Дзевяць незабыўных дзён

- 15:37Адукацыйная прастора, Рознае

Стаць удзельнікам інавацыйнага праекта або правесці дзевяць дзён у палявых умовах. Ці цікава гэта сённяшняму “камп’ютарнаму” пакаленню? Пра тое, што гэта і цікава, і карысна, расказалі арганізатары і ўдзельнікі такога актыўнага адпачынку.

Наталля КАЗАКЕВІЧ і Ягор КЯТКО, навучэнцы гімназіі № 1 Навагрудка:

— Асаблівасць спартыўна-патрыятычнага лагера “Ветразь” у тым, што ўсе мы сталі ўдзельнікамі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродак фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў”, які рэалізоўваецца на працягу 2015—2018 гадоў.

Удзельнікі “Ветразя” праводзілі вусныя гістарычныя даследаванні. За час работы лагера навучэнцы гімназіі запісалі шмат інтэрв’ю з жыхарамі вёсак Чарэшля, Вераскова, Дзяляцічы, Яўсеевічы. Слухаць успаміны старажылаў было вельмі цікава і пазнавальна. Яны расказвалі нам пра даваеннае жыццё, пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, партызанскі рух на Навагрудчыне, пра жыццё на выжыванне ў канцлагерах Эстоніі, Аўстрыі, Германіі, пра тое, як ствараліся калгасы, пра знакамітых людзей таго часу і многае іншае.

Пабывалі мы ў мемарыяльным комплексе “Партызанская стаянка” і музеі партызанскай славы ў вёсцы Чарэшля. Адным з ініцыятараў стварэння гэтага музея і першым яго дырэктарам была Ганна Рыгораўна Табанюхова, заслужаны настаўнік БССР. Яна падзялілася з намі ўспамінамі пра свайго мужа, удзельніка бітвы пад Масквой, Віктара Якаўлевіча Табанюхова, а таксама распавяла пра гісторыю стварэння музея, партызан-аднавяскоўцаў і перадала нам дакументы, звязаныя з работай музея, культурным жыццём Чарэшлі ў другой палове ХХ стагоддзя.

Адным з самых запамінальных стала інтэрв’ю з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам вызвалення Венгрыі і Чэхаславакіі Алімпіем Мікалаевічам Сячко. Ён распавядаў пра тыя далёкія гераічныя падзеі, перажываючы іх нанова. Нам надарылася ўнікальная магчымасць пачуць і перадаць гэтыя ўспаміны наступным пакаленням.

Інтэрв’ю сведкаў Вялікай Айчыннай вайны — вязняў канцэнтрацыйных лагераў Марыі Марцінаўны Казак, Вольгі Канстанцінаўны Немер, Ірыны Мікалаеўны Дарашэвіч — узрушылі нас да глыбіні душы. Мы нарадзіліся ў мірны час, але шмат чулі пра вайну, бо бяда не абышла бокам ні адну сям’ю, у тым ліку навучэнцаў палатачнага лагера.

— Лагер “Ветразь” прынёс шмат уражанняў. Ветэраны расказвалі нам пра вайну, каб мы змаглі перадаць сваім дзецям памяць аб тых страшных падзеях, каб ніколі не забывалі пра іх. Памяць — гэта наш абавязак. Вельмі хутка праляцеў час у лагеры. Кожны дзень мы рабілі нешта новае, глядзелі на захад сонца, сустракалі світанне, спявалі песні ля вогнішча. Дзякуй начальніку лагера Людміле Міхайлаўне Малуха і важатай Алене Віктараўне Саракапыт за арганізацыю гэтага лагера. Гэта былі лепшыя дзевяць дзён лета, — расказала ўдзельніца лагера Кацярына Стромская. — У апошні дзень лагера мы з сябрамі доўга спявалі песні ля вогнішча, запускалі ў неба ліхтарыкі, сустракалі світанне. Ніхто не хацеў ад’язджаць, усіх перапаўнялі толькі станоўчыя эмоцыі і добрыя ўспаміны аб праведзеных у лагеры днях.

Наталля ТРАСКО, выхавальніца перасовачнага палатачнага лагера сярэдняй школы Міра Карэліцкана раёна:

— “Вы стаміліся ад камп’ютара і сацыяльных сетак? Хочаце не толькі паходнай рамантыкі, але і крыху экстрыму? Вам падабаюцца гульні на свежым паветры, вячоркі ля вогнішча? Тады запрашаем у палатачны лагер “Рабінзон”, — такая аб’ява была размешчана на сайце нашай школы.

І вось 15 навучэнцаў у маляўнічым лесе непадалёк вёскі Пясчаная разбілі перасовачны краязнаўчы лагер і правялі дзевяць дзён без выгод цывілізацыі, без тэлевізара і камп’ютара. Аказалася, што гэта вельмі цікава — жыць у палатках, гатаваць ежу на вогнішчы, а па вечарах спяваць пад гітару і расказваць вясёлыя гісторыі. Увесь побыт давялося наладжваць сваімі рукамі. Калі нешта не атрымлівалася, на дапамогу прыходзілі вопытныя выхавальнікі. Палатачны лагер быў забяспечаны ўсім неабходным. Вельмі смачнай была ежа на свежым паветры. Дзеці з’ядалі ўсё з апетытам, нават прасілі дабаўкі.

Усе дзевяць дзён былі напоўнены інтэлектуальнымі і забаўляльнымі конкурсамі, гульнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі. Выхаванцы наведалі месцы баявой славы нашага раёна, паўдзельнічалі ў прыбіранні помнікаў і абеліскаў. За гэтыя дні дзеці падужэлі, атрымалі навыкі выжывання ў лесе. Урокі АБЖ аказаліся для іх вельмі карыснымі.

Самымі каштоўнымі ў лагеры былі зносіны і сяброўства. Дзеці вучыліся ўзаемадапамозе, падтрымлівалі адно аднаго, усё рабілі разам. Строгія школьныя настаўнікі сталі ў лагеры старэйшымі таварышамі і памагатымі. Завязаліся новыя сяброўскія адносіны, з’явілася шмат агульных інтарэсаў, адбыліся станоўчыя змены ў паводзінах “цяжкіх” дзяцей.

Падрыхтавала
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.