Дзе ў сталіцы Беларусі можна знайсці часцінку касмічнага пылу, расказаў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» загадчык Мінскага планетарыя Аляксандр Мікуліч.
Выпадковая знаходка
— Школу я любіў, хадзіў туды з задавальненнем і старанна вучыўся. Верагодна, гэта было прывіта маёй бабуляй, якая працавала настаўніцай малодшых класаў. Яна брала мяне з сабой на свае ўрокі, дзе я не толькі маляваў, але і назіраў за працэсам. Асабліва захаваўся ў памяці адзін незвычайны ўрок — бабуля правяла яго ў лесе, дзе паказвала дзецям дрэвы, лугавыя кветкі і цікава расказвала пра іх. З тых часоў я вельмі люблю прыроду і заўважаю яе прыгажосць!
— Ваш дзядуля таксама быў настаўнікам і прывіў вам любоў да дакладных навук?
— Ён працаваў дырэктарам Баравікоўскай школы і выкладаў матэматыку. Таму я, калі бываў у яго на канікулах, замацоўваў свае веды па гэтым прадмеце, а яшчэ меў магчымасць гуляць па школе. Аднойчы, будучы пяцікласнікам, у кабінеце фізікі ўбачыў тэлескоп. Зазірнуў — і ўпершыню ўбачыў Месяц і планеты Сонечнай сістэмы. З тых часоў я захапіўся астраноміяй, стаў апантаны жаданнем пашырыць гарызонт сваіх назіранняў, як мага далей убачыць прасторы Сусвету. На жаль, у той час абсерваторыя ў парку Горкага не працавала, не было такой моцнай оптыкі, якая ёсць сёння.
— Але ж гэта вас не спыніла?
— Я пачаў самастойна вывучаць даступную літаратуру. І да 11 класа ўжо добра ведаў многія тэмы са школьнай праграмы па астраноміі. Працягваў назіранні з дапамогай школьнага тэлескопа разам з сябрамі.
— Ці знаходзілі час на іншыя захапленні?
— Займаўся спортам, спрабаваў сябе ў розных відах — гуляў і ў футбол, і ў шахматы, але больш за ўсё мяне захапіла дзюдо. Прысвяціў яму 15 гадоў жыцця. Мне пашанцавала з выдатнымі настаўнікамі і трэнерамі, калі быў у складзе зборнай Беларусі. Пры гэтым не ставіў сабе мэту дасягнуць высокіх вынікаў, рабіў усё ў сваё задавальненне.
— Якія школьныя настаўнікі паўплывалі на вас асабліва?
— Вельмі ўдзячны кожнаму педагогу мінскай школы № 175, дзе я вучыўся. Асабліва Зінаідзе Паўлаўне Мароз — настаўніцы фізікі. Яна абудзіла цікавасць да прадмета, заахвочвала імкненні вучняў. Мне падабалася выконваць лабараторныя і практычныя работы. З нецярпеннем чакаў астраномію. Гэта быў мой любімы прадмет і ў школе, і падчас вучобы ў БДУ на фізічным факультэце.
Было б цудоўна, калі б у кожнай школе быў якасны тэлескоп. Дзеці маглі б праводзіць назіранні за зорным небам, якія прадугледжаны адукацыйнай праграмай па астраноміі.
— Мабыць, гены паўплывалі на ваша рашэнне паспрабаваць свае сілы ў педагогіцы?
— На 5 курсе ўніверсітэта паўгода працаваў у школе і не стану ўтойваць — мне спадабалася. Пасля службы ў арміі вырашыў працягнуць педагагічную дзейнасць. Вярнуўся ў родную школу, якая атрымала статус гімназіі, выкладаў фізіку, інфарматыку і, канечне, астраномію. Менавіта тады маё захапленне гэтай навукай атрымала другое дыханне. Мы збіралі з дзецьмі тэлескопы, актыўна праводзілі назіранні. Мой энтузіязм заўважылі і нечакана ў 2008 годзе запрасілі перайсці працаваць загадчыкам лабараторыі ў Мінскі планетарый. Якраз тады ўстанову перадалі Мінскаму дзяржаўнаму палацу дзяцей і моладзі. Неабходна было шмат чаго зрабіць, каб яна стала сапраўдным адукацыйным цэнтрам.
Цуд з Ены
— Якая задача стаяла асабіста перад вамі?
