Дзіцячы сад і школа: асновы пераемнасці

- 13:49Адукацыйная прастора

Яшчэ В.А.Сухамлінскі заўважыў: “Ад таго, як будзе адчуваць сябе дзіця, падымаючыся на першую прыступку лесвіцы пазнання, што яно будзе перажываць, залежыць увесь далейшы шлях да ведаў”.

Сучасныя сацыякультурныя ўмовы патрабуюць забеспячэння бесперапыннасці адукацыі дзіцяці з улікам яго індывідуальных асаблівасцей, патрэб сям’і і грамадства. Пры гэтым неабходнай умовай бесперапыннасці адукацыі з’яўляецца пераемнасць, якая на сучасным этапе заключаецца ва ўстанаўленні адзінай лініі развіцця асобы на сумежных узроўнях адукацыі.

Яслі-сад № 5 Светлагорска з 1992 года супрацоўнічае ў пытаннях пераемнасці з сярэдняй школай № 11. Для нас адной з найважнейшых задач, якія патрабу­юць комплекснага вырашэння, з’яўляецца стварэнне адзінага адукацыйнага працэсу, які злучае дашкольную і школьную адукацыю. Для гэтага ў нас створана прадметна-прасторавае асяроддзе, якое спрыяе рознабаковаму развіццю дашкольнікаў. Пры падборы выхавальнікаў для работы ў старшых групах улічваецца іх адукацыя, стаж педагагічнай работы, вопыт работы са старэйшымі дзецьмі.2

Перад пачаткам кожнага навучальнага года разам са школай мы складаем план сумеснай дзейнасці, дзе абавязкова вызначаем мэты супрацоўніцтва, сродкі забеспячэння пераемнасці, правы і абавязкі ўстановы дашкольнай адукацыі і школы на навучальны год.

Работу па пераемнасці арганізоўваем па трох асноўных напрамках: работа з дзецьмі, узаемадзеянне з педагогамі, супрацоўніцтва з бацькамі.

Асновай для паспяховай матывацыі старэйшых дашкольнікаў да школьнага навучання з’яўляецца работа, накіраваная на азнаямленне са школай. Яе формамі выступаюць заняткі адпаведнага зместу “На ўроку”, сюжэтна-ролевыя і творчыя гульні “Школа”, “Бібліятэка”. З мэтай фарміравання эмацыянальна станоўчых адносін да школы ў старшых групах арганізаваны цэнтр “Куток школьніка”, ёсць настольна-друкаваныя гульні па гэтай тэматыцы. Педагогамі актыўна выкарыстоўваюцца вучэбныя дапаможнікі “Умней-ка!”, “Мае першыя ўрокі”. Гульні і гульнявыя практыкаванні, якія мы выкарыстоўваем, спрыяюць развіццю ўмення працаваць у зададзеным тэмпе і даволі лёгка арыентавацца на аркушы паперы, што неабходна пры выкананні вучэбных заданняў да школы.

Штогод выхаванцы ўстановы ўдзельнічаюць у школьнай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў, наведваюць экскурсіі па школе: знаёмяцца са школьнай бібліятэкай, музеем, класамі пачатковай школы. Яны таксама ўдзельнічаюць у сумесных выставах, канцэртных праграмах, народных святах і іншых мерапрыемствах.

Дасягненню пераемнасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу садзейнічае практыка-арыентаваная і адрасная метадычная работа з настаўнікамі пачатковых класаў і выхавальнікамі дашкольных устаноў. Гэта ажыццяўляецца праз правядзенне практыкуму для педагогаў па тэме “Рыхтуем дзяцей да школы”, педагагічнага савета, які праходзіць у маі па выніках работы ўстановы адукацыі за навучальны год.

Без цеснай узаемасувязі з сям’ёй немагчыма паўнавартаснае развіццё дзіцяці. У нашай установе работа з бацькамі вядзецца на працягу ўсяго навучальнага года. У пачатку года праводзіцца анкетаванне бацькоў будучых першакласнікаў “Гадуем будучага школьніка”. Затым арганізоўваецца бацькоўскі сход, дзе асноўнымі пытаннямі з’яўляюцца падрыхтоўка дзіцяці да школы, развіццё яго пазнавальных і творчых здольнасцей. Асаблівай папулярнасцю ў бацькоў карыстаецца дзень адкрытых дзвярэй, які ва ўстанове традыцыйна праходзіць у маі. Асабліва важныя для татаў і мам адкрытыя заняткі ў старшых групах, калі можна адзначыць поспехі або цяжкасці дзяцей, бліжэй пазнаёміцца з патрабаваннямі да навучання ў школе.

