Дзень ведаў з польскім акцэнтам

- 14:24Адукацыйная прастора

Першы на Віцебшчыне кабінет польскай мовы пачаў работу з 1 верасня ў сярэдняй школе № 22 абласнога цэнтра.

Магчымасць па жаданні вывучаць польскую мову ў школе або ва ўстанове дадатковай адукацыі ў рэгіёне на цяперашні час ёсць у навучэнцаў з Браслаўскага і Пастаўскага раёнаў. У Віцебску на факультатыўнай аснове прадмет выкладаецца ў гімназіі № 2. У Дзень ведаў гэты спіс пашырыўся: у сярэдняй школе № 22 Віцебска ў другой палове дня будуць арганізаваны факультатыўныя заняткі па польскай мове для ўсіх жадаючых з 1 па 11 клас. Больш за тое, месцам іх правядзення стане ўтульны і прыгожа аформлены, абсталяваны неабходнай аўдыя- і відэатэхнікай і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі кабінет. Яго першай гаспадыняй стала малады спецыяліст сёлетняя выпускніца Белдзяржуніверсітэта Яніна Новікава.

— На сёння ў нас 254 навучэнцы, і амаль трэць з іх падчас папярэдне праведзенага маніторынгу выказала жаданне вывучаць польскую мову, — расказала дырэктар школы Алена Новік. — Асноўная замежная мова ў нашай установе адукацыі — англійская, жадаючыя таксама на платнай аснове могуць вывучаць нямецкую. Заняткі па польскай мове будуць ажыццяўляцца на бясплатнай аснове. Духоўнае багацце чалавека залежыць ад таго, колькі замежных моў ён ведае, таму мы ўпэўнены, што цяпер перад нашымі навучэнцамі адкрыюцца больш шырокія далягляды і яны павысяць сваю канкурэнтаздольнасць у адукацыйным асяроддзі. Новы кабінет арганізаваны пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Спадзяёмся на тое, што адукацыйны працэс будзе паспяховы.

Гасцямі школы ў святочны дзень сталі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік, першы сакратар пасольства Ганна Дэрска, прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, кіраўнік раённай адміністрацыі Сяргей Сташэўскі.

— Для мяне вялікі гонар і радасць пабываць на Віцебшчыне і пачуць польскую мову, — адзначыў Конрад Паўлік. — Нас многае аб’ядноўвае: культура, традыцыі, роднасныя мовы. Вялікі дзякуй дырэктару і ўсяму педагагічнаму калектыву школы за такую добрую ініцыятыву. Паміж нашымі краінамі актыўна развіваюцца эканамічнае ўзаемадзеянне і турыстычны абмен. Вывучэнне польскай мовы ў Беларусі, а беларускай мовы ў Польшчы ўмацоўвае наша сяброўства. Мы суседзі — ёсць, былі і будзем, нам трэба абменьвацца вопытам, ведамі, у тым ліку трэба ўсталёўваць больш асабістых кантактаў. Менавіта сфера адукацыі спрыяе такому супрацоўніцтву.

Віцебская школа мае намер у будучыні наладжваць партнёрскія кантакты з установамі адукацыі Польшчы, праводзіць абмен навучэнцамі, рэалізоўваць сумесныя навукова-культурныя праекты.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.