Гімназія № 3 Баранавіч была створана на базе сярэдняй школы № 6 у 1992 годзе. На працягу агульнай 40-гадовай гісторыі навучальная ўстанова заўсёды знаходзілася на адукацыйным пульсе часу. Большасцю дасягненняў гімназія абавязана таленавітаму педагагічнаму калектыву на чале з дырэктарам Уладзімірам Мікалаевічам Разумовічам, які кіраваў ім 35 гадоў і толькі нядаўна пайшоў на заслужаны адпачынак.
Перш чым звярнуцца непасрэдна да публікацыі 20-гадовай даўнасці ў “Настаўніцкай газеце”, варта ўважліва прасачыць развіццё навучальнай установы за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў. У 1975 годзе школа становіцца рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па выкарыстанні тэхнічных сродкаў навучання і ўкараненні замкнёнай сістэмы тэлебачання. У 1976 годзе — першай установай у краіне, дзе была ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма кіравання па кантролі за ведамі вучняў. У 1978 годзе яна становіцца апорнай у БССР па пытаннях удасканалення вучэбна-выхаваўчага працэсу. У 1982 годзе на базе ўстановы адкрываюцца педагагічныя класы па падрыхтоўцы выхавальнікаў для дзіцячых садкоў. У 1985 годзе ў школе ствараюцца апорныя класы з практычным прымяненнем мікракалькулятараў на ўроках. У 1986 годзе ва ўстанове ствараюцца кабінет працоўнага навучання для вучняў пачатковых класаў (адзіны ў краіне) і ўнікальная астранамічная абсерваторыя. У 1987 годзе адкрываюцца эсперыментальныя матэматычныя спецкласы, распрацоўваецца сістэма ўнутранай дыферэнцыяцыі. У 1992 годзе школа становіцца экалагічнай гімназіяй. У 95-м у гімназіі ўкараняецца новая тэхналогія Дальтон-план. У 1997 годзе ўстанова ўваходзіць у лік 500 школ Еўропы ў Міжнародным конкурсе пад эгідай ЮНЕСКА з даследчай работай “Экалагічна напружаныя зоны Баранавіч, уплыў аўтатранспарту на навакольнае асяроддзе”. У 1998 годзе ў гімназіі праводзіцца І Рэспубліканская канферэнцыя “Навакольнае асяроддзе, крыніца энергіі, развіццё і пераемнасць — глабальная задача ХХІ стагоддзя”. У 2010 годзе на базе гімназіі адкрываецца апорная пляцоўка па ўкараненні прынцыпу “роўны вучыць роўнага”. На працягу некалькіх гадоў выхаванцы навучальнай установы з’яўляліся чэмпіёнамі горада па хакеі з шайбай, шахматах сярод школьнікаў і баскетболе, чэмпіёнамі горада і вобласці ў спаборніцтвах па ваенізаванай гульні “Арляня”. Сярод гімназістаў шмат спартсменаў, пераможцаў розных навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд і творчых конкурсаў. І на гэтым пералік дасягненняў педагогаў і вучняў не заканчваецца.
— Уладзімір Мікалаевіч, чым абумоўлена такое насычанае жыццё навучальнай установы і выбар экалагічнага напрамку ў яе развіцці?
— Кожны кіраўнік навучальнай установы ведае, што поспех яе работы залежыць ад таго, наколькі паспяховымі будуць настаўнікі. Задача кіраўніка — стварыць належныя ўмовы для паспяховай работы ўсіх педагогаў. Да гэтага я імкнуўся заўсёды. Настаўнікі гэта адчувалі і адказвалі выдатнай работай.
У гімназіі існуе адладжаная сістэма стымулявання працы — і маральная, і матэрыяльная. Адміністрацыя ўстановы ніколі не засякала час, колькі адседзеў ці павінен адседзець настаўнік у гімназіі, калі работа ўжо зроблена. Педагогі не сядзелі па 3—4 гадзіны на педсаветах і пасяджэннях. Усё рабілася аператыўна і па-дзелавому.
Калі настаўнік мог адпачываць, то адпачываў. У гімназіі заўсёды цаніліся і праца настаўніка, і яго адпачынак. Прэміі назначаў дырэктар з намеснікамі, а не бухгалтэрыя па прынцыпе “ўсім пароўну”. Грошы, канечне, былі не вельмі вялікія, але ўсе прафесійныя дасягненні педагогаў абавязкова заўважаліся і аплачваліся. Даволі часта памер прэміяльных выплат у настаўнікаў перавышаў іх заработную плату.
