Дваццаць гадоў Лепельская гімназія імя І.М.Ерашова працуе над праектам “Дыялог моў і культур” у рамках супрацоўніцтва з Міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаДом” (Беларусь), дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля”(Ніжняя Саксонія), Аберштуфенкаледжам горада Білефельда (Паўночны Рэйн-Вестфалія).
Да актуальных напрамкаў нашага праекта адносяцца знаёмства нямецкіх сяброў з гістарычнай і культурнай спадчынай Рэспублікі Беларусь; павышэнне экалагічных ведаў аб альтэрнатыўных, аднаўляльных відах энергіі, якія выкарыстоўваюць рэсурсы рэк, вадасховішч, энергію ветру, сонца, вады і біямасы; набыццё першых працоўных навыкаў будаўнічых работ; сур’ёзнае, глыбокае вывучэнне гісторыі, культуры, традыцый Германіі; даследчая дзейнасць творчасці І.В.Гётэ; ваенна-патрыятычная работа з дапамогай праекта “Праз урокі мінулага да пошуку сённяшняга паміж нашымі краінамі”.
Пасля страшнай чарнобыльскай трагедыі шмат добрых людзей з усіх куткоў Зямлі адгукнулася на нашу бяду. Сярод іх была сям’я з Германіі Ірмгард і Дзітрыха фон Бадэльшвінг, якая ўжо ў трэцім пакаленні паспяхова займаецца дабрачыннай дзейнасцю. Яны і з’явіліся ініцыятарамі стварэння дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля” (Германія), а пазней і Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “ЭкаДом” (Беларусь).
Да актуальных задач гэтых арганізацый адносяцца будаўніцтва жылых дамоў для сем’яў з абласцей, забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС, з удзелам у будаўнічых зменах саміх перасяленцаў і валанцёраў з Германіі і Беларусі; правядзенне інтэграцыйных праектаў, а таксама дапамога структурным падраздзяленням. У выніку іх дзейнасці ў вёсцы Занарач Мядзельскага раёна, недалёка ад першай вёскі для перасяленцаў, і ў вёсцы Юркаўшчына Лепельскага раёна была праведзена рэстаўрацыя дзвюх цэркваў пры актыўным удзеле мясцовых жыхароў. У 2006 годзе ў вёсцы Занарач была пабудавана амбулаторыя. У 2009 годзе ў вёсцы Стары Лепель пачаў работу сумесна пабудаваны Культурна-адукацыйны цэнтр МДГА “ЭкаДом” для перасяленцаў і мясцовых жыхароў.
У якасці прыкладу альтэрнатыўнай вытворчасці электраэнергіі былі ўсталяваны першыя ветраэнергетычныя ўстаноўкі (1,4 мільёна кВт у год), геліяўстаноўкі, пелетныя ўстаноўкі, пабудаваны дамы з нізкім спажываннем энергіі.
Сумесна былі рэалізаваны праекты “Лепель, Лепель, няма лепей…”, прысвечаныя заканчэнню будаўніцтва двух першых экалагічна чыстых дамоў у вёсцы Стары Лепель, “Велікодныя традыцыі ў Беларусі і Германіі”, “Наша Беларусь. Нацыянальны касцюм”.
Прыязджаючы ў Лепель, нямецкія валанцёры, вядома ж, цікавіліся гісторыяй нашага краю. Мы хадзілі з імі ў музей, але спачатку не маглі на добрай нямецкай мове расказваць ім пра ўсе экспазіцыі. І тады з’явілася неабходнасць узяцца за наступную сур’ёзную работу — пераклад музейных матэрыялаў на нямецкую мову. Так ужо склалася, што самыя багатыя экспазіцыі ў нашым музеі — аб прыродзе Лепельшчыны (што тлумачыцца блізкім размяшчэннем Бярэзінскага біясфернага запаведніка) і пра Вялікую Айчынную вайну. Наш край партызанскі, і раны, пакінутыя вайной, такія глыбокія, што не зажылі да гэтага часу.
