Дзевяцікласніца падрыхтавала даследчую работу, прысвечаную першаму пасляваеннаму дырэктару роднай Стружскай школы

- 16:25Новости

Дзевяцікласніца Стружскай сярэдняй школы Столінскага раёна Надзея Прыходзька падрыхтавала даследчую работу, прысвечаную першаму пасляваеннаму дырэктару роднай установы адукацыі.

Увагу дзяўчынкі прыцягнуў фотаздымак удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Ягора Бялова, размешчаны на стэндзе “У страі назаўсёды, у памяці навечна” ў школьным музеі. Вучаніца захацела даведацца пра гэтага чалавека як мага больш. У выніку з’явілася краязнаўча-даследчая работа “Педагог з баявой славай”.

Ягор Бялоў нарадзіўся ў 1912 годзе на Віцебшчыне ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Быў сведкам вялікіх гістарычных падзей і перамен пачатку ХХ стагоддзя: Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года.

У дзяцінстве дапытлівы хлопчык марыў стаць нас­таўнікам. Паступіў у Віцебскае педвучылішча, якое паспяхова скончыў. Працаваў загадчыкам пачатковай школы ў вёсцы Селядцова Бешанковіцкага раёна. Быў актыўным удзельнікам арганізацыі мясцовага калгаса. Хто ведае, як склалася б далейшае жыццё гэтага чалавека, калі б не вайна…     

Ужо ў першыя яе дні на тэрыторыі Беларусі пачалі стварацца партызанскія атрады. У адным з іх апынуўся і Ягор Бялоў. У складзе атрада № 9 брыгады “Дубава” ён змагаўся з фашыстамі з кастрычніка 1942 да чэрвеня 1944 года.

Чашніцкая партызанская брыгада “Дубава” (камандзір Фёдар Дуброўскі), створаная ў жніўні 1942-га, дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Лепельскага, Ушацкага, Чашніцкага, Бешанковіцкага і Бягомльскага раёнаў. Лясныя мсціўцы праводзілі дыверсіі на чыгуначных кірунках Полацк — Маладзечна і Орша — Лепель. Вялі баі па вызваленні тэрыторыі Лепельскага, Чашніцкага і Ушацкага раёнаў. Брыгада ўдзель­нічала ў аперацыі “Баграціён”. У адным з баёў Ягор Бялоў быў цяжка паранены.

Захавалася яго баявая характарыстыка, у якой гаварылася, што ён быў кулямётчыкам, карыстаўся аўтарытэтам сярод байцоў і камандзіраў, быў дысцыплінаваным, адважным і знаходлівым. За актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам Ягор Бялоў узнагароджаны рознымі медалямі.

Пасля вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў групу партызан, у тым ліку і Ягора Бялова, накіравалі на курсы рэзерваў пры ЦК КПБ у Мінск, а пасля адправілі ў Заходнюю Беларусь у распараджэнне Пінскага абкама партыі. Восенню 1944 года Ягора Яфімавіча прызначылі інспектарам палітасветніцкай работы Столінскага раёна, а ў ­1945-м — першым пасляваенным дырэктарам Стружскай сярэдняй школы. З вёскай Струга быў звязаны далейшы лёс Ягора Бялова.

“Прыехаўшы сюды, я застаў больш страшную карціну, чым ва Усходняй Беларусі, — успамінаў Ягор Бялоў. — Разбурэнне, голад, зямлянкі. І лю­дзі… Поўная непісьмен­насць насельніцтва: польскі ўрад не быў зацікаўлены ў адукацыі беларусаў. Ім лягчэй было эксплуатаваць “цёмных і забітых” лю­дзей. І страх! Усе жылі ў нейкім страху. У лясах хаваліся бандыты, якія час ад часу давалі аб сабе ведаць, падкідвалі пракламацыі, дзе гаварылася, што вайна яшчэ не скончылася і невядома, якая ўлада ўсталюецца”.

Будынак школы, узведзены ў даваенны час пры Польшчы, ацалеў, акрамя шкла ў шыбах і падлогі ў класах. Але палохала іншае: у школе пасля выз­валення вёскі размяшчаўся шпіталь для хворых на тыф.

Неўзабаве паклалі падлогу ў некалькіх класах, паставілі шкло ў шыбы. Дасталі падручнікі і іншыя вучэбныя дапаможнікі. Пачаліся заняткі.

Вучні былі пераросткамі. У 1 класе маглі вучыцца дзеці 8—10 гадоў, а то і старэйшыя. Вучыцца было цяжка, як і ву­чыць іх. Не хапала падручнікаў, паперы. Пісалі чарнілам, зроб­леным з сажы і буракоў, на шматках паперы, нейкіх амбарных кнігах ці на газетах.

Вучні часта прапускалі заняткі, таму што пасвілі кароў, дапамагалі ў полі ці з-за таго, што ім проста не было чаго ­абуць і адзець. “Цяжкасцей было шмат, але мы верылі, што гэта часова і надыдзе дзень, калі гэты час стане гісторыяй”, — успамінаў Ягор Яфімавіч.

Ён заўсёды з гордасцю прыгадваў першы выпуск сямігодкі. Кожны з 17 выпускнікоў знайшоў сваё месца ў жыцці. Былі сярод іх настаўнікі, медыкі, інжынеры… А самае галоўнае, што ўсе яны сталі доб­рымі і сумленнымі людзьмі.

Ідзе час. Дзеці вучацца ў новым трохпавярховым будынку школы. Квітнее і прыгажэе аграгарадок Струга. І пакуль б’юцца нашы сэрцы, мы не павінны забываць пра подзвіг тых, хто зрабіў усё для шчасця і мірнай будучыні краіны. Імя Ягора Бялова назаўсёды застанецца ў гісторыі школы і памяці аднавяскоўцаў.

Паступова наладжвалася мірнае жыццё. У вёсцы была створана партыйная арганізацыя, сакратаром якой выбралі Ягора Бялова. Шмат разоў яму давяралі мандат дэпутата Стружскага сельсавета. Людзі часта звярталіся да яго па дапамогу, а ён ніколі не адмаўляў, заўсёды ішоў насустрач.

Гэтага чалавека ўжо няма сярод нас, але памяць пра яго жыве. З Ягора Яфімавіча мо­ладзь можа браць прыклад мужнага і адданага служэння любімай справе і Радзіме. У Струзе жывуць яго дзеці, унукі, праўнукі. Ён пакінуў значны след на палескай зямлі, якая стала для яго роднай.

У Дзень Перамогі школьнікі ўспамінаюць імя Ягора Бялова падчас акцыі “Узнагародны ліст”, агучваюць інфармацыю пра баявы і працоўны подзвіг ветэрана.

Алена КРЫВАПУСТ,
настаўніца гісторыі Стружскай сярэдняй школы Столінскага раёна