Што і абумоўлівае, па яе меркаванні, паспяхо­васць работы калектыву па развіцці кожнага дзіцяці.

Перадумова поспеху

— Мы распаўсюджваем паняцце “адораныя” на ўсіх вучняў, а не толькі на тых, хто праяўляе асаблівыя інтэлектуальныя альбо творчыя здольнасці, — расказала Ірына Юр’еўна. — Наша сістэма работы арыен­тавана на тых, хто мае патэнцыял для развіцця сваіх пэўных якасцей. А яны абавязкова ёсць у кожнага, нават калі дзіця і яго бацькі пра гэта не ведаюць. Дапамагчы выя­віць гэтыя якасці і развіць — задача школы. Яна шырэйшая, чым выяўленне асаблівых здольнасцей у асаблівых навучэнцаў, больш гуманная і пераважная, паколькі тычыцца кожнага вучня. І больш складаная як па аб’ёме работы, так і ў плане разглядання паняцця адоранасці. Ва ўстанове створана такая адукацыйная прастора, у якой развіваецца патэнцыял кожнага дзіцяці, уключаючы і навучэнцаў з асаблівымі патрэбамі, для якіх адкрыты пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Вызначальны падыход

Мэты і змест работы ўстановы, па словах Ірыны Юр’еўны, вызначае падыход, арыентаваны на развіццё ўсіх дзяцей, а не толькі высокаматываваных на навучанне:

— Як вядома, матывацыя абапіраецца на веды. Гэта падразумявае, што, ўсведамляючы свой патэнцыял і разумеючы, што ён можа быць развіты, але толькі на аснове ведаў, вучань не ўпусціць шанс і прый­дзе на патрэбны яму факультатыў. Для ўсведамлення ж свайго патэнцыялу дзіцяці трэба даведацца пра сябе больш. І ў гэтым дапамагае дыягностыка яго здольнасцей.

Дарэчы, як тут не ўзгадаць погляд Т.Ф.Пашковіч, беларускага аўтара метадычнай распрацоўкі “Сістэма работы з адоранымі дзецьмі”: калі гаворка ідзе пра дзейнасць ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі, то мэтазгодна наладжваць сістэму работы з дзецьмі, якія валодаюць патэнцыялам. А патэнцыял — гэта не толькі і не абавязкова адоранасць інтэлектуальнага або творчага плана, але і здольнасці да розных відаў дзейнасці. Такой устаноўкі прытрымліваюцца і педагогі школы.

У сярэдняй школе № 46 імя І.Х.Баграмяна Віцебска працуюць 156 педагогаў: 98% з іх маюць вышэйшую адукацыю, 69% — першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Як “вымяраюць” таленты

Дыягнастычная работа па вывучэнні інтарэсаў і схільнасцей дзяцей праводзіцца скаардынавана ва ўзаемадзеянні педагогаў з псіхолагамі і бацькамі першакласнікаў. Праз анкетаванне вызначаюцца ўяўленні бацькоў аб схільнасці дзяцей да розных відаў дзейнасці, вынікі анкетавання бацькоў параўноўваюцца з данымі псіхолага-педагагічнай дыягностыкі ўзроўню развіцця здольнасцей дзяцей. Трэба адзна­чыць, што даныя дыягностыкі навучэнцаў і анкетавання бацькоў не ўспрымаюцца ва ўстанове ў якасці канчатковага выніку. Як адзначае педагог-псіхолаг Вольга Стрык, ні адзін з падыходаў нельга абсалютыза­ваць, бо патэнцыял дзіцяці часта не паддаецца вымярэнням, гэта заўсёды справа штучная. Т.Ф.Пашковіч таксама сцвярджае, што “правільна вызначыць межы здольнасцей і адоранасці няпроста, часта і немагчыма”. Тым больш што на практыцы даволі часта жаданні дзяцей, запыты бацькоў і даныя  дыягностыкі разыходзяцца.

Ёсць дзеці, якія ўсведамляюць свае запыты і магчымасці, хочуць і могуць развіваць свае здольнасці. Ёсць тыя, хто ўсведамляе і можа, але не хоча. І тыя, хто хоча, але ў свае сілы не верыць. А ёсць і тыя, хто аб сваіх здольнасцях нават і не падазрае. Як тут быць? Як лі­чыць Ірына Юрьеўна, канчатковы адказ можа даць толькі дзейнасць, падчас якой і дзеці, і бацькі, і педагогі сябе правераць. А для для гэтага патрэбны ўмовы для дзейнасці згодна з запытамі вучняў і выбар дзейнасці.

