Дзеці, якія чытаюць, — будучыня краіны. У гэтым упэўнены ў бібліятэцы Драгічынскай гімназіі

- 13:18Новости

Бібліятэка Драгічынскай гімназіі — сапраўдная кніжная скарбніца. Тут можна не толькі атрымаць адказ на пытанне, знайсці літаратуру па душы, але і прыняць удзел у шматлікіх мерапрыемствах, зрабіць для сябе многа адкрыццяў і проста цікава правесці час! Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

“Пакажыце мне школьную бібліятэку, і я скажу, што сабой уяўляе гэтая школа”, — заўважыў Ш.Руставелі. І сапраўды, добра арганізаваная бібліятэка — выдатны рэсурс выхавання ў навучэнцаў патрэбы ў ведах, пошуку, самаадукацыі. А гэта вырашальная перадумова паспяховай работы ўстановы. Менавіта такога меркавання прытрымліваюцца ў Драгічынскай гімназіі.

— Наша бібліятэка не проста месца, дзе выдаюць кнігі. Яна сродак выхавання рознабакова развітой, творчай і маральна сталай асобы, — падкрэсліла намеснік дырэктара Ірына Мікалаеўна Жураўская.

У бібліятэцы Драгічынскай гімназіі пануе асаблівая атмасфера. Тут хочацца спыніцца, знайсці твор для душы і паглыбіцца ў такі загадкавы і заўсёды прывабны свет кнігі. Нягледзячы на тое, што лічбавы час зацягвае ў інтэрнэт-прастору, кніга для гімназістаў была і застаецца добрай і праверанай крыніцай інфармацыі. Своеасаблівы прыцягальны настрой тут на працягу многіх гадоў ствараюць загадчыца бібліятэкі Наталля Васільеўна Крэйдзіч і бібліятэкар Вера Васільеўна Мельнічук. Яны, як добрыя чараўнікі, кіруюць цудоўным светам летуценняў, прыгод, падарожжаў, рамантыкі. Вельмі чулліва ставяцца да чытача і ўкладваюць душу ў складаную і адказную місію бібліятэкара.

— Галоўнае ў нашай рабоце — далучэнне навучэнцаў да кнігі, да чытання, чым мы і займаемся, выкарыстоўваючы розныя формы і метады, — паведаміла Наталля Васільеўна. — Добрая матэрыяльна-тэхнічная база, багаты кніжны фонд дапамагаюць працаваць так, каб наведвальнікам было камфортна ў сценах “царства” кніг і каб ім заўсёды хацелася сюды прыходзіць. Мяняецца час, а прызначэнне бібліятэкі не змянілася. І як тут не пагадзіцца са словамі Рэя Брэдберы, якія ніколі не страцяць сваёй актуальнасці: “Няма ніякай карысці ісці ў школу, калі тваёй канчатковай мэтай не з’яўляецца бібліятэка”.

Бібліятэкары гімназіі знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых ідэй. Яны афармляюць тэматычныя кніжныя выставы, інфармуюць аб новых паступ­леннях літаратуры, вучаць працаваць з бібліятэчна-інфармацыйнымі рэсурсамі, з даведачна-бібліяграфічным апаратам, каталогам выданняў.

— Нішто не можа замяніць друкаваную кнігу. Але мы жывём у інфармацыйным грамадстве, нам вельмі важна (і гэта магчыма!) аб’яднаць інтэрнэт і кнігу для маральнага развіцця моладзі і фарміравання ў яе звычкі і любові да чытання, — упэўнена загадчыца бібліятэкі.

У гімназіі выпрацаваны цікавыя формы работы з чытачамі ў шосты школьны дзень і падчас канікул. І ўвогуле, бібліятэкары кожнае мерапрыемства імкнуцца зрабіць яркім, эмацыянальным, цікавым, пазнавальным. А гэта патрабуе асаблівых ведаў, вялізнага творчага патэнцыялу і жадання працаваць.

Вера Васільеўна Мельнічук з чытачамі

— Адметнасці нашай прафесіі сёння — актыўнасць, ініцыятыўнасць. І нам гэта падабаецца, — адзначыла Вера Васільеўна Мельнічук.

Бібліятэка — гэта тое месца, дзе нараджаецца сяброўства чытача з кнігай. А спрыяе гэтаму клуб па інтарэсах “Кнігаронак”, які працуе 10 гадоў і аб’ядноўвае звыш 15 навучэнцаў 5—8 класаў. Дарэчы, з кожным годам колькасць гурткоўцаў узрастае. Выхаванцы клуба ўдзельнічаюць у шматлікіх мерапрыемствах, тэатралізаваных пастаноўках, гульнявых праграмах. Гэта сапраўды творчы калектыў. Гімназісты самі рыхтуюць дэкарацыі, касцюмы для выступ­ленняў. Гурткоўцы ўдзельнічаюць у правядзенні тыдня адкрытых дзвярэй у гімназіі, дораць святы кнігі дашкалятам, праводзяць экскурсіі для вучняў малодшых класаў, працуюць у “Кніжнай бальніцы”.

У бібліятэцы рэалізоўваюцца цікавыя праекты і акцыі. Сустрэчы з пісьмен­нікамі, паэтамі — заўсёды значная па­дзея, якая звязвае творцаў і чытачоў любоўю да слова. Цесную сувязь падтрымліваюць з гарадской бібліятэкай, з ваенна-гістарычным музеем імя ­Д.К.Удовікава. Варта адзначыць, што ў бібліятэцы ўдзяляюць вялікую ўвагу духоўнаму выхаванню чытачоў, а ў гэтым дапамагае плённае супрацоўніцтва з клірыкам Еўфрасіннеўскага храма айцом Дзімітрыем. Парадавалі і вынікі ў гэтым кірунку: у мінулым годзе занялі 1-е месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”.

Бібліятэкары ганарацца сваімі чытачамі і іх дасягненнямі. Так, гімназія не раз была пераможцай розных раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, у падрыхтоўцы да якіх не абыходзілася без намаганняў і карпатлівай працы спецыялістаў кніжнай справы. А яны, дарэчы, з’яўляюцца не проста пасрэднікамі паміж аўтарамі і чытачамі, але і добрымі сябрамі, дарадчыкамі, памочнікамі, настаўнікамі.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі