Дзве акцыі — адна Перамога

- 11:50Актуально, Апошнія запісы

17 красавіка на сталічнай плошчы Перамогі пад гукі ваеннага аркестра (а яшчэ пад моцным дажджом і яркім сонцам) прайшоў урачысты мітынг з нагоды старту рэспубліканскай грамадзянска-патрыятычнай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Акрамя беларускіх педагогаў, навучэнцаў, ветэранаў, на мітынгу прысутнічалі і расійскія госці — удзельнікі міжнароднай патрыятычнай акцыі “Цягнік памяці”.

Дзве акцыі, дзве краіны, але агульная гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, адна плошча, названая ў гонар агульнай Перамогі… Урачысты мітынг нездарма стаў своеасаблівым патрыятычным міксам. Нягледзячы на розны фармат правядзення акцый, і “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, і “Цягнік памяці” аб’ядноўвае адно: фарміраванне ў навучэнскай моладзі павагі да подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, захаванне гістарычнай памяці, што асабліва актуальна ў 70-ю гадавіну Перамогі і Год моладзі.
Як паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур, акцыя “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” праводзіцца ва ўстановах адукацыі краіны ўжо не першы год і добра вядома педагогам і навучэнцам. У рамках праекта ў кожнай вобласці вызначаецца шэраг адметных сваёй гісторыка-культурнай спадчынай населеных пунктаў, якія ўдзельнікі акцыі і павінны наведаць. Па выніках падарожжаў ствараюцца відэафільмы, відэаролікі, фотакалажы. Сёлета тэматыка падарожжаў прымеркавана да юбілею Перамогі. Удзельнікі акцыі наведаюць у Брэсцкай вобласці Брэст, Баранавічы, Пінск, Камянец, Кобрын; у Гродзенскай — Гродна, Ліду, Навагрудак, Ваўкавыск, Слонім; у Мінскай — Мінск, Нясвіж, Барысаў, Слуцк, Маладзечна; у Віцебскай — Віцебск, Полацк, Паставы, Браслаў, Оршу; у Магілёўскай — Магілёў, Бабруйск, Шклоў, Мсціслаў, Горкі; у Гомельскай — Гомель, Рэчыцу, Жлобін, Мазыр, Ветку. З ходам рэалізацыі акцыі можна азнаёміцца на спецыяльнай старонцы сацыяльнай сеткі “УКантакце”.
Міжнародная патрыятычная акцыя “Цягнік памяці” праводзіцца ўрадам Калінінградскай вобласці на працягу 9 гадоў. З 2007 года актывісты патрыятычных аб’яднанняў самага ўсходняга рэгіёна Расійскай Федэрацыі наведалі не толькі Маскву, Санкт-Пецярбург, Курск, Тулу, Валгаград, Смаленск, але і Мінск, Брэст. На гэты раз прадстаўнікі 46 маладзёжных аб’яднанняў Калінінградскай вобласці ва ўзросце ад 16 да 22 гадоў праехалі па маршруце Калінінград — Масква — Мінск — Калінінград. Адметна тое, што разам з моладдзю ў падарожжа адправілася і каля 40 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
— Прыемна, што калінінградскія ветэраны, нягледзячы на паважаны ўзрост, вырашылі наведаць нашу краіну. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб знаёмства з беларускай зямлёй стала для іх прыемнай нечаканасцю. Каля кожнага вагона пасажыраў цягніка памяці на мінскім пероне сустракалі навучэнцы ў нацыянальных касцюмах, потым былі хлеб-соль, смачнае снеданне, мітынг, запамінальныя экскурсіі. Нягледзячы на не самае ўтульнае надвор’е, расійскія сябры адзначылі высокі ўзровень арганізацыі сустрэчы, — дзеліцца Лідзія Андрэеўна Жур.
Пасажыраў цягніка памяці суправаджалі 150 беларускіх навучэнцаў і 6 ветэранаў. Гэта былы партызан Яўген Васільевіч Мікульчык, першы намеснік старшыні Рэспубліканскага савета ветэранаў Міхаіл Дзмітрыевіч Жукоўскі, удзельнік штурму Берліна член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Уладзіміравіч Іваноў, франтавік Міхаіл Сямёнавіч Шашкоў, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Анатоль Аляксеевіч Адоньеў, старшыня Рэспубліканскага савета ветэранаў Анатоль Мікалаевіч Новікаў.
Разам з супрацоўнікамі аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь яны зрабілі ўсё магчымае, каб для расійскіх гасцей адзін дзень, праведзены на беларускай зямлі, стаў адным з самых памятных у жыцці. Акрамя мітынгу на плошчы Перамогі, удзельнікаў акцыі “Цягнік памяці” чакала экскурсія па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наведалі калінінградцы і мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.