У Беларусі на 1 лістапада бягучага года адкрыта 27 227 дэпазітных рахункаў на сямейны капітал у ААТ “ААБ Беларусбанк” на агульную суму звыш $272 млн, паведаміла на прэс-канферэнцыі галоўны спецыяліст аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Комлік.
У Беларусі з 1 студзеня 2015 года ўведзены сямейны капітал — новы від доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем’яў (адначасовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры $10 тысяч пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей). Грашовыя сродкі прадастаўляюцца сем’ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб’ёме або па частках у безнаяўным парадку — па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і.
Паводле слоў спецыяліста, у краіне будзе прадоўжана выкарыстанне створаных механізмаў падтрымкі сям’і — фарміраванне сямейнага капіталу, аказанне матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем’ям да навучальнага года, прадастаўленне шырокага спектра сацыяльных паслуг сем’ям з дзецьмі і інш. У 2016—2020 гадах сямейная палітыка накіравана на захаванне дасягнутых паказчыкаў нараджальнасці, умацаванне інстытута сям’і. Гэта прадугледжана падпраграмай “Сям’я і дзяцінства” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на бягучую пяцігодку.
Паводле даных апошняга перапісу насельніцтва, у Беларусі налічваецца 1,2 млн сем’яў з дзецьмі. Сістэма дзяржаўнай падтрымкі ўключае 11 відаў дапамог — выплаты атрымліваюць больш за 30 працэнтаў сем’яў з дзецьмі, а дапамогу на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў атрымлівае практычна 100 працэнтаў сем’яў з малышамі гэтага ўзросту. Расходы дзяржавы на выплату дапамог сем’ям з дзецьмі ў 2015 годзе склалі 2 працэнты ВУП. “Па індэксе мацярынства Беларусь лідзіруе сярод краін СНД, у тым ліку і таму, што ў рэспубліцы рэалізоўваюцца беспрэцэдэнтныя меры падтрымкі сем’яў з дзецьмі, дзейнічае эфектыўная сістэма прававых гарантый і льгот”, — рэзюмавала спецыяліст.
Прадстаўнік Міністэрства працы і сацыяльнай абароны таксама падкрэсліла на прэс-канферэнцыі, што вялікая работа вядзецца ў краіне і па процідзеянні насіллю ў сям’і, абароне сям’і і дзяцей, якія апынуліся ў крызісным становішчы.
Так, спецыяліст адзначыла, што колькасць крызісных пакояў у Беларусі з 2011 года павялічылася ў 4 разы.
На 1 кастрычніка бягучага года ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) адкрыты 121 крызісны пакой на 361 ложка-месца, уключаючы 101 для дзяцей, у тым ліку да 3 гадоў. За дзесяць месяцаў паслугі на іх атрымалі 290 чалавек.
Крызісны пакой — спецыяльна абсталяванае памяшканне, якое прызначана для часовага пражывання людзей, якія знаходзяцца ў крызісным стане (канфліктуюць з іншымі членамі сям’і, зведалі псіхафізічнае насілле, сталі ахвярамі гандлю людзьмі, пацярпелі ад злачыннай дзейнасці і г.д.). Паслуга часовага прытулку для гэтых катэгорый грамадзян бясплатная.
Алена Комлік праінфармавала, што ў выніку рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі па забеспячэнні гендарнай роўнасці і процідзеяння дамашняму насіллю сетка крызісных пакояў пашырылася, яны аснашчаны сучасным абсталяваннем. Як адзначыла спецыяліст па праграмнай дзейнасці Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі Вольга Лукашкова, вялікія рэсурсы накіроўваюцца дзяржавай на аснашчэнне крызісных пакояў, арганізацыю іх работы, навучанне спецыялістаў. “Аднак патэнцыял крызісных пакояў задзейнічаны не ў поўным аб’ёме. Назіраюцца розныя падыходы да ўмоў пражывання, прыёму тых, хто звярнуўся, пераліку паслуг. Трэба таксама ўзмацніць міжведамаснае ўзаемадзеянне”, — лічыць Вольга Лукашкова.
“Праблема дамашняга насілля характэрна не толькі для Беларусі — уся сусветная супольнасць паслядоўна дзейнічае ў барацьбе з ёй, у тым ліку ў рамках гендарнай палітыкі. У Беларусі рэалізаваны ўжо чатыры нацыянальныя планы па забеспячэнні гендарнай роўнасці, распрацаваны праект пятага плана. Ва ўсіх гэтых дакументах вялікая ўвага ўдзяляецца процідзеянню сямейнаму насіллю. У цэлым у Беларусі зроблена шмат на заканадаўчым і практычным узроўнях для прадухілення дамашняга насілля і абароны пацярпелых”, — рэзюмавала Алена Комлік.