“Дзень вышыванкі” — свята родных узораў

- 11:18Выхаванне

Заўтра, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Мінску пройдзе агульнарэспубліканская акцыя “Дзень вышыванкі”. Родныя ўзоры другі раз сталі лейтматывам грандыёзнага свята, якое разгорнецца на пляцоўцы каля Палаца спорту. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканкам і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Вышыванкі з’яўляюцца сапраўднай візітоўкай беларусаў. Вышыты нацыянальны арнамент — гэта не проста ўпрыгажэнне, гэта своеасаблівы шыфр, праз стагоддзі перададзены нам продкамі. Кожны ўзор у арнаменце — гэта сімвал, які валодае магутнай энергетыкай і дае пэўны пасыл. Здаўна арнаменты лічыліся засцярогамі, у іх укладвалі станоўчы сэнс.

У нашы дні нацыянальны арнамент набірае ўсё большую папулярнасць, становіцца неад’емнай часткай у афармленні адзення, прадметаў побыту, інтэр’ера людзей усіх узростаў.

На свята з’едуцца дэлегацыі абласцей і Мінска, прадстаўнікі творчых клубаў, аб’яднанняў, грамадскіх арганізацый, субкультур, спартсмены, папулярныя беларускія артысты, творчая моладзь. Менавіта для іх і з іх удзелам тут будзе арганізавана мноства тэматычных пляцовак.

Так, каля Палаца спорту разгорнецца выстава-продаж сувеніраў, адзення, аксесуараў з беларускім арнаментам “Скарбніца”, на якой сваю творчасць прадставяць майстры народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пройдуць майстар-класы майстроў народных промыслаў па ткацтве, вышыўцы, выразанні выцінанак і інш.

У кожнай краіне ёсць унікальныя славутасці, кожны народ мае яркія культурныя асаблівасці, якія выяўляюцца ў мастацтве. Самай запамінальнай, яркай нотай з’яўляюцца менавіта стравы нацыянальнай кухні. На пляцоўцы каля Палаца спорту разгорнецца кірмаш-продаж страў беларускай нацыянальнай кухні “Прапаноўваем прысмакi на розныя смакi”.

Святочны арт-парад “Пад сцягам з вышыванкай” прадставіць творчае шэсце прадстаўнікоў таленавітай і адоранай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны, творчых калектываў, духавых і інструментальных аркестраў, фальклорных калектываў, танцавальных школ, тэатраў, прадстаўнікоў розных прафесій, нацыянальных культур, папулярных субкультур і аб’яднанняў (велатрэалісты, байкеры, джамперы, скейтбардысты, ролеры, брэйк-дансісты, графіцісты, хадулісты, бітбоксеры, хіп-хоперы, мастакі бодзі-арту, аўтары бардаўскай песні, поп-, рок-групы, прадстаўнікі рыцарскіх клубаў, аматары рэтрааўтамабіляў і інш.). Свае паказальныя выступленні яны прадставяць у нацыянальных касцюмах ці вопратцы з элементамі нацыянальнага арнаменту.

На цэнтральнай сцэне свята пройдзе дэфіле мадэлей у касцюмах з элементамі вышыванкі ад беларускіх дызайнераў і вытворцаў.

Арганізатары акцыі запрашаюць жыхароў краіны выкарыстаць аксесуары з нацыянальным беларускім арнаментам ці апрануцца ў вышыванкі. А ўсіх, у каго ёсць каханы чалавек, запрашаюць прыняць удзел у флэшмобе “Пацалунак у вышыванцы”. Закаханыя, сабраўшыся на флэшмобе ў вызначаны час у спецыяльна адведзеным месцы, могуць здзейсніць самы масавы пацалунак у годзе.

Адначасова з работай тэматычных пляцовак інтэрактыўнай экспазіцыі на цэнтральнай сцэне свята пачне работу творчая эстафета “#Я_♥_Беларусь” — канцэртная праграма творчых калектываў, папулярных эстрадных выканаўцаў з абласцей i Мiнска з удзелам фолк-, рок-калектываў, дзе таксама прадставяць свае творчыя выступленні фіналісты Рэспубліканскага конкурсу на лепшую сучасную эстрадную песню пра Беларусь “Бела-тон”.

Падчас правядзення свята на пляцоўцы каля Палаца спорту разгорнецца маштабная разнапланавая інтэрактыўная экспазіцыя “Родны кут”. Канцэптуальнай асновай стануць тэматычныя пляцоўкі-прэзентацыі абласцей i Мiнска ў фальклорным стылі. Прычым у стварэнні тэматычных пляцовак-прэзентацый выкарыстоўваюцца элементы фальклору рэгіёнаў краіны: народныя абрады, касцюмы, гульні, побыт, народныя промыслы і інш. На кожнай пляцоўцы будуць арганізаваны выставы і майстар-класы маладых майстроў народных промыслаў, характэрных для кожнага рэгіёна Беларусі.

Маладзёжныя каманды прымуць удзел у квесце “Мая Беларусь”. У рамках работы інтэрактыўнай фотамайстэрні адбудзецца фотасесія, дзе кожны жадаючы зможа сфатаграфавацца ў вышыванках і тантамарэсках, будзе арганізавана фотасушка, фотагалерэя.

Тут жа адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў фотаконкурсу “Сэлфі&фота з вышыванкай”. Старт гэтаму конкурсу быў дадзены 15 чэрвеня ў межах рэспубліканскага маладзёжнага праекта “Беларусь — крыніца натхнення”, і за гэты час паступіла больш за 1000 работ.

На тэматычнай інтэрактыўнай пляцоўцы будзе арганізавана работа арнаментальнага бодзі-арт-салона, конкурс “Азбука вышыванкі”. Кожны жадаючы зможа выступіць у якасці дызайнера пры размалёўванні маек, самастойна стварыць бутаньерку, зрабіць аквагрым і стрыт-арт, паспаборнічаць на пляцоўцы народных гульняў і інш.

Адным з яркіх складнікаў акцыі стане работа спартыўнай пляцоўкі, дзе будуць арганізаваны спаборніцтвы па стрытболе, падняцці гіры, футболе, настольных спартыўных гульнях. Знакамітыя спартсмены правядуць майстар-класы па відах спорту, аўтограф-сесію для ўсіх жадаючых і інш.

Заключным мерапрыемствам акцыі “Дзень вышыванкі” стане маладзёжная дыскатэка і творчы конкурс “Бітва дыджэяў” з удзелам дыджэяў з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска, зорак беларускай эстрады.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Івана БАРЫСАВА і Вольгі СКІЛОНДЗЬ.