Дыялог, які цяпер развіваецца паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, знаходзіцца і ў інтарэсах нашай краіны, і ў інтарэсах Еўрапейскага саюза. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у час афіцыйнага візіту ў Славенію, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
“Мы падзякавалі нашым славенскім сябрам за прагматычную, аб’ектыўную пазіцыю, якую краіна заняла пры абмеркаванні пытання, звязанага з адменай санкцый супраць Беларусі. Мы гаварылі аб тым, што дыялог, які цяпер развіваецца паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, знаходзіцца і ў інтарэсах нашай краіны, і ў інтарэсах Еўрапейскага саюза. Дамовіліся аб тым, што трэба падтрымліваць гэты прынцып далейшага дыялогу”, — сказаў Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, у час візіту ў Славенію таксама абмяркоўваліся перспектывы далейшага ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве “Усходняе партнёрства”, якую беларускі бок лічыць вельмі важнай у кантэксце збліжэння са стандартамі Еўрапейскага саюза ў розных сферах.
“Мы абмеркавалі канкрэтныя напрамкі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі, — адзначыў міністр. — Я думаю, што патэнцыял гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж нашымі дзяржавамі не вычарпаны. Мы маем намер прыкласці максімум намаганняў, каб павысіць тавараабарот паміж нашымі краінамі”.
Дыпламат падзякаваў славенскаму боку за супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы і за тое, што краіна штогод прымае на аздараўленне беларускіх дзяцей, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. “Для нас гэта вельмі важная сфера ўзаемадзеяння ў чалавечым плане”, — падкрэсліў ён.
Міністр замежных спраў Беларусі таксама асобна пракаменціраваў пытанне магчымасці прагрэсу ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.
“Я абсалютна згодны з маім калегам (міністрам замежных спраў Славеніі Карлам Эр’яўцам. — Заўв. БелТА.). У нашым разуменні, на жаль, перспектыва ўрэгулявання крызісу на ўсходзе Украіны ў найбліжэйшай будучыні адсутнічае. Для таго каб гэта адбылося, каб усталяваліся мір і спакой у гэтым рэгіёне, трэба, каб усе бакі выконвалі мінскія дамоўленасці. Сёння гэтага няма. Калі мы бачым, што гэтага няма, значыць, магчыма, трэба падумаць аб арганізацыі яшчэ адной сустрэчы, можа быць, у тым жа самым “нармандскім фармаце”, можа быць, з прыцягненнем іншых гульцоў, што дало б магчымасць удасканаліць дамоўленасці, якія былі заключаны ў 2015 годзе, і вызначыць дакладны механізм кантролю за выкананнем гэтых дамоўленасцей. І тады, магчыма, гэты працэс урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны быў бы больш значным”, — сказаў Уладзімір Макей.
Ён паўтарыў, што размова ішла аб сустрэчы ў “нармандскім фармаце”, магчыма, з удзелам нейкіх дадатковых гульцоў. “Не аб сустрэчы паміж Расіяй, Украінай і Беларуссю”, — падкрэсліў міністр.
Уладзімір Макей дадаў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нядаўна наведаў Украіну з афіцыйным візітам і абмяркоўваў у тым ліку гэтыя пытанні з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. “Беларусь зацікаўлена ў тым, каб крызіс у нашай суседняй краіне як мага хутчэй спыніўся”, — заявіў Уладзімір Макей.