Штогод 1 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень грамадзянскай абароны. Ён адзначаецца ў краінах — членах Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны з мэтай прапаганды ведаў аб грамадзянскай абароне і ўзняцця прэстыжу нацыянальных службаў ратавання.
Ужо некалькіх гадоў запар менавіта 1 сакавіка ў нашай краіне стартуе рэспубліканская акцыя “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”, арганізатарамі якой выступае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Мэта акцыі — фарміраванне культуры бяспекі жыццядзейнасці і правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем у галіне абароны ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.
Надзвычайная сітуацыя — словазлучэнне, якое ў наш час зразумела нават малодшаму школьніку, якое, на жаль, амаль штодня ў нас на слыху, але, нягледзячы на гэта, яно прымушае заміраць сэрца, бо гэта пагроза для жыцця, боль, пакуты, страты. Пераважна ў такіх сітуацыях небяспека пагражае дзецям: недахоп пэўных ведаў і практычных навыкаў часам прыводзіць да сумных наступстваў. Умець не разгубіцца ў небяспечнай сітуацыі, своечасова адрэагаваць, дапамагчы сабе і аказаць дапамогу тым, хто побач, — задача, з якой справіцца пад сілу не кожнаму даросламу, а што ўжо гаварыць пра дзяцей.
У пачатку сакавіка ратавальнікі адправяцца ў школы, дзе правядуць з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ўрокі бяспекі. У пачатковай школе малодшым школьнікам раскажуць аб надзвычайных сітуацыях, пра тое, як сябе паводзіць у выпадку іх узнікнення. Каб заняткі былі цікавымі і запамінальнымі, для малых падрыхтаваны віктарыны, інтэрактыўныя гульні з прызамі і сувенірамі, прагляд мультыплікацыйных фільмаў. Дарэчы, зусім нядаўна МНС выпусціла серыю мультфільмаў па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Чароўная кніга МНС”, якія і будуць выкарыстаны ў ходзе акцыі. Пасля заняткаў у абавязковым парадку пройдзе адпрацоўка плана эвакуацыі.
Са старшакласнікамі работнікі МНС правядуць прафілактычныя мерапрыемствы, навучаць правільным дзеянням у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, замацуюць набытыя веды, адпрацуюць іх на практыцы і яшчэ раз нагадаюць дзецям пра тое, што многіх небяспек у жыцці можна пазбегнуць, трэба толькі ўмець іх сцерагчыся, пры неабходнасці правільна рэагаваць. Акрамя гэтага, падрыхтаваны тэматычныя гульні і конкурсы, відэафільмы “Школа бяспекі”, “Дзеянні па сігнале “Увага ўсім!”.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Ратавальнікі плануюць прыняць удзел і ў бацькоўскіх сходах. Асноўныя прычыны пажараў, дзеянні па сігнале “Увага ўсім!”, неабходнасць выконваць правілы бяспекі ў перыяд вясновых канікул — асноўныя пытанні, якія плануюць асвятліць ратавальнікі на сходах. У рамках акцыі таксама плануецца прэзентацыя інфармацыйнай кампаніі “Ганарымся, што навучылі!”, якая стала новым сацыяльным праектам МНС і заклікана матываваць бацькоў вучыць дзяцей бяспецы.
Мерапрыемствы пройдуць з 1 па 17 сакавіка ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.