Дзіцячае шчасце

- 12:48Авторские колонки, Рэмарка

Наталля КАСТЭНКА

 

 

 

 

 

 

Толькі з надыходам летніх канікул заўважаеш, як шмат у Мінску дзяцей. Кожны дзень, спускаючыся ў метро, я мінаю арганізаваныя групкі хлопчыкаў і дзяўчынак з педагогамі, якія накіроўваюцца на прагляд фільма ў кінатэатр, на прагулку ў Цэнтральны дзіцячы парк ці на выставу ў музей. Толькі за гэтыя мілыя і радасныя дзіцячыя тварыкі можна любіць лета. 

Вечарам уся гэтая дзятва перакачоўвае ў сталічныя двары, дзе ўжо адпачывае пад наглядам баць­коў. Паветра звініць ад дзявочых галаскоў, а хлопчыкі з імпэтам і неверагодным азартам ганяюць футбольны мяч. Такую ж карціну сёння можна назіраць у кожным горадзе і гарадку, у кожнай вёсцы. Лета яшчэ ў самым пачатку. Будуць яшчэ сакавітыя клубніцы, а пасля чарэшня і кавуны, будзе адпачынак у бабулі, рыбалка з татам, а магчыма, і паездка на мора ўсёй сям’ёй.

 Наперадзе аж тры месяцы шчасця! Дзіцячага шчасця.

Мы жывём у такі час і ў такой краіне, дзе лета для дзяцей можна планаваць. Дзе бацькі разам з дзецьмі могуць выбіраць, як адпачыць у чэрвені (лепш накіравацца ў прышкольны лагер, дзе так шмат сяброў), ліпені (а тут ужо можна падумаць — выбраць экалагічны летнік ці ваенна-патрыятычны) і жніўні (зразумела, на мора з бацькамі). Мы гэта ўжо даўно ўспрымаем як данасць, як аксіёму. 

Крыху статыстыкі. На правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2022 года дзяржавай выдзелена больш за 57 млн рублёў, у тым ліку каля 600 тысяч на падрыхтоўку стацыянарных загарадных лагераў да работы ў летні перыяд. Плануецца, што гэтым летам пройдуць аздараўленне больш як 362 тысячы дзяцей, з іх у лагерах з дзённым знаходжаннем — 212 тысяч і ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем — 150 тысяч. Асаблівая ўвага, як і ў папярэднія гады, будзе ўдзелена дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, і дзецям-інвалідам.

З агучанай статыстычнай інфармацыі вынікае, што кожнае дзіця ў нашай краіне мае права і магчымасць скарыстацца падтрымкай дзяржавы, каб яго лета стала незабыўным. Аднак толькі з дапамогай выдзеленых бюджэтных сродкаў аўтаматычна дзіцячае лета не зробіш шчаслівым. Тут варта папрацаваць і педагогам: прадумаць зместавае напаўненне летніх змен у лагеры. Ніколі не забуду, як падчас адной з камандзіровак некалькі гадоў назад мы завіталі ў школьны лагер (рэгіён называць не буду, справа мінулых гадоў), дзе юныя адпачывальнікі … проста сядзелі за партамі ў класе. Я не прыдумваю. Сумная была карціна, якую дапаўняў дождж за акном… А ў суседнім прышкольным лагеры дзеці разам з выхавальнікам у гэты час гулялі ў азартную гульню. Смех стаяў на ўсю школу. 

Вось табе і выдзеленае фінансаванне. Вось і падрыхтоўка да аздараўленчага сезона. Абодва прышкольныя лагеры рыхтаваліся да летніх канікул, але ў першым да яго арганізацыі падышлі фармальна, раз не здолелі заняць вольны час дзяцей падчас дажджу. І самае сумнае ў тым, што, помніцца, начальнік лагера не бачыла праблемы ў тым, каб дзеці такім чынам перачакалі дождж. А ў другім лагеры добра разумелі, што чэрвень можа выдаць сюрпрызы надвор’я, і падрыхтавалі лю­дзей, якія здолеюць справіцца з гэтай праблемай.

Такое вось яно рознае, дзіцячае шчасце. І нам, дарослым, даўно пара зразумець, што яно зале­жыць толькі ад нас. Тым, хто яшчэ гэта не ўсвядоміў.