Спачатку мы адчувалі няёмкасць, расказваючы нямецкім сябрам пра падзеі вайны, баючыся натыкнуцца на непаразуменне і раздражненне. Мы заўсёды вельмі старанна падбіралі форму, каб паказаць нашу памяць. Але ўсё аказалася прасцей. Нямецкі валанцёр, былы вязень Хінрых Русмаер прапанаваў нам удзельнічаць у пошукавай рабоце “Падзеі і наступствы Першай і Другой сусветных войнаў у Беларусі” ў рамках супрацоўніцтва з ДА “Дамы замест Чарнобыля” (Ніжняя Саксонія). У 2005 годзе споўнілася 60 гадоў перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй. Нямецкія школьнікі прапанавалі ўдзельнічаць у праекце “Акупацыя Беларусі нямецкімі захопнікамі ў свядомасці беларускага народа”. У праграму праекта ўваходзіла наведванне тэрыторый былога канцлагера Наенгамэ каля Гамбурга, сустрэча нямецкіх і беларускіх школьнікаў з відавочцамі тых падзей.
Канцлагер Наенгамэ быў толькі звяном у густой сетцы лагераў, якую нацысты стварылі з 1933 па 1945 год. Цяпер там у Доме памяці на другім паверсе знаходзіцца зала, на сценах якой увекавечаны спісы знішчаных вязняў, пачынаючы з 1938 года, заснавання лагера. Стваральнікі музея перанеслі на белыя палотны імёны, прозвішчы, нацыянальнасці, дату, месяц і год смерці вязняў. Спачатку ў дзень знішчалі па 3—4 чалавекі. Нясцерпна балюча чытаць на іх з 1941 года раптам узросшую колькасць рускіх прозвішчаў. Толькі 9 жніўня 1944 года было знішчана 30 нашых суайчыннікаў.
У кожнага зняволенага быў на вопратцы трохвугольнік. Трохвугольнікі былі 6 колераў. Яны з’яўляліся адметным знакам кожнага вязня. Зялёны — для крымінальных элементаў, чорны — для бамжоў, алкаголікаў, дармаедаў; жоўты — для яўрэяў (спачатку заснавання лагера іх знішчалі ўсіх, але да канца вайны знішчэнне стала выбарачным) і г.д. Чырвоны трохвугольнік насілі ўсе вязні з Савецкага Саюза. Яны не мелі ніякіх правоў. Калі крымінальныя элементы, бамжы мелі права на атрыманне лістоў, пасылкі раз у месяц, на выхадны, то чырвоны колер трохвугольніка абазначаў не толькі адсутнасць усіх гэтых прывілеяў, але і дазвол для каманды аховы здзяйснення самасуду, калі ім нешта не падабалася ў дзеяннях вязня.
Паездка ў Гамбург, а затым даследчая работа над матэрыяламі і дакументамі паглыбілі нашы веды пра вайну. Мы ніколі не думалі, што і ў самой Германіі было так шмат ахвяр фашызму. Аналізуючы матэрыялы паездкі ў канцлагер Наенгамэ, мы разумелі, што немагчыма дараваць зло, якое адзін чалавек альбо народ прычыніў іншаму. Але яго можна зжыць, прымаючы пакаянне. Немагчыма забыць гвалт, здзейснены адным чалавекам ці народам над іншымі. Можна прыняць просьбу аб прабачэнні… Немагчыма выкрасліць з памяці, што мільёны ахвяр прынесены ў імя перамогі ў мінулай вайне. Але можна адчуць боль і міласэрнасць да загінуўшых — сваіх і чужых.
За актыўны ўдзел у будаўніцтве дамоў па экалагічна чыстай тэхналогіі гімназісты ў чэрвені 2000 года былі запрошаны на сусветную выставу “Экспа-2000” у горад Хановер (зямля Ніжняя Саксонія, Германія). Мы радаваліся, калі сярод 770 глабальных праектаў з усіх куткоў планеты, якія даюць практычныя вырашэнні экалагічных праблем на лакальным узроўні, знайшлі на стэндзе Тэматычнага парка імя нашай гімназіі. Выпускнікі гімназіі з гонарам успамінаюць аб іх удзеле ў трох акцыях ЮНЕСКА: “10 гадоў пасля Чарнобыля” 26 красавіка 1996 года, “50 гадоў абвяшчэння правоў чалавека” 27 красавiка 1998 года, “Дарогі да культур свету” 5 чэрвеня 2000 года. Супрацоўнічаючы з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаДом”, выпускнікі і вучні нашай гімназіі прымалі ўдзел у будаўніцтве і адкрыцці першых дзвюх ветраэнергетычных установак класа “Якабс 48/600” на беларускай зямлі ў вёсцы Дружная Мядзельскага раёна ў 2000 і 2002 гадах.
У праекце з нямецкага боку ўдзельнічае вельмі шмат пажылых людзей, аматараў паэзіі вялікага Гётэ. Адзін з іх, спадар доктар Лутц Бругман, звязаў нас з таварыствам Гётэ горада Веймара, заснаваным у 1885 годзе, якое прапанавала нам стварыць у Беларусі афіцыйна першае таварыства І.В.Гётэ, абяцаючы дапамогу, кансультацыі і падтрымку. Таварыства мы яшчэ не стварылі, але вывучаць творчасць паэта пачалі, грунтоўна даследаваўшы адзін з яго твораў — баладу “Лясны цар”. Праект “З культурнай спадчыны Германіі І.В.Гётэ. Вакол балады “Лясны цар” мы прадставілі ў гімназіі перад настаўнікамі нямецкай мовы горада і раёна, а затым перад валанцёрамі, будаўнікамі з Германіі і Беларусі. Усё ў творчасці паэта было для нас новым, не абышлося і без цяжкасцей пры авалоданні тэхнікай ценявога тэатра, папулярнага ў Веймары пры жыцці паэта. Пры рабоце над баладай “Лясны цар” мы знайшлі нечакана баладу “Саксонскі Лясны цар” на вельмі цяжкім, зусім незразумелым для нас саксонскім дыялекце. Разабрацца ў ім нам дапамог валанцёр з Германіі Ян Керн. Ён не толькі прачытаў гэтую баладу на такой незвычайнай нямецкай мове, але тлумачыў значэнне і чытанне кожнага слова з “Саксонскага Ляснога цара”.
Як настаўніку натхніць вучняў ісці непратаптанымі сцежкамі ў гэтым супрацоўніцтве? Ці можна развіваць у дзяцей фантазію пры пошуку новых форм садзейнічання з нямецкімі сябрамі? Як арыгінальна і цікава працягваць удасканальваць нашы веды па нямецкай мове? Ці можна правільна ажыццяўляць узаемадзеянне паміж культурамі? Адказы на гэтыя пытанні мы знаходзілі, працуючы над праектам “Нас пасябравала бяда”, прысвечаным адкрыццю першай экалагічнай вёскі Дружная (Мядзельскі раён); святочнай цырымоніяй прысвячэння нямецкіх сяброў у ганаровыя грамадзяне Лепеля “Багіня Юнона вітае вас!”; праектамі “Мы будуем горад дружбы Білепель”; “Дон Кіхот вітае вас…”, прысвечанымі ўрачыстаму адкрыццю другой ветраэнергетычнай устаноўкі “Якабс 48/600” у Беларусі і інш. У рамках экалагічнага і энергазберагальнага будаўніцтва на даху сталовай Старалепельскай школы была ўсталявана ў 2006 годзе сістэма сонечных калектараў.
22 жніўня 2009 года нас запрасілі прыняць удзел ва ўрачыстым адкрыцці культурна-адукацыйнага цэнтра ў вёсцы Стары Лепель. Гэты цэнтр уяўляе сабой энергаэфектыўны будынак, пабудаваны з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і абсталяваны найноўшымі энергаэфектыўнымі сістэмамі (вакуумны сонечны калектар і кацёл на драўляных гранулах-пелетах). У будаўніцтве прынялі ўдзел больш як 50 валанцёраў з Германіі і Беларусі, у тым ліку выпускнікі нашай гімназіі.
