Дзеля ўмацавання міру і ўзаемаразумення паміж народамі

- 10:46Інфармацыйная гадзіна

Фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” служыць высакароднай мэце — умацаванню міру і ўзаемаразумення паміж народамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 ліпеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

“Гэта сапраўды знакавая з’ява ў жыцці нашай краіны, славянскіх народаў, у якой выразна адлюстроўваюцца падзеі навейшай гісторыі. Успамінаюцца часы, калі на постсавецкай прасторы разбураліся векавыя ўстоі і людзям было не да мастацтва. Менавіта тады мы пастараліся сабраць разам усе творчыя сілы дзеля агульнай справы — духоўнага адраджэння і прадаўжэння лепшых традыцый, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтую высокую місію ўзяў на сябе наш фестываль. Ён стаў сапраўдным сімвалам яднання мільёнаў людзей добрай волі, таму што служыць высакароднай мэце — умацаванню міру і ўзаемаразумення паміж народамі, захаванню культурнай разнастайнасці і падтрымцы талентаў”.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што з набыццём шырокай вядомасці кансалідуючая роля віцебскага форуму ўзрасла яшчэ больш. “Ён у поўнай меры садзейнічае канструктыўнаму міждзяржаўнаму дыялогу. Любы замежны госць, які пабываў на нашым фестывалі, вяртаецца ў сваю краіну пасланнікам міру”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што “Славянскі базар” — равеснік суверэннай і незалежнай Беларусі, за гэтыя гады ён стаў сапраўднай жамчужынай міжнароднага фестывальнага руху і візітнай карткай краіны.

“Тут, у старажытным Віцебску, які негалосна прызнаны нашай культурнай сталіцай, за чвэрць стагоддзя пабывалі творчыя дэлегацыі з 72 дзяржаў. І сёння зноў усе сцягі ў госці да нас. Мы сардэчна прымаем удзельнікаў і прыхільнікаў фестывалю, якія прыбылі з Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Гэта красамоўна сведчыць не толькі аб яго папулярнасці, але і аб узрастаючым аўтарытэце Беларусі ў супольнасці нацый”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ганаровымі гасцямі фестывалю на гэты раз сталі Прэзідэнт Малдовы, дзяржаўны сакратар Казахстана, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрага дзяржаў. “Мастацтва не ведае межаў, яно збліжае народы, родніць душы і сэрцы. Пад летнім віцебскім небам сустракаюцца шматлікія сябры з усіх канцоў зямнога шара. Менавіта дзеля гэтага ўспыхнула і вось ужо больш за чвэрць стагоддзя ззяе зорка “Славянскага базару”, які ўвабраў у сябе сардэчнасць, дабрыню і найвялікшую гасціннасць беларусаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.