У Слуцкім раёне сталі ўжо традыцыйнымі інклюзіўныя мерапрыемствы, дзе кожнае дзіця, у тым ліку з асаблівасцямі, можа праявіць свае здольнасці і таленты. Падрабязна аб гэтым карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала дырэктар Слуцкага раённага ЦКРНіР Інеса Панамарова.
Можна навучыць усіх
— Паняцце «дзіця, якое немагчыма навучыць» цалкам зжывае сябе. Усе дзеці прызнаюцца тымі, каго можна навучыць. Не яны падстройваюцца пад існуючую сістэму адукацыі, а сістэма падстройваецца пад кожнага з іх, — адзначае суразмоўніца. — Талерантныя адносіны да дзяцей з АПФР у нашым раёне ўкараняюцца праз вучэбны працэс і аздараўленне, культурна-адукацыйную дзейнасць, экалагічнае выхаванне.

Спецкласы для дзяцей з АПФР у школах ужо не адкрываюцца. Затое актыўна ствараюцца класы інтэграванага навучання і выхавання — іх сёння ў раёне 128. Апорнай установай па інтэграцыі з’яўляецца сярэдняя школа № 13 Слуцка, дзе займаюцца вучні з рознымі псіхафізічнымі асаблівасцямі, у тым ліку з парушэннямі зроку і функцый апорна-рухальнага апарату. Ва ўстанове створана безбар’ернае асяроддзе (абсталяваны пад’ёмнік, пашыраны дзвярныя праёмы, устаноўлены таблічкі па Брайлю і г. д.).
У дзіцячых садах адкрыты 37 груп інтэграванага навучання і выхавання і 24 спецыяльныя групы, з іх дзве — для дзяцей з парушэннямі зроку, а астатнія — для тых, у каго цяжкія парушэнні маўлення. Сярод дашкольных устаноў апорным у пытаннях адукацыі дзяцей з АПФР з’яўляецца дзіцячы сад № 19 Слуцка.
Раённы ЦКРНіР наведваюць 53 дзіцяці з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і (або) псіхічным развіцці. Яны навучаюцца па праграмах спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі і агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю. Для іх галоўнае — сацыялізацыя і інтэграцыя ў грамадства, авалоданне жыццёвымі кампетэнцыямі. У цэнтры таксама аказваецца ранняя комплексная дапамога дзецям ад 0 да 3 гадоў.
Для 35 дзяцей у раёне па медыцынскіх паказаннях арганізавана навучанне дома. Але, па магчымасці, яны ўдзельнічаюць у выхаваўчых мерапрыемствах школ і дзіцячых садоў, за якімі замацаваны, наведваюць з аднагодкамі канцэрты, ходзяць на экскурсіі.
Не побач, а разам
— У сваёй дзейнасці мы часта сутыкаемся з неразуменнем і непрыманнем соцыумам дзяцей з асаблівасцямі, якіх неабходна ўключаць у грамадскае жыццё па прынцыпе «не побач, а разам», — адзначае намеснік дырэктара Слуцкага ЦКРНіР Анжэла Сеўрук. — З гэтай мэтай у нашым цэнтры рэалізуюцца педагагічныя і інавацыйныя праекты, наладжана супрацоўніцтва з установамі адукацыі раёна, мясцовай грамадскасцю.

