Дыялог прайшоў у канструктыўнай і адкрытай атмасферы

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Міністры замежных спраў і кіраўнікі замежных дэлегацый краін — членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы ў Мінску ўзгаднілі асноўныя тэматычныя прыярытэты супрацоўніцтва. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Паводле слоў міністра, адной з тэм сустрэчы сталі перспектывы далейшага рэфармавання ЦЕІ для таго, каб адаптаваць арганізацыю да новых выклікаў у рэгіёне. “Адначасова ўзгоднены асноўныя тэматычныя прыярытэты супрацоўніцтва ў арганізацыі, якія лягуць у аснову чарговага плана дзейнасці Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы на 2018—2020 гады”, — сказаў ён.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што ў цэлым дыскусія праходзіла ў вельмі дружалюбнай і канструктыўнай атмасферы. Ён падзякаваў сваім калегам за ўзважаны і прагматычны падыход да пытанняў дзейнасці арганізацыі.

У сваю чаргу альтэрнатыўны генеральны сакратар ЦЕІ Маргот Клестыль-Лефлер заявіла, што сённяшняя сустрэча была вельмі плённай. “Вынесены на абмеркаванне два асноўныя пытанні: міграцыйны крызіс у Еўропе і пашырэнне ўзаемазвязанасці ў рэгіёне. Дыялог прайшоў у вельмі канструктыўнай і адкрытай атмасферы, — падкрэсліла яна. — Мы павінны выказаць сваю ўдзячнасць беларускаму старшынству, паколькі Беларуссю былі вылучаны новыя ініцыятывы і прадастаўлена новая інструкцыя па нашай рабоце ў будучыні”.

Маргот Клестыль-Лефлер таксама звярнула ўвагу, што ЦЕІ не дасягне сваіх мэт, калі не будзе супрацоўнічаць з іншымі міжнароднымі арганізацыямі. У сувязі з гэтым дыпламат адзначыла важнасць сустрэчы экспертаў высокага ўзроўню ЦЕІ і АБСЕ па тэматыцы пераадолення негатыўных сацыяльна-эканамічных наступстваў міграцыі, якая адбылася 9 чэрвеня ў Вене і была ініцыіравана сумесна беларускім старшынствам у ЦЕІ і аўстрыйскім старшынствам у АБСЕ.

Па матэрыялах БелТА.