Дзейнічаць па–партнёрску

- 12:23Інфармацыйная гадзіна

Беларускім і расійскім прадпрыемствам трэба не канкурыраваць, а дзейнічаць на сваім рынку па-партнёрску. Адпаведныя заявы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Васілём Голубевым.

“Давайце канкурыраваць шчыра, сумленна. Калі мы вырабляем камбайны ў Гомелі і “Растсельмаш” вырабляе, трэба разумець, што мы павінны як партнёры дамовіцца. Гэта наш агульны рынак. Душыць адно аднаго не трэба, – сказаў прэзідэнт. — Калі “Растсельмаш” не бачыць магчымасці дамовіцца, што нам застаецца рабіць… Канкурыраваць не толькі на нашых рынках, але і за іх межамі. Да чаго гэта прывядзе… Вазьміце МАЗ і КамАЗ. Адзін кульгае ў Беларусі, і другі працуе сяк-так. Вось да чаго прывяла гэтая канкурэнцыя. Я ўжо не кажу пра замежжа”.

“Таму мы за тое, каб па-партнёрску сябе паводзіць, дагаворвацца. Мы можам дамовіцца, і мы да гэтага гатовы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь мае магчымасць паставак у Растоўскую вобласць рознай сельгастэхнікі, у тым ліку магчымасць развіваць зборачныя вытворчасці аўта­трактарнай тэхнікі.

Як было адзначана на сустрэчы, паміж профільнымі ведамствамі Беларусі і Расіі існуе дамоўленасць, што да 5 чэрвеня павінна быць прадстаўлена праграма сумеснай кааперацыі прадпрыемстваў “Гомсельмаш” і “Растсельмаш”.

“Так, трэба ў гэтым напрамку рухацца. Чаго ваяваць адно з адным. Рынак вялізны. І нам трэба свайго не страціць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама растлумачыў сваю рэзкую рэакцыю на праблемы з пастаўкамі ў Расію беларускіх прадуктаў харчавання. “Калі вы чуеце маю рэзкую рэакцыю ў гэтым плане, гэта не таму, як некаторыя пісакі ў Маск­ве пішуць, што Лукашэнка вельмі эмацыянальны. Справа не ў эмоцыях, а ў тым, што гэта нам вельмі дорага каштавала. Калі ў нас адзіны рынак, то давайце не будзем адно аднаму падножкі ставіць”, — заявіў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што, калі ў Расіі не патрэбны пэўныя аб’ёмы беларускай прадукцыі, аб гэтым трэба прама сказаць, тады яна будзе перанакіравана на рынкі іншых краін і рэгіёнаў. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што патрэба ў беларускіх прадуктах харчавання на расійскім рынку ёсць. “Ну, тады не перашкаджайце гандляваць. А калі мы з кімсьці канкурыруем, тады трэба канкурыраваць. Таму што ў нас свабодны рынак. Не я ініцыятар гэтай рыначнай эканомікі. Гэта прыйшло з Расіі. І мы вымушаны падстройвацца пад гэтую эканоміку”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь у цэлым вельмі актыўна працуе з Расіяй па пастаўках сельгаспрадукцыі і харчовых тавараў, устаноўлены прамыя сувязі з сеткамі.

“Праблемы бываюць часам. У асноўным яны штучна ствараліся. Таму што, калі мы з Прэзідэнтам Расіі сустрэліся, па-мужчынску дамовіліся: давайце ўсё ж такі на гэтую праблему паглядзім з пункту гледжання Аляксандра Сурыкава (пасол Расіі і Беларусі. Заўв. БелТА.). А ён правільна гаворыць: калі мы хочам штосьці тут пераадолець, давайце разам будзем глядзець на ўсё, што рухаецца праз граніцу. Калі мы пачалі ў гэтым плане кантраляваць сітуацыю, яна імгненна памянялася. Яна проста знікла. Дай бог, каб назаўсёды”, — адзначыў беларускі лідар. “Пакуль такой бойкі няма. Прыязджалі спецыялісты з Расіі. Ад таго ж Данкверта. Пабывалі на нашых прадпрыемст­вах”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў вельмі высокі ўзровень беларускіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. “Вы нават калі ў Еўропе паедзеце на такія прадпрыемствы, палавіну такіх знойдзеце. Астатнія будуць значна ніжэйшага ўзроўню. Таму да нас прэтэнзій не трэба выстаўляць. І вы павінны разумець, чаму я ў тым ліку так востра на гэта рэагую, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі было нам вельмі цяжка, калі наогул па талонах раздавалі прадукты харчавання, мы тады па 2—3 рублі адкладвалі і мадэрнізавалі гэтыя прадпрыемствы. Яны нам потам і кроўю дасталіся. І калі нас сёння папракаюць (ведаеце, па якіх прычынах), што ў нас прадукты харчавання не тыя, то гэта ўжо занадта”.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што Беларусь — адзіная з усіх краін постсавецкай прасторы, якая захавала ДАСТы і нават іх узмацніла. “Сёння ў нас з прадпрыемства, фермы, комплексу не выйдзе дрэнная прадукцыя, таму што там яе адразу правераць і адбракуюць”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з губернатарам Растоўскай вобласці Васілём Голубевым падкрэсліў, што бачыць перспектыву для павелічэння тавараабароту Беларусі з Растоўскай вобласцю Расіі ў 1,5 разу (да $0,5 млрд).