Выбар ёсць

У школе дзейнічаюць 44 аб’яднанні па інтарэсах самых розных напрамкаў: харэаграфія, мастацкая творчасць, рукадзелле, вакал, тэатральнае мастацтва, літаратурнае краязнаўства. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя працуе 20 спартыўных секцый: баскетбол, футбол, ушу, тэквандо, лёгкая атлетыка, валейбол, атлетычная гімнастыка, гандбол, жаночы футбол, шашкі, шахматы.

Арганізаваны 352 факультатыўныя заняткі па прадметным, музычным, харэаграфічным, спартыўным, патрыятычным, мастацка-эстэтычным напрамках, таксама прапануюцца заняткі па энергазберажэнні і экалогіі.

Ва ўстанове на працягу 8 гадоў дзейнічае навуковае таварыства вучняў 2—4 класаў “Юныя знаўцы” пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў І.І.Бузыканавай.

Гэта аб’яднанне навучэнцаў, здольных да пошуку, якія імкнуцца да паглыблення ведаў як па асобных прадметах, так і ў навуковых галінах. Дарэчы, у групах прадоўжанага дня арганізавана работа ў рамках структурна-функцыянальнай мадэлі ўпраўлення фарміраваннем даследчых уменняў малодшых школьнікаў, распрацаваная выхавальніцай ГПД Кацярынай Аркадзьеўнай Ачапоўскай, магістрам педагагічных навук. Навукова-даследчая і праектная дзейнасць навучэнцаў з’яўляецца як неад’емнай часткай вучэбнага працэсу, так і важным кампанентам у пазакласнай рабоце. Зыходзячы з прынцыпу сістэмнасці, у 2021 годзе для навучэнцаў 1—4 класаў арганізавалі клуб цікаўных (любознательных), актыўных дзяцей — “КЛАД”. Так малодшыя школьнікі далучаюцца да розных кірункаў інтэлектуальнай, творчай і спартыўнай дзейнасці.

 Перамогі як паказчык

Паказчык высокага ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў — шматлікія перамогі ў прадметных алімпіядах, творчых конкурсах, навукова-практычных канферэн­цыях, спартыўных спаборніцтвах. Напрыклад, 2 навучэнцы 4-х класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Т.М.Бурохінай сталі ўдзельнікамі трэцяга этапу рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”. Пад кіраўніцтвам настаўніцы музыкі В.П.Барадзіной юныя вакалісты вынікова ўдзельнічаюць у мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў. Дзіцячы калектыў “Непаседы” пад кіраўніцтвам С.М.Пуцянковай больш за 10 гадоў радуе сваімі дасягненнямі. Толькі ў 2023 годзе юныя таленты атрымалі 6 дып­ломаў I, II, III ступені абласнога і рэс­публіканскага ўзроўняў.

У 2022/2023 навучальным годзе па выніках двух тураў Віцебскай абласной дыстанцыйнай алімпіяды “Перакрыжаванне” 80 навучэнцаў 1—2 класаў сталі ўладальнікамі дыпломаў I, II і III ступені. Дарэчы, з ліку 150 зацікаўленых удзельнікаў самымі актыўнымі аказаліся першакласнікі. Навучэнцы 4-х класаў штогод займаюць прызавыя месцы ў алімпіядах па вучэбных прадметах “ЮНІОР”. У мінулым годзе 6 навучэнцаў 4 класа за высокія вынікі ў алімпіядным руху занесены ў кнігу “Першамайскія надзеі”. Нестандартны падыход да вызначэння адоранасці і яе развіцця ў пачатковых класах забяспечвае вынікі на ўсіх ступенях адукацыі.

Работы навукова-даследчага характару вучняў 3—10 класаў былі адзначаны 12 дыпломамі ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню. А 20 навучэнцаў сталі прызёрамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дарэчы, за пяць апошніх гадоў вучні школы атрымалі 6 дыпломаў чацвёртага этапу рэспубліканс­кай алімпіяды.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота з архіва школы