— Сітуацыя была сумная. Абсерваторыя пасля распаду Савецкага Саюза не працавала, і першае, што мы зрабілі з энтузіястамі — аматарамі астраноміі, — адрамантавалі тэлескоп. Ён быў усталяваны яшчэ ў 1965 годзе падчас адкрыцця планетарыя. Нягледзячы на свой узрост, ён вельмі якасны, мае вялікі фокус і трохсоткратнае павелічэнне, што дае магчымасць назіраць за Месяцам і планетамі Сонечнай сістэмы. Затым месяцы тры разбіраўся з тэхнікай, якая была ў планетарыі. Перш за ўсё неабходна было наладзіць работу праектара зорнага неба.
— Вы маеце на ўвазе цуд з Ены?
— Так. Гэтаму апарату хутка споўніцца сто гадоў. Можна сказаць, музейны экспанат. Яго з’яўленне ў свой час паслужыла моцным штуршком да адкрыцця планетарыяў па ўсім свеце і іх развіцця. Сёння не многія з іх могуць пахваліцца наяўнасцю такой сталай оптыка-механічнай прылады. Але праектар вельмі надзейны. Мы падтрымліваем яго ў працоўным стане і ўпэўнены, што наш цуд з Ены яшчэ нам паслужыць. Ён стаіць у зорнай зале і з яго дапамогай на кожным сеансе мы дэманструем зорнае неба нашым гледачам.
— І сучасны лічбавы праектар, які таксама ёсць у планетарыі, не стаў для яго канкурэнтам?
— Яны дапаўняюць адно аднаго. Цуд з Ены прызначаны для дэманстрацыі рэалістычнай карціны зорнага неба. Гледачы нібыта аказваюцца высока ў гарах у поўнай цемры і бачаць вялікую колькасць зорак, самых яркіх сузор’яў на небасхіле. Лічбавая ж праекцыя дазваляе паказаць прыгажосць нашай галактыкі, Сусвету, туманнасцей, далёкіх сузор’яў. Устанавілі лічбавы праектар гадоў сем назад дзякуючы спонсарам. І гэта адно з важных дасягненняў, таму што пашырыла нашы магчымасці і дазволіла нарадзіцца новым праектам у Мінскім планетарыі.
Кіно, музыка і адукацыя
— Гаворка ідзе пра стварэнне паўнакупальных фільмаў?
— І не толькі. Паўнакупальнае кіно — гэта новы і незвычайны фармат у кінамастацтве. І такія стужкі можна ўбачыць толькі ў Мінскім планетарыі. Спачатку мы набывалі гэтыя фільмы, а потым пачалі і самі рабіць свой кантэнт. Зараз у нашай скарбонцы 7 работ, прычым разлічаны яны на гледачоў рознага ўзросту. Ёсць і для самых маленькіх, і для школьнікаў. У 2017 годзе адбылася прэм’ера першай карціны “Мышаняты і Месяц”. Зараз яго паказваюць не толькі ў планетарыях Расіі, але і ў іншых краінах свету. Мы актыўна супрацоўнічаем з Акадэміяй мастацтваў, выпускнікі якой выступаюць рэжысёрамі і мастакамі нашых паўнакупальных фільмаў. З апошніх хочацца адзначыць “Мары зорак” Івана Гапіенкі, у якім расказваецца пра гісторыю развіцця касманаўтыкі, імкненне чалавека да зорак. У 2018 годзе Мінскі планетарый выступіў арганізатарам міжнароднага фестывалю паўнакупальных фільмаў. Праведзены пакуль тры такія мерапрыемствы, але спадзяёмся на працяг. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца канцэрты “Музыка і зоркі”, якія праходзяць у планетарыі ў святочныя дні. Запрашаем музыкантаў, далучаецца да нас і Дзяржаўны сімфанічны аркестр філармоніі. Ідэя таксама не новая, у многіх планетарыях так робяць. Перакананы: калі ёсць такая цудоўная карцінка, чаму б не дапоўніць яе прыгожай музыкай?!
Паўнакупальнае кіно — новы фармат у кінамастацтве. Такія стужкі можна ўбачыць толькі ў Мінскім планетарыі. Спачатку набывалі гэтыя фільмы, а потым пачалі самі рабіць свой кантэнт. Зараз у асабістай скарбонцы ўстановы 7 работ.
— Адукацыйна-асветніцкай рабоце таксама ўдзяляеце вялікую ўвагу?
— Абавязкова. У нас створаны клуб аматараў астраноміі “Аш-ню”. У ім займаюцца 12 школьнікаў. Не так шмат, як бы хацелася. Разам з імі мы выконваем даследчую і навуковую работу, праводзім практычныя заняткі, знаходзім магчымасць выязджаць за горад, каб назіраць за зорным небам. Некаторыя захапляюцца тэлескопабудаваннем, некаторыя астрафатаграфіяй. Не так даўно зацікавіліся пошукамі мікраметэарытаў. На кожным даху можна знайсці часцінку касмічнага пылу. Яна меншая за міліметр, але дзеці знаходзяць, вывучаюць, прымаюць удзел у навуковых канферэнцыях нават міжнароднага ўзроўню. Для самых маленькіх наведвальнікаў ёсць праграма “Казачны Сусвет”, для школьнікаў 5—9 класаў — “Зорныя ўрокі”, а для старэйшых — “Уражлівая навука”. Пасля прагляду фільмаў на купале планетарыя загараюцца зоркі, пра якія супрацоўнікі падрабязна расказваюць нашым гасцям. Кожны жадаючы мае магчымасць стаць удзельнікам цыкла навукова-адукацыйных лекцый “Трыбуна вучонага”. Мы запрашаем цікавых людзей з ліку навукоўцаў, касманаўтаў.
Невялікая, але свая
— Так склалася, што навуковых абсерваторый на тэрыторыі БССР не было, хаця ў суседніх краінах іх створана шмат. Таму абсерваторыя Мінскага планетарыя — унікальная ўстанова, якая дае магчымасць усім жадаючым зазірнуть у тэлескоп. Да назіранняў можна далучыцца вясной, летам і восенню. Галоўнае, каб надвор’е не падводзіла. Таксама зараз шмат аматараў астраноміі ствараюць прыватныя абсерваторыі.
— І вы не выключэнне?
— Так, у мяне ёсць свая невялікая абсерваторыя. Я жыву ў прыватным сектары. У двары пабудаваў спачатку альтанку, куды выносіў кожны раз тэлескоп для назіранняў. Гэта было клапотна — ён цяжкі. І я пераабсталяваў яе ў абсерваторыю — атрымалася “Астраальтанка”, улічваючы ўсе патрабаванні: яна павінна быць крыху вышэй за ўзровень зямлі, бо цеплавыя патокі дрэнна ўплываюць на оптыку, і з усіх бакоў абаронена ад ветру. Гэта дало мне магчымасць займацца не толькі назіраннямі, але і астрафатаграфіяй.
Мая работа і маё захапленне цесна ўзаемазвязаны. І гэта шчасце! Я не планую спыняцца на дасягнутым, мару, што з цягам часу рэалізуецца праект рэканструкцыі нашага планетарыя. Гэта падорыць новыя магчымасці і нам, і нашым наведвальнікам.
— А бывае, што рукі трымцяць ад прадчування?
— Не без таго! Сучасная оптыка вельмі адчувальная, нават дыхаць нельга. (Усміхаецца.)
— Цяжка справіцца з эмоцыямі падчас назіранняў?
— Асабліва калі чакаеш чагосьці неверагоднага. Напрыклад, не так даўно каля Зямлі пралятала камета, якую навукоўцы адкрылі зусім нядаўна. Наступны раз гэтая госця наблізіцца да нашай планеты праз 50 тысяч гадоў. Вельмі спадзяваліся, што надвор’е нам дазволіць яе ўбачыць. Але не атрымалася, паўтара месяца воблакі перашкаджаюць назіранням. Увогуле, у беларускіх аматараў астраноміі ёсць у сярэднім толькі каля 50 начэй у год, каб разгледзець далёкія аб’екты Сусвету — туманнасці, галактыкі, сузор’і.
— Вам асабіста якія касмічныя аб’екты падабаецца здымаць?
— Я больш займаюся назіраннямі, але, калі з’явілася астракамера, пачаў здымаць. У Мінску добра атрымліваюцца здымкі Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы. Далучаю да гэтага і ўдзельнікаў нашага клуба “Аш-ню” з ліку школьнікаў. На маёй старонцы ў Instagram ёсць фотаздымкі сонечнага і месячнага зацьменняў. У гэтым кірунку мне яшчэ ёсць куды расці. (Усміхаецца.)
— Не магу не запытаць пра НЛА. Сутыкаліся?
— Бывае, бачыш нешта незвычайнае, што, здаецца, немагчыма растлумачыць. Але я заўсёды імкнуся знайсці навуковае тлумачэнне. У Мінскі планетарый часта звяртаюцца людзі са сваімі фотаздымкамі, відэа. Часам за НЛА прымаюць кітайскія ліхтарыкі, часам — спадарожнікі Ілана Маска. Памятаю, сам назіраў незразумелыя лятаючыя аб’екты, як мы іх называем. Высветлілася, што гэта былі качкі, якія ляцелі высока ў начным небе над горадам.
Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва А.Мікуліча