Да экалагічнага напрамку работы гімназіі звярнуліся пасля доўгіх пошукаў настаўніцкага калектыву таго, як дайсці да душы і сэрца кожнага вучня. Педагогі паспяхова вучылі дзяцей формулам, правілам і навуковым фактам, а вось улюбіць вучняў у навакольнае асяроддзе і чалавека было істотнай праблемай. Вырашыць яе было прынята праз прыроду. Так узніклі экалагічныя класы, а ўстанова набыла экалагічны профіль, дарэчы, першая ў краіне. Настаўнікі распрацавалі вучэбныя дадаткі па сваіх прадметах з экалагічным ухілам, прычым так, каб, не павялічыўшы і без таго вялікую вучэбную праграму, напоўніць кожны ўрок тэмай любові да прыроды, Радзімы, чалавека.
— Не кожны кіраўнік можа стварыць узорную школу і паспяхова павесці за сабой калектыў на штурм адукацыйных барыкад. Як стварыць адметную ўстанову і запаліць педагогаў цікавымі ідэямі?
— Сапраўднага поспеху ў рабоце можа дасягнуць толькі калектыў аднадумцаў. У навучальнай установе павінен адчувацца карпаратыўны дух, прычым штодзень, а не па святах. І адчуваць яго павінен не толькі кіраўнік, але і педагогі, вучні і іх бацькі.
У настаўніцкай размяшчаўся толькі план работы на тыдзень і тэрміновыя аб’явы. Ніводнай лішняй паперкі, ніводнай крыўднай заўвагі настаўнікі ніколі не бачылі і не чулі. А вось нешта новае і цікавае заўсёды абмяркоўвалася. І тут вялікую ролю адыгрывае кіраўнік, задача якога — заўважыць настаўніка, які першы зацікавіўся пачутым, якому захацелася паехаць у камандзіроўку, на курсы павышэння кваліфікацыі, пайсці на семінар, купіць нешта нестандартнае, каб потым гэта паспрабаваць, укараніць, дасягнуць лепшых вынікаў. Менавіта таму педагогі авалодалі найлепшай, на маю думку, тэхналогіяй Дальтон-план, пабудавалі ўнікальную па сваёй канструкцыі астранамічную абсерваторыю і паспяхова пачалі рэалізоўваць нікім не паўтораны загад аб тым, як і калі непажадана ставіць вучню адзнакі 1, 2 і 3.
— За вашымі плячыма не толькі вялікі педагагічны, але і жыццёвы вопыт. Вы бачылі не адно пакаленне настаўнікаў, займаліся практычным вырашэннем розных праблем, якія стаялі перад айчыннай сістэмай адукацыі. Чым адрозніваецца школа тых жа 80-х гадоў мінулага стагоддзя ад сённяшняй? Ці моцна змяніліся педагогі ў прафесійным плане, чаго ім не хапае?
— Па-добраму здзіўляе хуткасць пераўтварэння знакамітых тэхнічных сродкаў навучання ў сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. За гэтай хуткасцю не заўсёды паспяваюць настаўнікі. Каб не выглядаць камічна перад вучнямі, трэба ісці ў нагу з часам.
Сучасны настаўнік павінен добра арыентавацца ў вялікім калейдаскопе методык. Валодаць неабходна ўсімі, а выбраць найлепшую. А галоўнае — трэба найперш любіць дзяцей і сваю работу.
Найбольш запомніліся “перабудовачныя” і 90-я гады. Былі негатыўныя моманты, але творчы парыў, якім была ахоплена тагачасная беларуская школа, адчуваў кожны настаўнік і кіраўнік. У той час і з’явіліся сённяшнія гімназii і ліцэі. Была распрацавана сістэма ўнутранай дыферэнцыяцыі і пакладзены пачатак профільнаму навучанню.
Калі параўноўваць педагогаў 80-х, 90-х і 2000-х гадоў, то, па маіх назіраннях, у прафесійным плане яны амаль не змяніліся. Мяняліся ўмовы работы, узнікалі новыя задачы, але прафесійны ўзровень настаўнікаў не зніжаўся.
— Якія праблемы з’яўляюцца найбольш актуальнымі для сучаснай школы і ў якім напрамку, па-вашаму, яна павінна рухацца?
