У гэтым годзе Рэспубліка Беларусь 25-ы раз адзначыць Дзень пажылых людзей. Той факт, што гэты дзень адзначаецца нараўне з многімі святамі і памятнымі датамі, сведчыць пра павагу да ўсіх пажылых людзей — членаў нашага грамадства, прызнанне іх заслуг і значнасці іх працы. Дзень пажылых людзей — гэта даніна павагі да старэйшага пакалення, перад якім мы ў неаплатным даўгу, але ў нашых сілах зрабіць іх жыццё лепшым, напоўніць яго цяплом і святлом.
Стварэнне ўмоў для належнай якасці жыцця людзей старэйшай узроставай групы і падтрыманне іх сацыяльнага статусу з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі.
Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі, яго арганізацыйнымі структурамі ўсіх узроўняў сумесна з Рэспубліканскім саветам ветэранаў працы галіны і галіновага прафсаюза ўдзяляецца асаблівая ўвага ветэранам, склалася пэўная сістэма работы, падтрымліваюцца традыцыі. У Пагадненні паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады замацаваны шэраг пазіцый, якія датычацца работы з ветэранамі, іх сацыяльнай падтрымкі. Напярэдадні Дня пажылых людзей просім арганізацыі галіновага прафсаюза дайсці да кожнага ветэрана, наведаць адзінокіх, правесці сустрэчы, ушанаванні, святочныя мерапрыемствы з запрашэннем, пры неабходнасці, іншых зацікаўленых асоб і арганізацый.
Дзень пажылых людзей — добрае і светлае свята, калі мы акружаем увагай і клопатам родных, блізкіх, калег. Вельмі важна не пакінуць сам-насам пажылых людзей са сваімі праблемамі, здолець аказаць ім рэальную дапамогу, падтрымаць словам. Бо часам нават простая чалавечая спагада здольна ствараць цуды.
Аляксандр БОЙКА,
старшыня ЦК галіновага прафсаюза.