Муж і жонка з Паднябеснай Чжан Сінь і Чэнь Сяацзяа — аспіранты БДУ — выкладаюць кітайскую мову ў гімназіі № 10 Маладзечна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Факультатыў для навучэнцаў 3—9 класаў яны вядуць ужо трэці год. Па-руску госці з Кітая размаўляюць добра — вывучылі мову яшчэ ў Расіі, дзе, дарэчы, атрымалі педагагічную адукацыю. Усяго ў гімназіі кітайскую вывучаюць сто дзяцей.
— У мяне 4 групы вучняў, — расказвае Чэнь Сяацзяа. — Самыя малодшыя — трэцякласнікі, якія толькі запамінаюць асобныя словы, а вось шасцікласнікі ўжо добра гавораць на мове Паднябеснай. Самае складанае для школьнікаў — гэта, вядома, іерогліфы, якіх у нашай мове каля 8 тысяч! Таму спачатку вучым маленькіх беларусаў успрымаць мову на слых, а ўжо потым удзяляем увагу граматыцы.
Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце і настаўніца англійскай мовы Ірына Літаш адзначае, што заняткі па кітайскай праходзяць вельмі яскрава і экзатычна, нават педагогі іх з задавальненнем наведваюць:
— Дзеці на факультатыў запісваюцца з энтузіязмам, у тым ліку з іншых устаноў адукацыі раёна. Я ўпэўнена, што беларускіх настаўнікаў кітайскай мовы з кожным годам будзе станавіцца больш. Лепшы варыянт, каб адначасова выкладалі і кітайскія педагогі, і нашы.
Штогод у гімназіі праходзіць тыдзень кітайскай мовы, падчас якога святкуюць і ўсходні Новы год. Кожны дзень тэматычнага тыдня мае свой напрамак. Напрыклад, фанетычны — дзеці спаборнічаюць у правільным вымаўленні слоў, скорагаворак, чытанні і дэкламаванні вершаў. А ў дзень, прысвечаны настольным гульням, гуляюць у гобанг, які нечым падобны на шашкі і лічыцца адной з самых складаных гульняў свету. Таксама вучні робяць знакамітыя маскі з кітайскай оперы, практыкуюцца ў вязанні кітайскіх вузлоў. Вельмі захапляюць школьнікаў майстар-класы па кітайскай каліграфіі. Ёсць ва ўстанове адукацыі і харэаграфічная студыя, дзе юныя кітаязнаўцы развучваюць кітайскія танцы.
— Нашы вучні ўдзельнічаюць у алімпіядах і маюць поспехі, — дзеліцца Ірына Дзмітрыеўна. — А выпускніца гімназіі Юльяна Дзявятава двойчы была ўзнагароджана прэміяй пасла КНР. У мінулым годзе танец “Шэн Шэн Мань” у выкананні шасцікласніцы Дар’і Лопух быў выбраны для трансляцыі на анлайн-канцэрце, арганізаваным інстытутамі Канфуцыя з усяго свету. Традыцыйна нашы вучні прымаюць удзел у сусветным конкурсе “Мост кітайскай мовы” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі