Дзяржава будзе падтрымліваць тых, хто зрабіў выбар на карысць нараджэння дзяцей

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

2016 год мае шанс увайсці ў гісторыю Беларусі не толькі тым, што ўпершыню з моманту атрымання незалежнасці дасягнуты натуральны прырост насельніцтва (на гэтым зрабіў акцэнт у сваім навагоднім звароце Прэзідэнт Беларусі), але і новым рэкордам па колькасці дзяцей, якія з’явіліся на свет. Якая дынаміка нараджальнасці, чым характарызуюцца рэпрадуктыўныя паводзіны беларусаў — гэтыя і іншыя пытанні сталі прадметам вывучэння ў новым даследаванні, асноўныя папярэднія вынікі якога прадаставілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Як вядома, нараджальнасць — адзін з найважнейшых кампанентаў узнаўлення насельніцтва, таму менавіта на стымуляванне нараджальнасці была накіравана дэмаграфічная палітыка дзяржавы ў апошняе дзесяцігоддзе, прыняты беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сем’яў з дзецьмі.

Трэба нагадаць, што з канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя колькасць народжаных у краіне дзяцей зніжалася, дасягнуўшы мінімуму ў 2003 годзе, калі нарадзіліся толькі 88,5 тысячы дзяцей, а агульны каэфіцыент нараджальнасці склаў 9 праміле. Потым пачалося паступовае павышэнне асноўных паказчыкаў нараджальнасці. І ў 2015 годзе ў параўнанні з 2000-м колькасць нованароджаных узрасла на 27 працэнтаў да 119 тысяч дзяцей — гэта найвышэйшы паказчык з 1993 года.

Дасягнуты ў краіне ўзровень нараджальнасці адпавядае сярэднім еўрапейскім паказчыкам. Паводле статыстычных даных, у 2014 годзе ўзровень нараджальнасці ў Беларусі быў вышэйшы, чым у іншых краінах Усходняй Еўропы, а таксама ў найбліжэйшых суседзяў — Украіны (1,5), Літвы (1,63), Латвіі (1,65), Польшчы (1,29), але ніжэйшы, чым у Расіі (1,75), а таксама краінах з ужо традыцыйна высокім па еўрапейскіх мерках узроўнем нараджальнасці — Францыі (1,98), Швецыі (1,88), Ісландыі (1,93), Ірландыі (1,95) і іншых.

Айчынная статыстыка таксама сведчыць аб павышэнні інтэнсіўнасці нараджэння другіх, трэціх і наступных дзяцей.

У выніку павышэння інтэнсіўнасці нараджэння другога і наступных дзяцей удзельная вага першынцаў скарацілася да 42,8 працэнта, адпаведна, доля другіх дзяцей павялічылася да 40,5 працэнта, трэціх і наступных — да 16,8 працэнта ад агульнай колькасці нованароджаных.

Яшчэ адна важная пазітыўная тэндэнцыя — у апошнія гады змяншаецца колькасць і доля пазашлюбных дзяцей: калі ў 2005 годзе кожнае чацвёртае дзіця было народжана па-за шлюбам (24,2 працэнта), то да 2015 года іх удзельная вага знізілася да 13,8 працэнта. Гэта сведчыць аб павышэнні значнасці афіцыйна зарэгістраванага шлюбу.

Як паказваюць шматлікія сацыялагічныя даследаванні, жаданне мець двух дзяцей застаецца пераважным на працягу многіх гадоў. І значыць, аб’ектыўна ёсць рэзерв павышэння нараджальнасці на аснове рэалізацыі індывідуальных намераў сем’яў.

Чаму пры рэпрадуктыўным намеры нарадзіць двух дзяцей сем’і ўсё ж выбіраюць аднадзетнасць? Прычыны розныя, яны абумоўлены ў першую чаргу эканамічнымі фактарамі (недастатковая забяспечанасць сем’яў жыллём, зніжэнне ўзроўню жыцця пры з’яўленні дзіцяці), праблематычнасцю сумяшчэння мацярынства і бацькоўства з працоўнай дзейнасцю (абмежаванае прапанаванне аб’ёму і відаў паслуг па доглядзе, развіцці дзяцей, асабліва малодшага дашкольнага ўзросту, неразвітая практыка прымянення гібкіх форм і відаў занятасці, нізкая ступень уключанасці жанчын, якія выхоўваюць дзяцей да 3 гадоў, у рынак працы), гендарным дысбалансам у пытаннях размеркавання сямейных і бацькоўскіх абавязкаў.

Прынята лічыць, што рэпрадуктыўныя паводзіны звязаны выключна з сацыяльнымі трансфертамі. Аднак асноўнай крыніцай даходаў для насельніцтва з’яўляецца заработная плата. Разам з тым значнасць сацыяльных трансфертаў высокая ў перыяд, калі жанчына традыцыйна спыняе прафесійную актыўнасць у сувязі з водпускам па доглядзе дзіцяці.

Нарадзіць або не нарадзіць дзіця — кожная сям’я сама робіць свой выбар. Дзяржава ж і ў далейшым, як бы ні было складана, будзе падтрымліваць тых, хто зрабіў выбар на карысць нараджэння дзяцей, запэўніў Прэзідэнт Беларусі ў навагоднім звароце.

Алена ПРУС, БелТА.