Раскрыць патэнцыял кожнага

- 14:29"Настаўніцкай газеце" — 70

Першы клас, пачатковая школа — адзін з найважнейшых этапаў у жыцці кожнага дзіцяці. У гэты перыяд навучання педагогам асабліва важна не проста сфарміраваць у дзяцей падмурак ведаў для наступнай школьнай адукацыі, але і развіць цікавасць, матывацыю да вучобы. У газетным матэрыяле шасцідзесяцігадовай даўнасці чытачу быў прадстаўлены фотаздымак бабруйскай першакласніцы. Толькі пачаўшы навучанне, дзяўчынка дэманстравала свае матэматычныя ўменні, яна ўжо навучылася лічыць да пяці. Добры паказчык работы педагога. А як са школьнікамі пачатковага звяна працуюць сённяшнія бабруйскія настаўнікі? Чым кіруюцца ў працэсе развіцця іх здольнасцей?

—Адукацыя ў пачатковай школе з’яўляецца базай для ўсяго наступнага навучання. Ад сфарміраванасці гэтых агульных ведаў і навыкаў напрамую залежыць далейшая паспяховасць вучобы. Па гэтай прычыне ў школах горада асаблівае значэнне мае ўсебаковае развіццё вучняў малодшых класаў, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама Ірына Рынейская.
Увага ўдзяляецца кожнаму вучню. Педагогі імкнуцца ўжо з першага класа выявіць схільнасці дзяцей і пачаць іх развіваць. Для гэтага ў навучальных установах ёсць усе ўмовы. У школах, гімназіях створаны спецыяльныя сістэмы работы па развіцці інтэлектуальных, творчых, фізічных здольнасцей навучэнцаў. Многае робіцца і на гарадскім узроўні.Для вучняў пачатковай школы ў горадзе праводзяцца конкурс даследчых работ “Першыя крокі”, у рамках якога праходзіць яшчэ і “Кірмаш юных талентаў”, творчыя конкурсы беларускамоўных тэатраў і “Юны мастак”. Акрамя таго, маленькія бабруйчане паспяхова прымаюць удзел у абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах, фестывалях, канферэнцыях. Пэўных поспехаў у раскрыцці здольнасцей вучняў пачатковай школы дасягнулі сёння ў гарадской гімназіі № 3.
— Фарміраванне інтэлектуальных рыс характару актыўна адбываецца менавіта ў малодшым школьным узросце, таму ў нашай гімназіі вялікая ўвага ўдзяляецца ўключэнню навучэнцаў пачатковых класаў у праектную і творчую дзейнасць. Нароўні з гімназістамі яны пішуць і абараняюць свае праекты, удзельнічаюць у алімпіядным руху і інтэлектуальных спаборніцтвах, праяўляюць ініцыятыву і творчасць, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Севярын.
Трэцяя гімназія — установа з багатай гісторыяй. Мясцовы педагагічны калектыў змог сфарміраваць традыцыйныя і сучасныя падыходы навучання ў адзіную, цэласную сістэму. Ва ўстанове сапраўды стварылі атмасферу, якая ўвесь час трымае дзяцей у інтэлектуальным пошуку, дае ім магчымасць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці і галінах навук. Усё гэта найлепшым чынам спрыяе раскрыццю дзіцячых талентаў. Гімназісты штогод прывозяць у родную навучальную ўстанову прызавыя дыпломы з рознага ўзроўню спаборніцтваў і конкурсаў.Паводле слоў Святланы Севярын, дасягнуць сённяшняга выніку атрымалася дзякуючы карпатлівай працы па вызначэнні пазнавальных інтарэсаў і схільнасцей навучэнцаў.
— Псіхолагі гімназіі пры падтрымцы прадстаўнікоў аўтарскай групы “Рэферэнт” перыядычна праводзяць з навучэнцамі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, па выніках якога складаюцца індывідуальныя адукацыйныя маршруты кожнага навучэнца і даюцца адпаведныя рэкамендацыі педагогам. Сваю ролю ў развіцці здольнасцей дзяцей адыгрываюць таксама гімназічнае навуковае таварыства і ўнутрыўстаноўчы цэнтр па рабоце з адоранымі навучэнцамі, — патлумачыла Святлана Віктараўна.
У цэнтры па рабоце з адоранымі навучэнцамі працуюць з дзецьмі, матываванымі на ўдзел у алімпіядным руху. Лепшыя педагогі займаюцца тут у асноўным са старшакласнікамі і вучнямі сярэдняга звяна. Але ў сувязі з тым, што навучэнцы пачатковых класаў у трэцяй гімназіі вельмі актыўныя і ініцыятыўныя, для іх пры цэнтры функцыянуе спецыяльная падрыхтоўчая група. Яе на сённяшні дзень наведваюць 36 дзяцей, якія імкнуцца ў будучыні стаць пераможцамі рэспубліканскай і міжнародных алімпіяд.
Шмат прасторы для праяўлення сябе малодшым школьнікам прадастаўлена і ў рамках дзейнасці гімназічнага навуковага таварыства. Тут яно структурнае і падзяляецца на тры секцыі: у “Магістрат” уваходзяць настаўнікі, “Вялікая акадэмія” складаецца з вучняў 5—11 класаў, а “Малая акадэмія” — поле даследчага пошуку прадстаўнікоў пачатковых класаў.— На працягу года ў навуковым таварыстве праводзіцца тры канферэнцыі, у кожнай самы актыўны ўдзел прымаюць вучні пачатковай школы, — адзначае завуч гімназіі. — Але ўдзелам ва ўнутрыстаноўчых мерапрыемствах нашы малышы не абмяжоўваюцца. Яны заўсёды імкнуцца да дасягнення больш высокіх вынікаў. Настаўнікі такое імкненне толькі падтрымліваюць. Вынік адпаведны, — дадае Святлана Севярын.
Сапраўды, ганарыцца ёсць чым. Вучні пачатковых класаў гімназіі № 3 — пастаянныя прызёры гарадскога конкурсу “Першыя крокі”. Навучэнка Руслана Самачарнова ў мінулым навучальным годзе стала фіналісткай абласнога конкурсу “Я — даследчык”. Вучні-пачаткоўцы прымаюць удзел у Міжнароднай інтэрнэт-алімпіядзе “Эрудыты Планеты”. Сёлета да гэтага руху падключыліся дзве каманды з першых класаў!
Належнае значэнне ў Бабруйску надаюць і развіццю фізічных здольнасцей навучэнцаў пачатковай школы. Год назад у агульнаадукацыйных установах горада адкрыўся шэраг спецыялізаваных спартыўных класаў. У большасці сваёй у іх склад увайшлі менавіта навучэнцы малодшага школьнага ўзросту.
— Сёння ў нас функцыянуюць 11 спарткласаў. Напрамкі розныя: вольная барацьба, валейбол, плаванне, настольны тэніс, хакей, футбол, бокс, лёгкая атлетыка. Практычна ўсе класы былі створаны на базе пачатковай школы, — расказала начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Ірына Рынейская.У дзяцей, якія вучацца ў спарткласах, вучэбны дзень распісаны па хвілінах. Акрамя заняткаў па асноўных вучэбных прадметах, штодня ў іх праходзяць абавязковыя трэніроўкі. Як правіла, ажыццяўляюцца яны на базе дзіцячых спартыўна-юнацкіх школ, якія нароўні з агульнаадукацыйнымі ўдзельнічаюць у арганізацыі вучэбнага працэсу вучняў спартыўных класаў.
Навучэнцы 2 “Е” класа сярэдняй школы № 28 на штодзённую трэніроўку бягуць з энтузіязмам. За год навучання ў спарткласе валейбол яны паспелі палюбіць усёй душой.
Здавалася б, такіх малых вучыць гуляць у такі складаны від спорту, як валейбол, яшчэ вельмі рана. Трэнер-выкладчык ДЮСШ № 4 Людміла Каўрыга адзначае, што падчас стварэння спарткласа над гэтым доўга думалі, але потым вырашылі: менавіта ў такім юным узросце можна канчаткова сарыентаваць дзяцей на валейбол.
— У 4-м, 5-м класе ў дзяцей, акрамя нашага віду спорту, могуць быць і іншыя захапленні. У 1-м класе дзеткі — як чыстая старонка. Зараз нашы навучэнцы ўпэўнены: лепш, чым валейбол, занятку няма, — кажа Людміла Мікалаеўна.
За час вучобы ў спарткласе дзеці шмат чаму паспелі навучыцца. Яны ведаюць правілы, упэўнены на пляцоўцы і нядрэнна гуляюць у валейбол. Праўда, праходзіць гульня з аблегчанымі мячамі і пры апушчанай сетцы. Але, на думку трэнераў, галоўнае, што з асновамі гэтага віду спорту іх вучні ўжо знаёмы. Самі ж школьнікі ўжо нацэлены на чэмпіёнскія тытулы.
— Валейбол — самы прыгожы від спорту, а яшчэ ў нас лепшыя трэнеры. Калі мы вырасцем, станем чэмпіёнамі, будзем ездзіць у розныя краіны, перамагаць і атрымліваць за гэта кубкі і медалі, — з упэўненасцю кажуць вучні спарткласа Лера Якаўлева, Ягор Ягела, Насця Гаршкова і Косця Самсонік.
Як заўважаюць трэнеры, чэмпіёнамі, вядома, стануць не ўсе, але тое, што гэтыя дзеці вырастуць здаровымі, фізічна развітымі людзьмі, не менш важна.
Такім падыходам да работы кіруюцца ва ўсіх школах Бабруйска. Дасягненні, высокія вынікі — усё гэта значна. Але галоўнае для педагога — арыентавацца на раскрыццё патэнцыялу кожнага вучня.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.