«Дзеці нават палепшылі свае вынікі» — меркаванне аб ЦЭ

- 15:16Актуально, Образование

Вучні Святланы Пашкоўскай, настаўніцы беларускай мовы сярэдняй школы № 2 Круглага, не толькі пацвердзілі, але і палепшылі свае гадавыя адзнакі па выніках здачы ЦЭ па беларускай мове, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Пункт для здачы ЦЭ ў раёне быў арганізаваны на базе сярэдняй школы № 1 Круглага. Дзеці прызнаваліся, што ва ўмовах свайго раёна ім было псіхалагічна лягчэй праходзіць выпрабаванне, чым калі б гэта было ў іншым горадзе, — расказвае педагог. — Я працую ў профільным класе, на працягу двух гадоў мы з вучнямі ўзмоцнена рыхтаваліся да іспыту, яны ездзілі на кожны этап РТ. У маі 11 маіх вучняў здавалі ЦЭ па беларускай мове. І вынікамі засталіся задаволены. Заданні былі, як і пісала Міністэрства адукацыі, разлічаны на «сярэдняга» вучня, якія маюць 7—8 балаў (чатыры ўзроўні складанасці). І дзеці гавораць, што пытанні былі пад’ёмнымі, увесь матэрыял яны праходзілі ў школе.

Усе мае вучні пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, а некаторыя атрымалі нават вышэйшы бал, хоць узровень вучэбнай дзейнасці (засваення вучэбнага матэрыялу) па 10-бальнай шкале ў іх застаўся ранейшы. Клас у мяне моцны, адзнакі ў дзяцей вар’іруюцца ад 7 да 9 балаў. Пяць вучняў замест 9 школьных балаў у атэстат атрымаюць 10, паколькі набралі падчас ЦЭ ад 82 да 100 балаў. Хтосьці падняўся з 7 да 8 балаў. Валерыя Кубека атрымала запаветныя 100 балаў. Дзяўчына плануе стаць юрыстам.

Ужо не першы год нашы выпускнікі добра здаюць беларускую мову. Два гады назад у мяне ўжо была стабальніца Ангеліна Блінкова, якая цяпер вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова на перакладчыка.

Надзея ЦЕРАХАВА