Дзяржкантроль падрыхтаваў прапановы па павышэнні эфектыўнасці галіны

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

КДК сфарміраваў прапановы па зніжэнні сабекошту жыллёва-камунальных паслуг у Беларусі на 7,3 працэнта. Вынікі кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў па абгрунтаванасці фарміравання затрат на ЖКП для насельніцтва разглядаліся на калегіі Камітэта дзяржкантролю.

Як падкрэсліў старшыня КДК Леанід Анфімаў, зніжэнне затрат у арганізацыях ЖКГ — прыярытэтная задача, якую неабходна вырашаць усёй вертыкалі ўлады, пачынаючы ад Савета Міністраў да старшынь райвыканкамаў. Аб прыняцці эфектыўных мер у гэтай сферы неаднаразова гаварыў кіраўнік дзяржавы, і КДК удзяляе гэтаму напрамку асаблівую ўвагу.

“Камітэту двойчы давалася даручэнне ўсебакова вывучыць парадак фарміравання тарыфаў, знайсці ўнутраныя рэзервы ў самой сістэме, максімальна выкарыстоўваючы якія можна было б істотна павялічыць акупнасць затрат, не перакладаючы іх непасільным грузам на людзей”, — адзначыў Леанід Анфімаў.

У структуры плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі ў зімовы перыяд у сярэднім 30,9 працэнта займае плата за цеплазабеспячэнне. У сувязі з гэтым у першую чаргу прапановы камітэта накіраваны на павышэнне эфектыўнасці работы энергетычнай і водаправоднай гаспадаркі. Так, паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю за работай галін у сферы матэрыяльнай вытворчасці КДК Станіслава Наркевіча, прапануецца ліквідаваць неэфектыўныя кацельні шляхам пераключэння нагрузак на іншыя цеплакрыніцы. Усяго ў краіне налічваецца больш за 300 такіх аб’ектаў, на асобных з іх сабекошт цеплаэнергіі ў 3—6 разоў перавышае сярэдні па сістэме ЖКГ.

Асноўнай прычынай звышнарматыўных страт і павелічэння затрат на паслугі з’яўляецца нездавальняючы стан цеплавых сетак. Нягледзячы на высокі знос, запланаваныя аб’ёмы замены не выконваюцца. Аналагічная сітуацыя складваецца і па сетках водазабеспячэння і каналізацыі. Страты ў сетках водазабеспячэння ў цэлым па краіне ў 2016 годзе склалі 18 працэнтаў пры ўстаноўленым Мінжылкамгасам нарматыве 12 працэнтаў.

Таксама, на думку КДК, неабходна павышаць эфектыўнасць нарыхтоўкі і выкарыстання мясцовых відаў паліва. Часта прадпрыемствы выкарыстоўваюць пераўвільготненыя дровы і трэскі, што прыводзіць да нерацыянальнага і неэфектыўнага іх выкарыстання. Знізіць не менш як на 20 працэнтаў затраты на закупку драўнянай сыравіны магла б нарыхтоўка ўласнымі сіламі прадпрыемстваў ЖКГ. Гэтыя разлікі пацвярджае практычны эксперымент, праведзены ў Чавускім раёне.

Асобныя прапановы тычацца ўдасканалення нарматыўнай базы, у прыватнасці па фарміраванні тарыфаў у галіне абыходжання з камунальнымі адходамі, устанаўленні каэфіцыентаў да ставак падатку на нерухомую маёмасць і зямлю.

Паводле слоў намесніка старшыні КДК Уладзіміра Кухарава, рэалізацыя прапанаванага комплексу мерапрыемстваў, па папярэдніх разліках, дасць магчымасць зменшыць гадавыя затраты на жыллёва-камунальныя паслугі на суму амаль 220 млн рублёў і знізіць сабекошт паслуг на 7,3 працэнта.

У мінулым годзе дзяржаўныя кантралёры вывучылі пытанні фарміравання сабекошту ЖКП і ўнеслі прапановы па зніжэнні затрат. Іх рэалізацыя дала магчымасць знізіць у 2016 годзе затраты арганізацый на 16,5 працэнта, сэканоміць 267 млн рублёў.

“Праверкі ў бягучым годзе выявілі шматлікія недахопы і парушэнні. Да гэтага часу многія арганізацыі жывуць па затратным прынцыпе, разлічваючы на кампенсацыю сваіх страт з бюджэту. Мы падрыхтавалі прапановы па павышэнні эфектыўнасці галіны, якія плануецца рэалізаваць у 2017—2018 гадах”, — сказаў Уладзімір Кухараў.