Прэзідэнт адзначыў дадатную дынаміку ў гандлі паміж Беларуссю і Растоўскай вобласцю. Тавараабарот па выніках 2016 года павялічыўся амаль на 20% і дасягнуў $340 млн. “Калі мы будзем дзейнічаць настойліва, сістэмна, то той паўмільярдны рубеж, які нам вельмі трэба дасягнуць, мы дасягнём”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Растоўская вобласць уваходзіць у лік найбуйнейшых сельскагаспадарчых рэгіёнаў Расіі. Таму адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва, які неабходна паглыбляць, з’яўляецца аграрная сфера. Беларусь мае пэўны практычны вопыт у жывёлагадоўлі, раслінаводстве, вырошчванні збожжавых, агароднінных культур, у краіне задзейнічаны сусветны вопыт па будаўніцтве і мадэрнізацыі ферм пад малочнатаварныя комплексы.

Акрамя таго, ёсць магчымасць паставак у Растоўскую вобласць адпаведных тавараў і прадуктаў. Беларусь таксама гатова прапанаваць аўтобусы МАЗ для падрыхтоўкі Растова-на-Доне да правядзення чэмпіянату свету па футболе 2018 года.

“З улікам прамысловага і інавацыйнага патэнцыялу Беларусі і Растоўскай вобласці нам трэба прапрацаваць варыянты актывізацыі існуючых вытворча-кааперацыйных сувязей”, — сказаў прэзідэнт.

Перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва і ў будаўнічай сферы, у тым ліку ў сферы дарожнага будаўніцтва. “Наша прадпрыемства “Белдзіпрадар” добра зарэкамендавала сябе ў многіх рэгіёнах Расіі. Калі ў гэтым плане будзе цікавасць, мы гатовы працаваць у Растоўскай вобласці. Мы можам таксама аказваць вам паслугі дарожна-будаўнічай тэхнікі, па праектаванні і будаўніцтве дарог у розным выкананні”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Нашы магчымасці вы ведаеце. Вы для нас не чужыя лю­дзі”, — дадаў беларускі лідар.

У сваю чаргу губернатар Растоўскай вобласці Расіі Васіль Голубеў заявіў, што патэнцыял супрацоўніцтва з Беларуссю велізарны. “Мы былі ў гэтым перакананы заўсёды. Але прыемна, што апошнім часам аб гэтым стаў сведчыць сам бізнес. А гэта самы кароткі шлях да выніку і поспеху”, — сказаў губернатар.

Ён адзначыў, што ў складзе дэлегацыі, якая прыбыла ў Беларусь з Растоўскай вобласці, шмат членаў урада гэтага расійскага рэгіёна і буйных бізнесменаў, якія абмяркоўваюць з беларускімі партнёрамі магчымасці практычнага напаўнення супрацоўніцтва.

Васіль Голубеў акцэнтаваў увагу на ўзаемадзеянні ў прамысловасці, у прыватнасці ў галіне сельгасмашынабудавання. Гэтыя напрамкі знойдуць сваё адлюстраванне ў новай дарожнай карце супрацоўніцтва на перыяд 2017—2019 гадоў. “Ёсць магчымасць развіваць кааперацыю, займацца сумеснай вытворчасцю новых відаў сельскагаспадарчай тэхнікі і займаць тыя нішы, якія сёння ёсць на рынках Беларусі і Расіі”, — адзначыў губернатар.

Яшчэ адной тэмай сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы стала перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. “Відавочна, што сёння магутнасцей па перапрацоўцы некаторых відаў сельгаспрадукцыі недастаткова. І ў гэтым выпадку мы маглі б папрацаваць не толькі з практыкамі — вытворцамі сельгаставараў, але і з навукай. Гэтыя кантакты былі б узаемна цікавыя для абодвух бакоў”, — сказаў Васіль Голубеў.

Перспектывы ёсць і па выкарыстанні беларускай тэхнікі ў Растоўскай вобласці ў самых розных сферах. У іх ліку — будаўнічы комплекс, жыллёва-камунальная гаспадарка. У найбліжэйшы час напярэдадні чэмпіянату свету па футболе 2018 года плануецца дадатковая закупка пасажырскай тэхнікі.

“Адно з пытанняў, якое мы абмяркоўвалі, — гэта стварэнне новых умоў для авіязносін паміж Растовам і Мінскам. Такія даручэнні былі дадзены, і нашы прадстаўнікі практычна ўжо займаюцца гэтым пытаннем”, — расказаў губернатар па выніках сустрэчы.

“Тавараабарот, які сёння ёсць (каля $339 млн), — гэта, відавочна, не мяжа. У нас ёсць магчымасць на працягу найбліжэйшых двух гадоў, да 2019 года, давесці яго да $500 млн”, — рэзюмаваў Васіль Голубеў.