У мэтах забеспячэння пераемнасці ў рабоце з сем’ямі, у якіх непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, арганізавана сумесная работа ўстаноў адукацыі па пытанні ажыццяўлення прафілактыкі для ліквідацыі прычын недабрабыту ў сем’ях. Найбольш эфектыўнымі формамі такой работы з’яўляюцца сумеснае правя­дзенне пасяджэнняў педагагічных саветаў устаноў адукацыі, распрацоўка этапаў работы з законнымі прадстаўнікамі і непаўналетнімі, адсочванне дынамікі развіцця сем’яў, сацыяльны патранат, правя­дзенне пасяджэнняў сямейнага клуба “Ветразь надзеі” для сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, мнагадзетных, няпоўных, апякунскіх сем’яў, вядзенне ўлікова-прафілактычных спраў непаўналетніх з наступнай перадачай у школу.

Хочацца адзначыць яшчэ адзін напрамак, які аб’ядноўвае школу № 11 і нашу ўстанову, — гэта музычнае выхаванне дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Мэта нашай установы — выяўленне і развіццё музычных і творчых здольнасцей дзяцей, таму мэтазгодным рашэннем стала арганізацыя і штогадовае правядзенне музычнага конкурсу песеннай творчасці “Залаты салавей”, накіраванага на выяўленне юных талентаў і іх падтрымку. За пяць гадоў правядзення конкурсу мы змаглі адкрыць і развіць талент дзяцей, дасягнулі таго, што работа знайшла свой далейшы працяг: амаль усе дзеці з музычнымі здольнасцямі паспяхова навучаюцца ў музычных класах музычнага аддзялення сярэдняй школы № 11.1,1

Час паказаў, што рамкі конкурсу сталі вузкімі, таму што ў таленавітых дзяцей абавязкова павінны быць таленавітыя бацькі і таленавітыя педагогі. Наступным крокам у развіцці музычнай творчасці стала правядзенне конкурсу “Мінута славы”, удзельнікамі якога сталі дзеці, бацькі і педагогі. З кожным годам такіх зорачак і зорак станавілася ўсё больш, а гарэлі яны ўсё ярчэй. Таму нядзіўна, што конкурс цяпер называецца “Зарапад”. Мы радуемся таму, што выхаванцы праяўляюць свае таленты ў музычных класах школы, удзельнічаюць у канцэртных праграмах, вакальных і фальклорных калектывах, выступаюць як у школе, так і ва ўстановах культуры горада і раёна і нават за межамі краіны. Мы ганарымся поспехамі дзяцей з сям’і Коваль, усе дзевяць дзяцей якой — выхаванцы нашай установы адукацыі і сярэдняй школы № 11, прычым большасць дзяцей паспяхова вучацца ў музычных класах школы. Музыка назаўсёды пасялілася ў душах гэтых дзяцей, паколькі з нараджэння яна гучыць у іх сям’і: у песнях уласнага напісання вельмі таленавітай бабулі Надзеі Іосіфаўны, маці і бацькі, у сумесных хатніх канцэртах, удзельнікамі якіх з’яўляюцца ўсе — і дарослыя, і дзеці. Прычым яны ўмеюць не толькі спяваць, але і іграць на розных інструментах.

Радуемся мы і таму, што для некаторых выпускнікоў нашай установы адукацыі і музычнага аддзялення школы музыка стала сэнсам іх жыцця, прафесіяй.

У нас склалася цудоўная традыцыя — правядзенне пасяджэнняў сямейнага клуба “Напоўнім музыкай сэрца”, якому ўжо 10 гадоў. Назва клуба ёміста перадае мэту і змест нашых сустрэч — спрыяць зносінам і асвеце дзяцей, бацькоў і педагогаў сродкамі музычнага мастацтва і музычнай культуры. Нязменнымі гасцямі клуба з’яўляюцца выпускнікі нашага дзіцячага сада і настаўнікі музычнага аддзялення сярэдняй школы № 11. Яны далучаюць удзельнікаў клуба да свету музыкі праз знаёмства з творчасцю вялікіх кампазітараў, з рознымі жанрамі музычнага мастацтва, радуюць сваімі дасягненнямі ў песеннай творчасці, ігры на музычных ін­струментах. Нашы бацькі і госці за гэтыя гады ў рамках клуба сталі ўдзельнікамі музычных віктарын, конкурсаў, тэматычных і інтэграваных заняткаў, выстаў і прэзентацый, панарамных выступленняў выпускнікоў дзіцячага сада розных гадоў — цяперашніх навучэнцаў музычнага аддзялення сярэдняй школы № 11.

У выніку дакладна спланаванай работы нашы таленавітыя выпускнікі працягваюць сваю музычную адукацыю ў школе мастацтваў, з’яўляюцца ўдзельнікамі вакальнага ансамбля “Фантазія”, фальк­лорнага ансамбля “Валошкі”.

Зацікаўленасць школы, установы дашкольнай адукацыі і бацькоўскай грамадскасці дазваляе эфектыўна вырашаць пытанні пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі, рабіць пераход з дзіцячага сада ў школу лёгкім і паспяховым.

Галіна КОСТКА,
загадчыца ясляў-сада № 5 Светлагорска.