— Сучаснай школе неабходны моцныя кадры. І за іх трэба змагацца. Настаўніцкая прафесія падабаецца да таго часу, пакуль малады чалавек не пачынае разумець, што павінен ведаць і ўмець рабіць педагог, якому за гэта не так ужо і шмат плацяць. Таму трэба смела ісці на натуральнае пазбаўленне школы ад усяго лішняга, што ніякім чынам не ўплывае на вучэбна-выхаваўчы працэс.
Прыкладам для назірання і нават капіравання лепшых педагагічных момантаў можа служыць эфектыўная дзейнасць рэпетытараў. Без прафесіяналізму ў педагогіцы рабіць няма чаго. Гэта вельмі важна для будучыні краіны, за гэта нашчадкі скажуць нам вялікі дзякуй.
І яшчэ. Лічу, што разам з вяртаннем профільнага навучання варта вярнуцца і да профільных навучальных устаноў — экалагічных, мастацкіх, лінгвістычных гімназій і г.д.
— Чаго, на вашу думку, не хапае сённяшнім кіраўнікам?
— Кіраўнікоў неабходна рыхтаваць мэтанакіравана. Добра, калі дырэктарамі школ становяцца лепшыя настаўнікі, калі існуе рэзерв кіраўніцкіх кадраў. Але нядаўна прызначаныя кіраўнікі трацяць шмат часу на авалоданне практычнымі ўменнямі кіраўніцкай дзейнасці. Гэта ў сучасных умовах недаравальная раскоша. У 80-я гады мінулага стагоддзя пры тагачасным Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага існаваў факультэт павышэння кваліфікацыі дырэктараў сярэдніх школ, які з’яўляўся выдатнай кузняй кіраўніцкіх кадраў.
Трэба прызнаць, што нават вопытным кіраўнікам сёння не хапае пэўнай свабоды ў дзейнасці. Кіраўнікі не могуць уплываць на развіццё сістэмы адукацыі краіны. Усё настолькі распісана за іх, што складваецца ўражанне, нібыта думаць увогуле не абавязкова. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Так, часопіс “Дырэктар школы, гімназіі, ліцэя”, створаны некалькі гадоў назад, вучыць кіраўнікоў выконваць інструкцыі. Выканаў — і ты лепшы. А дзе настаўнікі, вучні, іх бацькі?
У ідэале кожны дырэктар школы ці хаця б гімназіі/ліцэя павінен абавязкова прайсці праз аспірантуру і мець вучоную ступень кандыдата педагагічных/псіхалагічных навук.
— Звяртаючыся да публікацыі ў “Настаўніцкай газеце”, хочацца спытаць: “Якая ж сістэма ацэньвання лепшая — 5-, 10-бальная ці нейкая яшчэ?”
— Справа не ў сістэме ацэньвання, а ў тым, як вучыць, каб ні ў адной сістэме ацэньвання не было дрэнных адзнак. Ніхто не хоча прымаць на вучобу і работу троечнікаў, ніхто не хоча ісці на прыём да доктара- троечніка, аддаваць дзіця настаўніку-троечніку. Ад таго, колькі троечнікаў застанецца ў краіне, і залежыць наша будучыня.
— Ці прытрымліваецеся вы па-ранейшаму думкі, што дзяцей можна вучыць без “двоек”, “адзінак”, “нулёў”? Наколькі жыццяздольным, даўгавечным і апраўданым аказалася псіхолага-педагагічнае вынаходства педагогаў гімназіі па ўстрыманні ад выстаўлення нездавальняючых адзнак вучням?
— Педагогі гімназii рабілі першыя крокі на шляху навучання без нездавальняючых адзнак. Наша вынаходства з часам трансфармавалася ў 10-бальную сістэму ацэньвання, дзе, як вядома, нездавальняючых адзнак ужо няма. Ёсць нізкія (іх лічаць дрэннымі), але не нездавальняючыя. І сёння я ўпэўнены, што вучыць і выхоўваць дзяцей неабходна без “двоек”, “адзінак”, “нулёў”. І гэта цалкам магчыма.
— Існуе меркаванне, што дрэнная (нізкая) адзнака вучня — гэта найперш паказчык непрафесійнасці настаўніка? Ці згодны вы з гэтым?
— Безумоўна. Дастаткова зазірнуць на ўрок да настаўніка-прафесіянала. Мы там не знойдзем дрэнных адзнак.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.