Днямі ў БДПУ імя Максіма Танка прайшло абмеркаванне праекта Канцэпцыі развіцця нацыянальнай сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі (2015—2020 гады). Работа над гэтым дакументам вялася ў педагагічным універсітэце два гады, і вось, нарэшце, ён прадстаўлены на суд педагагічнай грамадскасці.
Праект канцэпцыі быў загадзя разасланы ва ўсе ўпраўленні адукацыі, ва ўсе ўніверсітэты, якія вядуць падрыхтоўку педагагічных кадраў (а іх у краіне аж 14), ва ўсе рэспубліканскія інстытуты, якія праводзяць павышэнне кваліфікацыі педагогаў. У многіх калектывах ужо абмеркавалі дакумент і перадалі распрацоўшчыкам свае заўвагі і прапановы. Трэба сказаць, што не ўсе палажэнні праекта былі ўспрыняты адназначна, а таму і абмеркаванне, арганізаванае ў БДПУ, абяцала быць цікавым і мнагагранным.
“Разглядаючы праект, хацелася б, каб мы сфакусіравалі ўвагу не столькі на крытыцы і недахопах, якія там, безумоўна, ёсць, колькі на разуменні рэалій сённяшняга дня, — заўважыў, адкрываючы семінар, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. — Мы павінны гаварыць пра тое, што нас задавальняе ў існуючай сістэме педагагічнай адукацыі, а што не задавальняе і чаму? Нам трэба назваць тыя кампетэнцыі, якія з’яўляюцца абавязковымі для спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй наогул і педагогаў у прыватнасці. Потым зацвердзіць гэтыя кампетэнцыі на ўзроўні ўрада і ўсю сваю работу выбудоўваць так, каб гэтыя кампетэнцыі былі сфарміраваны. І не праз спецкурсы, а праз саму арганізацыю вучэбнага працэсу, праз усе прадметы, якія вывучаюцца, праз лад жыцця і атмасферу, якая пануе ва ўніверсітэце.
Таксама трэба зразумець, што такое наша педагагічная супольнасць — універсітэты і інстытуты. Гэта адзіная карпарацыя, якая вырашае дзяржаўную задачу падрыхтоўкі кадраў, ці гэта канкурэнты? Калі канкурэнты, то неабходна стварыць аднолькавыя ўмовы для ўсіх устаноў. Калі ж гэта адзіная карпарацыя, то трэба вызначыць спецыялізацыю кожнай установы, каб не было дубліравання, а было ўзаемадапаўненне.
Давайце сур’ёзна прааналізуем сітуацыю, якая склалася. Гэта дапаможа нам зрабіць правільныя захады і вырашыць галоўную задачу — шляхам максімальнай мабілізацыі наяўных рэсурсаў павысіць якасць падрыхтоўкі педагогаў”.
Праект Канцэпцыі развіцця нацыянальнай сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі (2015—2020 гады) прадставіў рэктар БДПУ Аляксандр Жук.
“Галоўнай ідэяй прапанаванай канцэпцыі з’яўляецца пераход на кластарную мадэль развіцця сістэмы педагагічнай адукацыі. Мы лічым, што інтэграцыя патэнцыялаў адукацыі, навукі і інавацыйнай педагагічнай практыкі ўстаноў адукацыі можа вывесці сістэму на якасна новы ўзровень. Падрыхтоўка педагогаў — гэта дзяржаўная задача, таму мы павінны дзейнічаць разам”, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.
Асноўнымі ўдзельнікамі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара павінны стаць БДПУ як вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі ў сістэме падрыхтоўкі педагагічных кадраў; універсітэты, якія ажыццяўляюць прафесійную падрыхтоўку педагогаў; комплексы “профільны педагагічны клас (педагагічная гімназія) — педагагічны каледж”, якія могуць стварацца пры ўніверсітэтах у якасці вучэбнай і доследна-эксперыментальнай базы (на гэтай жа базе студэнты, магістранты і аспіранты змогуць праходзіць бесперапынную педагагічную практыку, ажыццяўляць вучэбную, навукова-даследчую і праектную дзейнасць); навукова-метадычныя ўстановы, лабараторыі, цэнтры і інстытуты, якія разам з універсітэтамі будуць займацца навукова-даследчай дзейнасцю; установы дадатковай адукацыі; навуковыя і педагагічныя супольнасці, аб’яднанні і арганізацыі.
Сёння ў сістэме педагагічнай адукацыі назапасілася шмат праблем, якія трэба вырашаць: гэта і нізкі прэстыж педагагічнай прафесіі, і цяжкасці набору на педагагічныя спецыяльнасці, і адставанне сістэмы падрыхтоўкі педагогаў ад сучасных запытаў устаноў адукацыі, неадпаведнасць міжнароднаму ўзроўню і г.д. Распрацоўшчыкі канцэпцыі прапаноўваюць аб’яднаць намаганні для вырашэння згаданых праблем і далейшага развіцця.
Па іх меркаванні, вучэбна-навукова-інавацыйны кластар дазволіць стварыць прынцыпова новую рэальнасць прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. Сеткавае ўзаемадзеянне адукацыйных устаноў будзе спрыяць развіццю мабільнасці ў сферы адукацыі, удасканаленню інфармацыйнага абмену і распаўсюджванню эфектыўных рашэнняў.
Сцвярджаецца таксама, што ў рамках кластара можа быць забяспечана эфектыўная пераемнасць у адборы і падрыхтоўцы педагагічных кадраў у сістэме “профільная школа (педагагічная гімназія) — педагагічны каледж — педагагічны ўніверсітэт — паслядыпломная педагагічная адукацыя — дадатковая адукацыя дарослых”. Гэта дазволіць скіраваць на педагагічную прафесію лепшых навучэнцаў і пераадолець дэфіцыт абітурыентаў на адпаведныя спецыяльнасці.
У праекце канцэпцыі ёсць дакладнае бачанне таго, якімі кампетэнцыямі павінен валодаць выпускнік педагагічнай спецыяльнасці. Па-першае, гэта інфармацыйна-камунікацыйныя кампетэнцыі. Так, выпускнік павінен валодаць метадалогіяй пошуку новага (інфармацыі, ідэй і г.д.), методыкай аналізу і адаптацыі ведаў да сваіх прафесійных патрэб, умець ператвараць інфармацыю ў спецыяльныя веды, быць гатовым да пастаяннага навучання, валодаць кагнітыўнай і прафесійнай мабільнасцю, самастойнасцю ў прыняцці рашэнняў, быць гатовым да фарміравання інфармацыйнай культуры навучэнцаў.
Па-другое, падкрэсліваецца значнасць праектных кампетэнцый, якія дазваляюць педагогу свядома і самастойна планаваць сваю прафесійную дзейнасць, знаходзіць аптымальныя рашэнні інавацыйнага характару, пераадольваць праблемы, што ўзнікаюць у прафесійнай сферы, удасканальваць адукацыйны працэс, фарміраваць у навучэнцаў здольнасць да пабудовы ўласнай адукацыйнай траекторыі.
Таму трэцяе, аднак не менш важнае, — кампетэнцыі ў сферы выхавання. Сучаснаму педагогу неабходна ўмець працаваць з рознымі катэгорыямі дзяцей: з адоранымі дзецьмі і дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з дзецьмі-сіротамі і інвалідамі, з дзецьмі, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечных умовах, схільнымі да ўжывання алкаголю, наркотыкаў, з дэвіянтнымі паводзінамі і кіберзалежнасцю, а таксама з іх сем’ямі, у тым ліку нядобранадзейнымі.Тут неабходны гатоўнасць да духоўна-маральнага выхавання дзяцей, уменне рэалізоўваць сацыяльна значныя ініцыятывы (валанцёрскі рух, дабрачынныя акцыі і г.д.), папулярызаваць сярод школьнікаў ідэі здароўя і ўстаноўкі на здаровы лад жыцця.
У цэлым праект канцэпцыі (ён ёсць на сайце БДПУ) атрымаў станоўчы водгук з боку ўдзельнікаў семінара. Большасць заўваг тычылася ўдакладнення розных пазіцый, акрамя таго, прагучала прапанова глыбока асэнсаваць праект з пункту гледжання розных суб’ектаў сістэмы адукацыі, а таксама з улікам патрэб рэгіёнаў.
Зрэшты, рэгіянальныя ўстановы адукацыі бачаць у кластарнай мадэлі магчымасць для інтэнсіўнага развіцця і росту. А вось сталічныя ўстановы праяўляюць асцярожнасць. Хоць кластар плануецца як супольнасць самастойных, раўнапраўных суб’ектаў, якія добраахвотна супрацоўнічаюць на падставе пагадненняў і дамоўленасцей, многія апасаюцца залішняй цэнтралізацыі і страты самастойнасці ў прыняцці пэўных рашэнняў.
“Безумоўна, яшчэ давядзецца абмяркоўваць дэталі, але сама неабходнасць распрацоўкі канцэпцыі развіцця нацыянальнай сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі не аспрэчваецца, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш. — Вельмі добра, што абмеркаванне праекта выклікала сур’ёзную дыскусію. І паколькі ўсе заўвагі канструктыўныя, значыць, у праекце ёсць рацыянальнае зерне і з яго можа атрымацца добры дакумент. Асноўная мэта — прыцягнуць у працэс удасканалення сістэмы канструктыўных, ініцыятыўных людзей, якія валодаюць сучаснымі методыкамі, перадавым вопытам і могуць стварыць цэнтры крышталізацыі, якія вырастуць у стройную сістэму, карысную як для сярэдняй школы, так і для развіцця вышэйшай і дадатковай адукацыі”.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота з сайта www.bspu.by.