Дзякуючы праектам прыйшло разуменне, што асаблівыя дзеці не маюць патрэбы ў нашым жалі. І іх трэба прымаць такімі, якія яны ёсць, паважаць і дапамагаць раскрыць таленты. А яшчэ нам варта быць больш цярпімымі і памяркоўнымі: людзі з інваліднасцю прыкладаюць у дзясяткі разоў больш намаганняў для дасягнення пастаўленых мэт, чым кожны з нас. І гэта даказаў адзін з нашых праектаў, што накіраваны на дапамогу дзецям з асаблівасцямі ў раскрыцці творчых здольнасцей. Хтосьці шукаў сябе ў жывапісе разам з педагогамі і выхаванцамі цэнтра дзіцячай творчасці, дзе заняткі маглі праходзіць па прынцыпе «рука ў руцэ», калі звычайнае дзіця або педагог браў руку асаблівага падапечнага і разам яны пісалі карціны. Іншыя выхаванцы раскрывалі свае пеўчыя або танцавальныя даныя. Значным вынікам праекта стала стварэнне танцавальнага калектыву навучэнцаў Слуцкага раённага ЦКРНіР і сярэдняй школы № 8 «Слуцкія ўзоры». Дзіцячыя таленты былі высока ацэнены ў раёне і вобласці на фестывалях «Вясёлкавы карагод», «Запалі сваю зорку». Калектыў «Слуцкія ўзоры» двойчы стаў лаўрэатам міжнароднага дыстанцыйнага фестывалю дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі «Юныя зоркі» за харэаграфічную кампазіцыю «Гусары» і за музычны нумар «Свята любові» ў выкананні выхаванкі ЦКРНіР Хрысціны Жыбулевіч і вучня 8-й школы Сашы Казакова.
Вольны час і аздараўленне
На фарміраванне інклюзіўнай культуры ў раёне накіраваны акцыі міласэрнасці, дружбы, экалагічныя і дабрачынныя мерапрыемствы, канцэрты і фестывалі, спартыўныя святы, тэатральныя пастаноўкі, конкурсы. Інклюзіўнае аздараўленне падчас канікул — яшчэ адна прыступка ў інтэграцыі дзяцей з АПФР у грамадства і адна з мэт рэспубліканскага інавацыйнага праекта, да якога далучыўся Слуцкі раённы ЦКРНіР. Яго адметнасць у тым, што ўстановы адукацыі раёна ў кожную сваю аздараўленчую змену падчас канікул уключаюць інклюзіўныя фестывалі пад агульнай назвай «Фарбы года» (у залежнасці ад сезона гэта будуць «Фарбы лета» і г. д.).
У банку даных Слуцкага раёна сёння размешчана інфармацыя аб 1850 дзецях з АПФР. Кожны, хто мае патрэбу ў карэкцыйна-педагагічнай дапамозе, атрымлівае яе ў поўным аб’ёме. Безбар’ернае асяроддзе створана ў 39 з 80 устаноў адукацыі Слуцкага раёна.
Да выхаванцаў ЦКРНіР, якія праходзяць аздараўленне ў сваёй установе, у госці прыходзяць дзеці са школ і дзіцячых садоў раёна з канцэртнымі, спартыўнымі і творчымі праграмамі. Для педагогаў, якія задзейнічаны ў аздараўленні, ладзяцца семінары па пытаннях узаемадзеяння з дзецьмі з АПФР. Сёлета праект завяршаецца, і самы галоўны яго вынік у тым, што ўсе ўстановы адукацыі раёна гатовы прыняць на аздараўленне асаблівых дзяцей, арганізаваць для іх інклюзіўную прастору і цікавы вольны час.
Педагогі і бацькі
— Навучыць лічыць, пісаць, чытаць можна любога. А вось навучыць суперажываць, дапамагаць, прымаць непадобнасць, быць добрым і міласэрным магчыма толькі тады, калі няма паняцця «яны», а ёсць толькі «мы», і знешнія адрозненні не маюць значэння, калі мы «не побач», а «разам», — гаворыць І. Панамарова. — Навукоўцамі даказана, што клас, у якім ёсць дзіця з асаблівасцямі, значна лепш умее выбудоўваць міжасобасныя адносіны.
Інклюзія пачынаецца са змянення мыслення. Так, у раёне працягвае рэалізоўвацца абласны праект «Мы разам», мэта якога — аказаць садзейнічанне педагогам у фарміраванні ў норматыповых дзяцей інклюзіўнай культуры. Акрамя таго, Слуцкі раённы ЦКРНіР з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам па рабоце з бацькамі дзяцей з АПФР. Тут функцыянуюць школы для бацькоў дзяцей ранняга ўзросту (ад 0 да 3 гадоў) і для бацькоў выхаванцаў ЦКРНіР. Для іх арганізуюцца індывідуальныя і групавыя кансультацыі, у тым ліку анлайн. Бацькі асаблівых дзяцей з’яўляюцца ўдзельнікамі ўсіх інклюзіўных мерапрыемстваў як у карэкцыйным цэнтры, так і ў раёне.
«Зялёная школа»
У 2022 г. Слуцкі раённы ЦКРНіР атрымаў статус «Зялёная школа» і стаў адзінай установай такога тыпу, якая рэалізуе гэты праект. Нароўні са звычайнымі дашкольнікамі і школьнікамі выхаванцы цэнтра вывучаюць родную прыроду, вучацца берагчы ваду і электраэнергію, вырабляюць кармушкі і домікі для птушак, удзельнічаюць у зборы макулатуры і акультурваюць тэрыторыю цэнтра (пасаджаны «Сад дружбы» са 120 туй, пладовыя дрэвы).

— Талерантныя адносіны да людзей з асаблівасцямі, інклюзіўная адукацыя павінны стаць нормай для грамадства. Наш калектыў паспяхова з гэтым спраўляецца, — упэўнена І. Панамарова. — І на гэта ёсць дзве прычыны. Першая — наш цэнтр — гэта вялікая сям’я, моцная сваімі традыцыямі, здольная вырашыць любыя праблемы. Разам мы выйгравалі ў сур’ёзных рэспубліканскіх конкурсах, былі адзначаны па выніках работы за 2021 г. у намінацыі «Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі», а таксама занялі 3-е месца першага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства сярод адукацыйных устаноў Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі — 2022 у намінацыі «Лепшая ўстанова». І другая прычына — мы працуем не для галачкі. Нашым дзецям заўтра выходзіць у вялікі свет, станавіцца дарослымі. І вельмі важна тое, як гэты свет іх прыме. Залежыць гэта ад кожнага з нас.
Надзея ЦЕРАХАВА





