Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутонен падпісалі пагадненне аб правядзенні ў Мінску 26-й летняй сесіі ПА АБСЕ.
Летняя сесія ПА АБСЕ пройдзе ў Мінску 5—9 ліпеня і будзе прысвечана ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне. Усяго чакаецца каля 700 гасцей. У цэлым плануецца насычаная праграма, якая ўключае пасяджэнне пастаяннага камітэта ПА АБСЕ і агульных камітэтаў па палітычных пытаннях і бяспецы, па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі, па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях. У якасці асноўных перагаворных пляцовак вызначаны адміністрацыйны комплекс на праспекце Пераможцаў, 14 і “Прэзідэнт-Атэль”.
Размаўляючы з журналістамі па выніках цырымоніі, Уладзімір Андрэйчанка выказаў меркаванне, што візіт дэлегацыі ПА АБСЕ ў Беларусь — значны крок у развіцці супрацоўніцтва з гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй. Паводле яго слоў, важна, што прапанова аб правядзенні сесіі, якая мае адбыцца, менавіта ў Мінску ішла ад прадстаўнікоў асамблеі і атрымала падтрымку краін-удзельніц.
Як адзначыў спікер, галоўнай тэмай яго сустрэчы з Крысцін Мутонен сталі ключавыя пытанні арганізацыйнага характару, якія трэба будзе вырашаць ужо ў бліжэйшы час.
У сваю чаргу Крысцін Мутонен звярнула ўвагу, што ў ПА АБСЕ заўсёды складваліся добрыя адносіны з беларускай дэлегацыяй, і яна разлічвае, што найтак будзе і ў далейшым. Што тычыцца 26-й летняй сесіі, якая пройдзе ў Мінску, яна прагназуе вельмі цікавыя дыскусіі сярод палітыкаў і парламентарыяў. Крысцін Мутонен таксама праінфармавала, што падагульняючым дакументам стане Мінская дэкларацыя з рэкамендацыямі для ўдзельнікаў.
“Апошнім часам Мінск стаў пляцоўкай міжнародных перагавораў, міжнародных падзей, і мы спадзяёмся, што наша мерапрыемства ўнясе ў гэтую справу свой уклад”, — дадала старшыня ПА АБСЕ.
Нагадаем, што галоўнай падзеяй у дзейнасці ПА АБСЕ з’яўляецца штогадовая летняя сесія, на якой выбіраюцца кіраўніцтва і службовыя асобы асамблеі, прымаюцца дэкларацыі і рэзалюцыі.
25-я сесія ПА АБСЕ праходзіла ў пачатку ліпеня 2016 года ў Тбілісі (Грузія).