На працягу ўсяго перыяду супрацоўніцтва выпускнікі і вучні нашай школы ўдзельнічалі і падтрымлівалі экалагічнае будаўніцтва 31 дома ў вёсцы Дружная на возеры Нарач; праваслаўнай царквы і амбулаторыі з дзённым стацыянарам у вёсцы Занарач Мядзельскага раёна; дзвюх ветраэнергетычных установак у вёсцы Дружная Мядзельскага раёна і інш. Мы таксама ўдзельнічалі разам з нямецкімі студэнтамі-валанцёрамі ў дробным рамонце дамоў адзінокіх жыхароў у 6 вёсках Лепельскага раёна, дзіцячага садка ў вёсцы Юркаўшчына.
У праекце за гэтыя гады прынялі ўдзел 2,5 тысячы валанцёраў з Германіі, Беларусі і каля 900 вучняў нашай школы. Сярод іх — Алена Быкава, выпускніца МДЛУ і Гётынгенскага ўніверсітэта; Юлія Беразняцкая, выпускніца БДУ і Кёльнскага ўніверсітэта; Святлана Лукіна, выпускніца БДУ і ўніверсітэта Нюрнберга; Канстанцін Віннік, двойчы пераможца абласной алімпіяды, цяпер — студэнт факультэта міжнародных адносін БДУ; Марына Шарлай (скончыла з адзнакай Дрэздэнскі тэхнічны ўніверсітэт, абараніла дысертацыю па тэме “Метафарычная канцэптуалізацыя беларускай мовы”, прысвоена званне прафесара філасофскіх навук, працуе навуковым супрацоўнікам Дрэздэнскага тэхнічнага ўніверсітэта, прымае ўдзел у навуковых канферэнцыях, выступае з навуковымі работамі па славістыцы народаў свету ў гуманітарных універсітэтах Расіі, Чэхіі, Беларусі, Германіі, Літвы, Эстоніі).
Мы ганарымся сёння нашай багатай бібліятэкай па нямецкай мове. Яе збіралі для гімназіі і працягваюць збіраць нашы выпускнікі і ўдзельнікі гэтага праекта.
Цяпер мы прымаем удзел у праекце Europeans for Peace з вучнямі Аберштуфенкаледжа Білефельда. Праграма праекта прадугледжвае ўдзел вучняў гімназіі ў рабоце працоўнага лагера разам з вучнямі з Аберштуфенкаледжа для аказання практычнай дапамогі людзям, якія жывуць у нястачы, адзінокім пажылым людзям (рамонт печаў, комінаў, абклейка шпалерамі, рамонт вокнаў і падлог, уладкаванне прысядзібных участкаў у вёсках Стары Лепель і Юркаўшчына Лепельскага раёна) з 22.06 па 12.07.2012 года, арганізацыю сумеснай канферэнцыі “Сем цудаў у Беларусі і ў Германіі”, экскурсіі ў Полацк, Мінск і паездка ў Берлін і Білефельд.
За 20 гадоў работы ў праекце мы зрабілі з вучнямі шмат адкрыццяў. Спачатку мы проста былі рады пачуць, убачыць чалавека, які гаворыць на сапраўднай нямецкай мове, вучыцца ў яго правільнаму вымаўленню, правільнай пабудове фразы, інтанацыі, выбару слова. Затым мы выявілі, што нямецкая мова здаецца нам часам ужо занадта павучальнай. Ва ўласцівай ёй манеры ўсё канкрэтызаваць яна імкнецца пастаянна да нейкай безапеляцыйнасці і адшліфаванасці. І мы знаходзілі такія рысы характару ў нашых нямецкіх сяброў. І менавіта тады ў нас з’явілася ўсвядомленае разуменне, што мова — гэта і ёсць сам народ, і таму мы абавязаны захаваць нашу родную беларускую мову.
Святлана ШАКУРА,
каардынатар праекта, настаўніца нямецкай мовы
Лепельскай гімназіі імя І.М.Ерашова.